Курапацкія ахвяры набылі спакой

Увечары 10 чэрвеня ў Курапатах адбылося перапахаванне парэшткаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якія былі выкапаныя невядомымі вандаламі ў красавіку бягучага года. Экспертыза паказала, што парэшткі належаць пяці чалавекам і датуюцца 1937–1941 гадамі.

У палове на сёмую вечара ў Курапацкім лесе сабраліся некалькі дзесяткаў грамадскіх актывістаў, каб аддаць даніну памяці людзям, закатаваным у гэтым месцы сталінскімі апрычнікамі ў 1937–1941 гадах мінулага стагоддзя.



Увечары 10 чэрвеня ў Курапатах адбылося перапахаванне парэшткаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, якія былі выкапаныя невядомымі вандаламі ў красавіку бягучага года. Экспертыза паказала, што парэшткі належаць пяці чалавекам і датуюцца 1937–1941 гадамі.

У палове на сёмую вечара ў Курапацкім лесе сабраліся некалькі дзесяткаў грамадскіх актывістаў, каб аддаць даніну памяці людзям, закатаваным у гэтым месцы сталінскімі апрычнікамі ў 1937–1941 гадах мінулага стагоддзя.

Як распавёў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, на пачатку красавіка бягучага года невядомыя вандалы незаконна ўскрылі ў Курапатах два магільнікі, на адным з іх была даволі вялікая колькасць косных парэшткаў, якія ў ходзе крымінальнае справы, узбуджанай па факце акта вандалізму, былі вынятыя для правядзення судова-медыцынскай экспертызы.

«На мінулым тыдні са мною звязаліся супрацоўнікі аддзелу папярэдняга дазнання Мінскага абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў і папрасілі забраць парэшткі, над якімі праводзілася экспертыза, для іх далейшага перапахавання, — кажа Антон Астаповіч. — Са слоў супрацоўнікаў абласнога аддзела ўнутраных спраў, экспертыза паказала, што гэта косныя парэшткі пяці чалавек, і датуюцца яны менавіта тым перыядам, якім датуюцца пахаванні ў Курапатах, — 1937–1941 гадамі».

Па словах Антона Астаповіча, які праходзіць па справе ў якасці сведкі, зараз гэту крымінальную справу вядзе Мінскае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, але інфармацыі пра ход расследавання вельмі мала. Што да таго, ці знойдуць злачынцаў, якія здзейснілі красавіцкі акт вандалізму ў Курапатах, то тут старшыня Таварыства аховы помнікаў не цешыцца ілюзіямі.

«У звязку з тым, што колькі ўжо было крымінальных спраў, у мяне слабы спадзеў на тое, што злачынцы будуць знойдзены, — адзначае Антон Астаповіч. — Па вялікім рахунку, па тых уліках — а гэта пэўныя апалкі, сляды — цяжка шукаць зламыснікаў у двухмільённым горадзе, а можа ўвогуле ў дзесяцімільённай Беларусі».

Што да стаўлення дзяржавы да «народнага мемарыяла» ў Курапатах, то, па словах Антона Астаповіча, ахова тут толькі перыядычная з заездамі аўтапатрулёў; у чарговы раз адмоўлена ў прыцягненні да пешага патрулявання вайскоўцаў міліцэйскай брыгады 3310, якая базуецца ў ваколіцы. «Так што ўсё застаецца на старым узроўні, і ўвогуле, перспектыў па ўсіх справах у Курапатах пакуль не бачна», — лічыць грамадскі актывіст.

Антон Астаповіч заклікаў людзей, якім неабыякавы лёс Курапатаў, дапамагчы зрабіць поўную навуковую інвентарызацыю гэтага ўрочышча з усімі элементамі «народнага мемарыяла», каб дабіцца ад уладаў афіцыйнага статуса не толькі гэтага месца як урочышча, але ж і самога створанага людзьмі мемарыяла.

Антон Астаповіч падкрэсліў, што гэтым разам Міністэрства культуры Беларусі спрацавала вельмі хутка і без зацягванняў і залішняй бюракратыі выдала дазвол на перазахаванне парэшткаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у тым месцы, дзе быў здзейснены акт вандалізму...

Каля так званай Курапацкай Галгофы святар аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч правёў жалобнае набажэнства, пасля чаго чорную скрыню з парэшткамі бязвінна забітых апусцілі ў магілу, да якой прысутныя ўсклалі кветкі і паставілі запаленыя знічкі і лампадкі.

Але перад гэтым адбыўся не вельмі прыемны інцыдэнт: на месцы падзеяў з’явіўся мінёр у званні падпалкоўніка міліцыі, які з дапамогай спецыяльнага прыстасавання даследаваў скрыню з парэшткамі на прадмет наяўнасці ў ёй выбуховых рэчываў. За ўсім, што адбывалася ў гэты вечар у Курапатах, у прынцыпе, як і заўжды, калі там нешта ладзіць грамадскасць, пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі, а таксама невядомыя ў цывільным. Дарэчы, гэтым разам ніхто з іх не пасмеў адабраць у прысутных бел-чырвона-белы сцяг.
 

Каментаваць