Курапаты: праблемы статусу і ахоўнай зоны

Круглы стол з такой назвай адбудзецца 18 лютага ў Мінску. Такое рашэнне прынята 7 лютага ў Мінску на чарговай нарадзе экспертаў па сітуацыі вакол Курапатаў.



Да ўдзелу у круглым стале будуць запрошаныя былыя вязні ГУЛАГу, прадстаўнікі грамадскасці і Міністэрства культуры, археолагі, журналісты, культуролагі, мастакі і праваабаронцы. 

Нагадаем, што пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 года зацверджана ахоўная зона гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”. Аднак недатыкальнасць ахоўнай зоны гэтага выбітнага помніку айчыннай гісторыі была парушана падчас будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол” з заходняга боку Курапатаў. Прычым, да гэтага часу не выканана аднагалоснае рашэнне нарады з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Мінскага аблвыканкама, Генеральнай пракуратуры, заказчыка і іншых зацікаўленых структураў ад 27 снежня 2012 года аб зносе чатырох домікаў “Бульбаш-холу”, незаконна ўзведзеных у ахоўнай зоне народнаг мемарыялу.  

  

Паводле інфармацыі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў рыхтуецца будаўніцтва Міжнароднага выставачнага цэнтру агульнай плошчай 40.000 м2 з павільёнамі, бізнэс-цэнтрам, кангрэс-холам, гатэлем і інфраструктурай для абслугоўвання міжнародных дэлегацый. Прычым, частка гэтага поля з гістарычным шляхам (так званай “Дарогай смерці”), па якому вазілі людзей з  Мінска ва ўрочышча на расстрэл, мае статус ахоўнай зоны Курапатаў.  Грамадскасць лічыць недапушчальнымі любыя праектна-вышукальніцкія працы на тэрыторыі гэтай часткі ахоўнай зоны Курапатаў, паколькі такія працы прывядуць да знішчэння асяроддзя гісторыка-культурнай каштоўнасці з яе ўсходняга боку, у тым ліку і “Дарогі смерці”.

На нарадзе экспертаў адзначалася, што праблемы вакол Курапатаў трывожаць грамадскасць, бо яе патрабаванні не ўлічваюцца чыноўнікамі. Вось чаму эксперты выказалі “вялікую занепакоенасць” сітуацыяй вакол народнага мемарыялу і небяспеку, што спачатку праекціроўшчыкі, а затым і будаўнікі могуць зноў парушыць недатыкальнасць тэрыторыі ахоўнай зоны гэта ўнікальнага помніку трагедыі беларускага народу.

Апроч таго, падчас круглага стала будзе разгледжана пытанне аб захаванні статусу народнага мемарыялу як гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”, бо зараз мусіруецца ідэя аб змяненні гэтага статусу і пераводзе помніка гісторыі і археалогіі ў катэгорыю мемарыяльных могілак.

            

Каментаваць