Курапаты знішчаюць, а Мінкульт не можа гэта спыніць

У ахоўнай зоне Курапатаў незаконна ўзводзяцца новыя аб’екты і Міністэрства культуры нічога з гэтым не можа зрабіць. Да такой высновы прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці пасля сустрэчы з міністрам культуры Барысам Святловым, што адбылася 12 лістапада ў Мінску.



Лістападаўскія Курапаты. 2014 г. Фота Марата Гаравога


У сустрэчы з міністрам бралі ўдзел культуролаг Вацлаў Арэшка, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскі дзеяч і мовазнаўца Вінцук Вячорка, старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч, грамадскі актывіст Алесь Макаў, а таксама карэспандэнт НЧ. На пытанні грамадскасці адказваў начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

У сваім лісце на імя міністра заяўнікі, між іншым, зазначылі, што цягам больш за 20 гадоў для Курапатаў не зацверджаны Міністэрствам культуры праект зонаў аховы Курапатаў. Замест гэтага сталага праекту дзейнічае часовая (на перыяд да распрацоўкі горадабудаўнічага праекту стадыі “Дэтальны план”) схема зонаў аховы Курапатаў, зацверджаная пастановай Міністэрства культуры № 15 ад 12 мая 2004 года.

Згодна ж пункту 3 артыкулу 29 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, спачатку павінен зацвярджацца праект зонаў аховы Курапатаў, а ў залежнасці ад яго весціся распрацоўка рознай горадабудаўнічай і землеўпарадкавальнай дакументацыі, рэалізацыя якой можа аказаць уздзеянне на каштоўнасць. Аднак робіцца наадварот.

Згодна адказу Міністэрства культуры ад 6 сакавіка 2014 года, абавязак па распрацоўцы праекту зонаў аховы Курапатаў ускладзены на суб’екты гаспадарання, якія ў сваіх інтарэсах плануюць і ўзводзяць аб’екты гаспадарчага прызначэння на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны каштоўнасці па часовай схеме зонаў аховы Курапатаў ад 12 мая 2004 года.

Пра гэта сведчыць прыклад будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол”, калі СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняг боку шэраг новых аб’ектаў (чатыры дамкі модульнага тыпу, частку будынку рэстарана і дзіцячую пляцоўку), што не маюць аніякага дачынення да каштоўнасці.

Другім такім прыкладам з’яўляецца парушэнне недакранальнасці ахоўнай зоны Курапатаў з іх паўночнага боку (каля катэджнага пасёлку “Сонечны”), дзе выпрастаная гістарычная дарога на вёску Драздова, траса якой вядома з XVI стагоддзя, узведзены ачышчальныя збудаванні з вадаёмам і рыхтуецца пляц для аўтастаянкі. Прычым, усе гэтыя аб’екты —  вынік новага будаўніцтва, аніяк не звязанага з Курапатамі. Апроч названых аб’ектаў у паўночнай частцы ахоўнай зоны каштоўнасці запраектавана ўзвядзенне шэрагу новых жылых дамоў і новай крамы.

Трэцім такім прыкладам можа стаць праектаванне і будаўніцтва на полі з усходняга боку Курапатаў Міжнароднага выставачнага цэнтру, бо ўжо адпрацаваны адваротны прадугледжанаму законам алгарытм дзеянняў: спачатку рыхтуюцца розныя праекты, а ў залежнасці ад іх — праект зонаў аховы Курапатаў. Узвядзенне МВЦ у такіх умовах можа прывесці да знішчэння гістарычнай “Дарогі смерці” — апошняга шляху ахвяраў на згубу.   

Каб прывесці гэтую сітуацыю ў адпаведнасць з Законам “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, патрэбна надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці. Прычым пры правядзенні гэтай працэдуры неабходна абавязкова захаваць існуючыя межы ахоўнай зоны з абавязковым уключэннем участку “Дарогі смерці” з элементам гістарычнага ландшафту паміж МКАД і дарогай Заслаўе-Калодзішчы як неад’емных гістарычных фрагментаў помніка, — лічаць аўтары звароту.

Міністр культуры пагадзіўся з аргументамі за мемарыялізацыю “Дарогі смерці”.

Прадстаўнікі грамадскасці нагадалі, што па замове Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій яшчэ ў 2003 годзе архітэктарамі сталічнага інстытуту “Праектрэстаўрацыя” Таццянай Косьціч і Вольгай Кукуняй быў распрацаваны сталы праект зонаў аховы Курапатаў. Але яго чамусьці замянілі часовай схемай.

