Кватэра ёсць, жылля няма

Святлана Каласоўская, маладая жанчына з маленькім сынам, вымушана шукаць жытло, хаця і мае ўласную кватэру. І гэта нягледзячы на тое, што побач з гэтай трохпакаёўкаў — дзіцячы садок, праца ды жывуць сваякі.



Святлана Каласоўская, маладая жанчына з маленькім сынам, вымушана шукаць жытло, хаця і мае ўласную кватэру. І гэта нягледзячы на тое, што побач з гэтай трохпакаёўкаў — дзіцячы садок, праца ды жывуць сваякі.

Калі заходзіш у кватэру Святланы, з’яўляецца адчуванне, што скура стала ліпкай, вопратка — вільготнай, цяжкай і няўтульнай. Вітае задушлівы пах волкасці, сцены пакрытыя чорнай і белай цвіллю. Шпалеры паадставалі ад сцен. Мэбля ў хаце расстаўленая хаатычна — так жанчына хавае самыя страшныя месцы, такія, як чорны кут за шафай. На стыках столі і сцен — белы мох. На шпалерах і пад імі — чорная цвіль. Калі глядзіш на аконныя рамы, здаецца, што хтосьці абшмараваў іх тоўстым пластом бруду. Але гэта не бруд, а грыбок. Змагацца з празмернай вільгаццю касметычнымі метадамі не выпадае — капітальны рамонт патрэбны і кватэры, і дому.

Басейн на даху

У 1991 годзе маці Ала Аляксандраўна Святланы атрымала дзве кватэры ў новым доме № 28 на вуліцы Геафізіка ў мястэчку Калодзішчы пад Мінскам. Дзве, таму што сям’я шматдзетная — у Святланы дзве сястры і два браты. Старэйшым дзецям маці аддала кватэру на першым паверсе. А сама, са Святланай і яе малодшым братам Сашам пасялілася на чацвёртым, апошнім паверсе.

Калі сям’я перабралася ў новы дом, Святлане было шэсць гадоў. Праблемы пачаліся адразу ж пасля засялення. Дах у новым доме быў зроблены так, быццам бы архітэктар планаваў там басейн — высокія барты зрабілі яго рэзервуарам для збору вады і снегу, а вадасцёкаў увогуле не запланавалі. Апроч таго, пакрыццё даху было зроблена дрэнна — стыкі не заладжаныя як след, вада праходзіць пад руберойд, і далей — у кватэру.



Самым яркім дзіцячым уражаннем Святланы ад новай кватэры былі “струменьчыкі вады са столі, якія сцякалі ў расстаўленыя паўсюль тазікі і вёдры; волкая коўдра, ад цяжару якой раніцай ламіла ўсё цела; і вада, якая расцякаецца па люстэрку ў мамчыным пакоі. Рамонт даводзілася рабіць раз у паўгода, каб хоць неяк выратавацца ад грыбка. Шпалеры прыбівалі цвікамі, бо з-за вільготнасці яны не трымаліся на сцяне.

Многія гады Святлана і яе брат жылі ў такіх умовах. У выніку ў абодвух з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. У жанчыны — хранічны бранхіт. Саша ўвесь час хварэе. Маленькі Кірыл, сын Святланы, таксама жыў у гэтай кватэры ад нараджэння і да чатырох гадкоў. У яго — падазрэнне на сухоты. І гэта не дзіўна. Бо медыкамі даўно даказана, што ўдыхаць паветра, якое ўтрымлівае споры цвілі, вельмі небяспечна. Гэта можа прывесці да алергіі, лёгачных захворванняў, астмы, паслаблення імунітэту ў цэлым. Калі Святлана паказвае медыцынскую картку Кірыла, колькасць дыягназаў “бранхіт у ёй палохае.

Скаргі — у спадчыну


Некалькі разоў маці Святланы пісала скаргі ў ЖЭС, але, не атрымаўшы выніку, адступілася… Пасталеўшы, за гэта ўзялася сама Святлана. Стымулам для барацьбы за чалавечыя ўмовы жыцця стала і нараджэнне сына. Яна пачала пісаць скаргі ў ЖЭС па месцы жыхарства. У 2005 годзе яна дамаглася праверкі, у выніку было прынятае рашэнне, што дах неабходна рамантаваць. Рашэнне было, а рамонт — не.

Летась, калі сям’я страціла надзею атрымаць дапамогу ад ЖЭСа, яна звярнулася ў ЖКУ № 2 у Бараўлянах (за ім замацаваны ЖЭС Святланы). Дапамогі адтуль таксама не было.

