"Культура павінна зарабляць сама"

Міністр культуры агучыў задачы для Гарадзеншчыны   



Міністр культуры Барыс Святлоў прыняў удзел у выніковай калегіі абласнога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, якая адбылася 8 лютага ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. Там ён агучыў задачы, якія стаяць перад рэгіёнам у Год культуры.  

На калегіі абмяркоўваліся вынікі працы ідэалагічнай вертыкалі, сферы культуры рэгіёну, СМІ, паліграфічных прадпрыемстваў, ішла гаворка аб этнаканфесійнай сітуацыі. Названыя дасягнення і хібы, вызначаны задачы для працы на наступны год.  

“Ёсць на Гродзеншчыне свае дасягненні. Я б хацеў адзначыць вялікую колькасць тэатральных пастановак, а таксама колькасць наведвальнікаў. Гэтыя паказчыкі — у тройцы лідараў па краіне. Ёсць і праблемы: гэта зарплата супрацоўнікаў культуры, якая зараз у сярэднім складае 3 млн рублёў. На жаль, у Гродзенскай вобласці не ўсе зараз маюць такую зарплату, — сказаў журналістам міністр.  

Пры гэтым Барыс Святлоў адзначыў, што культура ў Беларусі павінна зарабляць на сябе сама. І зарплата ў супрацоўнікаў культурных устаноў будзе павышацца толькі калі яны самі гэтага захочуць. Таксама мiнiстр закрануў праграму  "Замкі Беларусі". Яна будзе рэалізоўвацца і далей, згодна з планам яна дзейнічае да 2018 года. Зараз у яе ўваходзіць 38 аб'ектаў, у тым лiку гродзенскi Cтары замак. Фінансавацца праграма працягне за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.  

Барыс Святлоў агучыў і задачы для рэгіёну ў Год культуры. У першую чаргу, трэба вырашыць праблемы, якія засталіся з мінулых гадоў. Яны звязаны з музеямі Гродзеншчыны, а таксама з аб'ектамі, якія трэба вывучыць, ды з бібліятэкамі.     Барыс Святлоў асабліва адзначыў праект Гродзенскага ўніверсітэта "Жывая гісторыя".

Паводле: Твой стыль

Каментаваць