Курапаты — справа дзяржавы і грамадскасці

20 лістапада пад старшынствам кандыдата гістарычных навук, сябра міжнароднага таварыства «Мемарыял» Ігара Кузняцова адбылося пасяджэнне «круглага стала» «Курапаты — праз 20 гадоў».

Грамадскасць сабрала публікацыя ў газеце «СБ — Беларусь сегодня» 29 кастрычніка 2009 года рэдакцыйнага артыкула Паўла Якубовіча «Куропаты: мир под соснами» і матэрыялаў дыскусіі, водгукі на якія «НЧ» прапанаваў у № 43.



20 лістапада пад старшынствам кандыдата гістарычных навук, сябра міжнароднага таварыства «Мемарыял» Ігара Кузняцова адбылося пасяджэнне «круглага стала» «Курапаты — праз 20 гадоў».

Грамадскасць сабрала публікацыя ў газеце «СБ — Беларусь сегодня» 29 кастрычніка 2009 года рэдакцыйнага артыкула Паўла Якубовіча «Куропаты: мир под соснами» і матэрыялаў дыскусіі, водгукі на якія «НЧ» прапанаваў у № 43.

Прадстаўнік «СБ» Іван Кірыленка, які рыхтаваў да друку тыя сенсацыйныя матэрыялы, не здолеў прысутнічаць на грамадскім «круглым стале». Таму ацэнку публікацыі давялося рабіць без дыялога з яе ініцыятарамі ў «СБ».

Увагу ўсіх сабраных — гісторыкаў, палітыкаў, пісьменнікаў, мастакоў, грамадзянскіх дзеячаў — звярнула дата з’яўлення артыкула. Гэта дзень, калі ў памяць масавага расстрэлу 29 кастрычніка 1937 года арыштаваных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў у Беларусі неафіцыйна ўшаноўваецца памяць ахвяр палітычных рэпрэсій.

«Публічнае прызнанне газетай прэзідэнцкай адміністрацыі факту знішчэння нявінных людзей у Курапатах сёння выглядае як вярхоўная санкцыя, — пракаментаваў падзею для «НЧ» Ігар Кузняцоў. — Яно дае магчымасць грамадскім арганізацыям паслядоўна рабіць наступныя крокі. Па-першае, звяртацца ў КДБ пра адкрыццё доступу да звязаных з рэпрэсіямі дакументаў (спраў, пастаноў, даведак па выкананні прысудаў) і пра ўдакладненне спісаў пакараных, а пры магчымасці — катаў. Да Савету Міністраў мусіць быць накіраваны запыт з нагоды выканання ўласнай пастановы, прынятай яшчэ 18 студзеня 1989 года «Пра ўвекапомненне ахвяр масавых рэпрэсій 1937–1941 гг. у лясным масіве Курапаты», што складалася з пяці пунктаў. Ніводны з іх за 20 гадоў цалкам не ўвасобіўся ў жыццё. Замест помніка ва ўрочышчы з’явілася толькі шыльда са спавяшчэннем пра намер яго пабудаваць, конкурс спыніўся на першым этапе, сродкі на ўпарадкаванне тэрыторыі і фінансаванне работ завіслі ў паветры, рабочая група па вывучэнні прычын і наступстваў масавых рэпрэсій, створаная пры Інстытуце гісторыі НАН, не дзейнічае, энцыклапедычнае выданне з мэтай ушанавання памяці закатаваных і забітых так і не падрыхтавана. Фактычна, дзяржава не выканала ўзятыя на сябе абавязкі».

З’яўленне матэрыялаў у «СБ», аднак, не зняло многіх балючых пытанняў, а некаторыя заблытала. Далёка не ўсе рэпрэсаваныя рэабілітаваны — даследчыкі мяркуюць, што гэтыя страшныя лічбы суадносяцца як прыблізна 650 і 180 тысяч. Застаецца неабходнасць аднаўлення імёнаў ахвяр.