Наступнай інстанцыяй, куды звярнулася Святлана, стаў Мінгарвыканкам. Спачатку жанчыну папросту не хацелі слухаць. Маўляў, такімі пытаннямі павінен займацца ЖЭС. Але потым пашкадавалі маладую маму, якая да таго ж засталася без бацькоў — мама і тата Святланы памерлі ў 2008 годзе, і прынялі заяву.


У снежні 2009 года камісія зноў праверыла ўмовы жыцця ў доме, і, як і ў 2005-м, было прынята рашэнне адрамантаваць дах. Але рамонт ніхто нават не пачынаў.

Дзевятнаццаць гадоў блукання па дзяржустановах не прынеслі ніякіх вынікаў. І Святлана вырашыла, што разабрацца з кватэрным пытаннем з дапамогай дзяржавы ў яе не атрымаецца. Але і жыць у цвілой кватэры жанчына з маленькім сынам больш не хацела ды і не магла. У 2008 годзе яна з’ехала разам з сынам на здымную кватэру.

Тут трэба згадаць, што Саша — брат Святланы, якому зараз 23 гады, амаль заўсёды беспрацоўны, і за кватэру не плаціць. Гэта значыць, пераехаўшы ў здымнае жыллё, жанчыне даводзіцца плаціць і за кватэру ў Калодзішчах. Каб хоць неяк зэканоміць, Святлана спрабавала знайсці жыхароў у пустуючыя пакоі ў каладзішчанскай кватэры. Яна прапанавала мінімальны кошт, бо разумела, што жыць у волкасці і цвілі за вялікія грошы ніхто не захоча. Але нават за смешны кошт адважных жыльцоў знаходзіцца мала, ды і тыя вытрымліваюць нядоўга.

Шукаюцца аматары цвілі і вільгаці

Святлана вырашыла размяняць сваю трохпакаёўку на дзве аднапакаёвыя. Адну пакінуць сабе з сынам. А другую аддаць брату. Аднак высветлілася, што яе кватэра не прыватызаваная. А значыць, прадаць яе нельга. І Святлана зноў пайшла ў ЖКУ №2. Намеснік начальніка ЖКУ Сяргей Данілайла растлумачыў ёй, што нічым дапамагчы не зможа, бо вырашэнне такіх пытанняў не ў кампетэнцыі ЖКУ. Ён прапанаваў звярнуцца ў рыэлтарскую кантору. Калі Святлана ўдакладніла, што чакае дапамогі ад ЖКУ, Сяргей Міхайлавіч параіў звярнуцца да начальніка жыллёвага аддзела ў мястэчку Гатава, Наталлі Герасіменкі. (Патлумачым, што ЖЭС у Калодзішчах падпарадкоўваецца ЖКУ ў Бараўлянах, які, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца ЖКУ ў мястэчку Гатава).

Наталля Герасіменка таксама сказала, што нічым не можа дапамагчы. Яна растлумачыла, што магчымая толькі аперацыя куплі-продажы. А такія пытанні вырашаюць рыэлтары, а не працаўнікі жыллёвай камунальнай гаспадаркі. Начальнік жыллёвага аддзела сказала, што ЖКГ не мае права даць кватэру наўзамен “зацвілай, бо яны не ўласнікі жылля, ЖКГ толькі абслугоўвае дамы.

Святлана з сынам


Каб прадаць кватэру, яе трэба спачатку прыватызаваць, а гэта можа каштаваць некалькі дзесяткаў мільёнаў беларускіх рублёў. Хацелася б скончыць аповед на гэтым месцы. Напісаць некалькі апошніх радкоў пра тое, як жанчына лёгка прыватызавала сваю кватэру, потым прадала яе і купіла новую — сухую і светлую. Але ўсе мы добра разумеем, што ў маладой мамы, без мужа і бацькоў, няма некалькіх лішніх мільёнаў, каб заплаціць за прыватызацыю.

Начальнік жыллёвага аддзела ў Гатава Наталля Герасіменка прапанавала Святлане знайсці ахвотнікаў абмяняцца з ёй кватэрамі. А потым проста прынесці дакументы ў ЖКУ. Цікава, а самі службоўцы захацелі б памяняцца са Святланай кватэрамі? Памяняць сухое, утульнае жыллё на сырую кватэру, якая атруціць здароўе ім і іх блізкім?

Святлана практычна страціла надзею дачакацца рамонту, які ЖЭС абяцае зрабіць ужо шмат гадоў. І тым больш не верыць, што зможа атрымаць іншую, хай маленькую, але нармальную кватэру.


Лола Бурыева
 

Каментаваць