Курапаты – чарговы акт вандалізму

Ва ўрочышчы Курапаты знікла закладная шыльда будучага мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў польскай арміі, забітых супрацоўнікамі НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 -- чэрвені 1941 гг. Пра гэта паведаміў карэспандэнту “НЧ даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій на Беларусі перыяду сталінізма Ігар Кузняцоў.
 



Трэба адзначыць, што шыльда была ўстаноўлена грамадскасцю ўвечары.   

29 кастрычніка ў Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі па ініцыятыве  грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі і асвечаная святаром грэка-каталіцай (уніяцкай) царквы айцом Пахомам. Але менш чым праз суткі пасля адкрыцця шыльды яна знікла разам з ускладзенымі кветкамі і знічкамі.

Кузняцоў назваў акт вандалізму “страшэнным, які не мае аналагаў.  “Ва ўрочышчы бывала ўсялякае; памятныя крыжы спаганьвалі, знішчалі, валілі, але не скрадвалі. А тут, як карова языком злізала – нічога не засталося, акрамя бетоннай пліты пад мемарыяльны знак, -- сказаў гісторык. На ягонае меркаванне, не выключана, што ў акце вандалізму маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі Беларускага народнага фронту. “І гэта мажліва, калі ўспомніць змест заявы старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка наконт планаў узвядзення ў Курапатах памятнага знаку афіцэрам польскай арміі. Гэтая заява была зачытана 28 кастрычніка пад час мітынгу на Дзяды, -- нагадаў Кузняцоў.



Разам з тым, ён лічыць сваім маральным абавязкам усе-такі адкрыць мемарыяльны знак і апекавацца ім. “За свае сродкі я гатовы аднаўляць яго хоць кожны тыдзень, калі знак напаткае лёс закладной шыльды, -- падкрэсліў даследчык. У бліжэйшы час ён плануе правесці прэсавую канферэнцыю і распавесці журналістам пра знікненне шыльды.      

У Курапатах не аднойчы адбываліся акты вандалізму, аднак толькі аднойчы злачынцы былі ўстаноўлены. 30 мая 2009 года двух непаўнагадовых мінчан — навучэнцаў школы і прафтехвучэльні, абвінавачаных ў знішчэнні мемарыяльных крыжоў ва ўрочышчы, былі амнісціраваны следствам да суду. 10 красавіка 2009 года старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў Міністэрству ўнутраных спраў арганізаваць пастаяннае пешае патруляванне Курапат сіламі ваеннаслужачых вайсковай часткі 3310 — другой асобнай спецыяльнай брыгады міліцыі, якая дыслакуецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. Аднак на гэту прапанову УУС Мінскага аблвыканкама адказала адмовай, матывуючы яе шэрагам аб’ектыўных прычын.

Каментаваць