Што датычыцца Курапат, то дагэтуль дакументальна названыя толькі два прозвішчы палеглых: беларускія дакументы, у адрозненне ад архіваў расійскага ФСБ, застаюцца закрытымі. І сімвалам прымірэння паміж ахвярамі і катамі Курапаты ніколі не зробяцца хоць бы таму, што нават рэпрэсаваных «сталінскіх сокалаў» ніколі не расстрэльвалі разам з «простым людам». Па словах даследчыка сталінскіх рэпрэсій у Беларусі Леаніда Маракова, прысуд да большасці асуджаных на смерць супрацоўнікаў НКУС (а нядаўняе юбілейнае выданне «Щит и меч Отечества» называе па ўсім СССР іх лічбу ў 20 тысяч) прыводзіўся ў выкананне ў Маскве.

Курапаты могуць паслужыць мемарыялам толькі для мірных грамадзян, і напачатку — сімвалам больш чым 100 месцаў у 48 населеных пунктах Беларусі, дзе ў сталінскія часы масава знішчаліся людзі. Месцаў, дагэтуль не прызнаных дзяржавай. Толькі ў Мінску масавых катоўняў пад адкрытым небам налічваецца каля дзесяці — у Драздах, Парку Чалюскінцаў, Трасцянцы…

У Драздах ляжаць каля 10 тысяч расстраляных немцамі савецкіх ваеннапалонных, якіх афіцыйная гісторыя таксама не рэабілітавала, дагэтуль трактуючы як здраднікаў. Пакуль не ўдакладнена колькасць ахвяр савецкіх рэпрэсій у Трасцянцы, а канцэпцыя нядаўна завершанага конкурсу па мемарыялізацыі гэтага месца апошняга спачыну 200 тысяч закатаваных сталіністамі і фашыстамі па-ранейшаму разглядае яго толькі як канцлагер часоў апошняй вайны. Трасцянец варты асобнай гаворкі, якую ўдзельнікі «круглага стала» прапанавалі правесці ў снежні бягучага года.

Калі публікацыя ў «СБ» не з’яўляецца толькі дэкларатыўнай дэманстрацыяй жадання сказаць праўду пра жудасныя старонкі гісторыі, наступнымі крокамі мусяць быць публікацыя звестак пра іншыя месцы масавых пахаванняў і пачатак пошуку імёнаў расстраляных. А зрабіць гэта будзе няпроста.

Як засведчыў падчас дыскусіі археолаг, кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі, нават апошняе даследаванне Курапат у 1997 годзе гісторыкамі НАН, супрацоўнікамі пракуратуры, КДБ і грамадскасці, па выніках якой была прынята аднагалосная выснова пра тое, што расстрэлы — справа рук НКВД, не атрымала адпаведнай публічнасці. Мяцельскаму давялося бачыць ліст з Генпракуратуры ў Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай «матэрыялы следства не абнародаваць і да ведама грамадскасці не даводзіць».

З другога боку, КДБ у Беларусі не толькі працягвае абмяжоўваць доступ да расстрэльных спраў, але і ў тых нешматлікіх дакументах, што траплялі ў рукі незалежных экспертаў, апошнія старонкі па выкананні прысудаў звычайна адсутнічаюць. Без іх нашчадкі забітых не даведаюцца пра месца іх апошняга спачыну. Застаецца спадзявацца, што дублікаты пакуль яшчэ ацалелі ў Маскве.

Народны мемарыял-некропаль з усталяваных ва ўрочышчы вялікіх і малых памятных крыжоў, варта, на думку старшыні грамадскага аб’яднання «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» Вацлава Нямковіча, захаваць такім, якім ён утварыўся. Дзяржава спазнілася з яго комплексным упарадкаваннем — магчыма, з яе боку дастаткова будзе дадаць невялікі помнік там, дзе з 1989 года сіратліва вісіць афіцыйная шыльда. Паклапаціцца пра фінансаванне невялікай капліцы ва ўрочышчы, а за яго межамі — падумаць пра стварэнне музея. А грамадскасці неабходна тэрмінова вырашыць справу надання ўзведзеным там знакам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пакуль дзяржаўныя ахоўныя гарантыі пашыраюцца толькі на зямлю ўрочышча і прылеглую да яго тэрыторыю.

Каментаваць