Грамадскія актывісты таксама нагадалі, што згодна пастанове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 15 ад 12 мая 2004 г. Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай

гістарычна-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій

1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты° на тэрыторыі ахоўнай зоны забараняецца:

  • узвядзенне наземных будынкаў і збудаванняў, якія не адносяцца да гістарычна-культурнай каштоўнасці, акрамя мерапраемстваў па добраўпарадкаванню тэрыторыі, падтрыманню яе належнага санітарнага стану і аднаўлення страчаных элементаў;
  • стварэнне пажара- і выбухованебяспечных падземных збудаванняў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе, выклікаюцць значныя транспартныя патокі, акрамя пракладкі падземных камунікацый, неабходных для функцыянавання аб’ектаў, звязаных з гістарычна-культурнай каштоўнасцю.

Тэрыторыя ахоўнай зоны можа быць выкарыстана толькі для ажыццяўлення мерапрыемстваў, звязаных з мемарыялізацыяй гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Заяву прадстаўнікоў грамадскасці Ігар Чарняўскі пракаментаваў так: “Усё правільна, аднак д’ябал хаваецца ў дробязах”. Сярод такіх “дробязяў” чыноўнік пазначыў тое, што з супрацоўнікамі Міністэрства культуры не заўсёды ўзгадняюць пытанні па земляадводу, і ўвогуле дзяржаўныя службоўцы гэтага міністэрства не маюць аніякіх іншых мажлівасцяў, апроч адміністрацыйных штрафаў, каб паўплываць на сітуацыю з самабудам ў Курапатах. Аднак Ігар Чарняўскі так і не змог даць яснага адказу на неаднаразовае пытанне карэспандэнта НЧ пра тое, ці штрафаваліся парушальнікі недатыкальнасці ахоўнай зоны Курапатаў з іх паўночнага боку, што незаконна ўзвялі там дарогу на вёску Драздова, ачышчальныя збудаванні з басейнам і падрыхтавалі пляц для аўтастаянкі. 

Пры гэтым чыноўнік звярнуў увагу на тое, што сталы праект зонаў аховы Курапатаў, падрыхтаваны 11 гадоў таму спецыялістамі інстытуту “Праектрэстаўрацыя” Таццянай Косьціч і Вольгай Кукуняй, быў перапрацаваны ў часовую схему зонаў аховы гэтай каштоўнасці, бо не адпавядаў існуючым стандартам. У функцыі Міністэрства культуры ўвогуле не ўваходзіць ахова помнікаў, а чыноўнікі гэтага міністэрства займаюцца толькі ўзгадненнем адпаведных дакументаў, заявіў Ігар Чарняўскі.

Але калі так, дык чаму дэпартамент, якім кіруе спадар Чарняўскі, называецца ўпраўленнем па ахове гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры?

Урэшце грамадскія актывісты так і не пачулі вуснага адказу на галоўнае пытанне — калі ж з’явіцца канчатковы праект зонаў аховы Курапатаў? Магчыма, чыноўнікі пра гэта напішуць у сваім пісьмовым адказе прадстаўнікам грамадскасці.  

Пад час сустрэчы ўзнікла яшчэ адна важная праблема, што тычыцца экалагічнага стану ляснога масіву ва ўрочышчы. Справа ў тым, што Курапаты, аточаныя МКАД і і дарогай Заслаўе-Калодзішчы, зведваюць на сабе вельмі моцны антрапагенны ўціск, што прывёў да разрастання ва ўрочышчы спірэі — расліны-паразіта. Калі ж пачне працаваць Міжнародны выставачны цэнтар і шасейныя развязкі вакол яго, а таксама новыя  аўтастаянкі ў наваколлі Курапатаў, антрапагенны ўціск на Курапаты можа ўзрасці да такіх памераў, што прывядзе да знішчэння ляснога масіву, дзе не па сваёй волі ляжаць сотні тысячаў бязвінна забітых беларусаў — нашых бацькоў і дзядоў. Вось чаму  грамадзянам трэба ўзвысіць свой голас не толькі супраць незаконнай забудовы ахоўнай зоны народнага мемарыялу, але і супраць тых аб’ектаў, што сваімі шкоднымі адкідамі могуць знішчыць мемарыяльны курапацкі лес.

 

Дарога на вёску Драздова і пляц пад аўтастаянку, незаконна збудаваныя ў ахоўнай зоне народнага мемарыялу з яго паўночнага боку

 

Каментаваць