Кватэрнае пытанне

Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронцы Алега Волчака на пытанні грамадзян, якія звярнуліся ў грамадскай прыёмную.

l    Падкажыце, ці можна выселіць з інтэрната злосных неплацельшчыкаў без прадстаўлення ім іншага памяшкання (яны адпрацавалі на прадпрыемстве больш за 10 гадоў)?

    Савельева І. П., Масты



Мы працягваем публікацыю адказаў вядомага юрыста і праваабаронцы Алега Волчака на пытанні грамадзян, якія звярнуліся ў грамадскай прыёмную.

l    Падкажыце, ці можна выселіць з інтэрната злосных неплацельшчыкаў без прадстаўлення ім іншага памяшкання (яны адпрацавалі на прадпрыемстве больш за 10 гадоў)?

    Савельева І. П., Масты


Высяленне з інтэрната рэгулюецца артыкулам 98 Жыллёвага кодэкса. У ім не пазначана ў якасці падставы для высялення сітуацыя, якую вы апісалі. Аднак, у адпаведнасці з артыкулам 36 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, скасаванне дамовы найму жылога памяшкання магчымае па патрабаванні аднаго з бакоў у выпадку парушэння іншым бокам істотных умоў дамовы. А плата за карыстанне жылым памяшканнем з’яўляецца адной з такіх істотных умоў.

l    Жыла з сям’ёй у інтэрнаце. Пазней атрымала кватэру і пераехала туды. У інтэрнаце застаўся пражываць сын з сям’ёй. Ці могуць яго выселіць з інтэрната або даць памяшканне, меншае за тое, што ён займае зараз?

    Грыбаедава В. П., Пінск


Паводле артыкула 98 Жыллёвага кодэкса, часовыя і сезонныя працаўнікі, якія спынілі працу, і грамадзяне, што працавалі па тэрміновай працоўнай дамове, а таксама грамадзяне, што навучаліся ў навучальных установах і выбылі з іх, падлягаюць высяленню з інтэрната, які ім быў дадзены ў сувязі з працай, вучобай, без прадстаўлення іншага жылога памяшкання.

Працаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, якія пасяліліся ў інтэрнаце ў сувязі з працай, могуць быць выселеныя без прадстаўлення іншага жылога памяшкання ў тых выпадках, калі яны звальняюцца па ўласным жаданні без важкіх падстаў ці звальняюцца за парушэнне працоўнай дысцыпліны або здзяйсненне злачынства, а таксама ў выпадку забеспячэння такіх асобаў іншым жылым памяшканнем у гэтым жа населеным пункце.

У адпаведнасці з артыкулам 71 Жыллёвага кодэкса, ваш сын можа быць выселены па рашэнні суда з прадстаўленнем іншага жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцяў, агульнай плошчай, меншай за тую, што ён займаў, на ўмовах раней заключанай дамовы найму жылога памяшкання, калі ён ухіляецца на працягу шасці месяцаў без важкіх падстаў ад унясення платы за карыстанне жылым памяшканнем і за камунальныя паслугі.

l    Я пражываю з бацькамі і дзіцем у трохпакаёвай кватэры. З мужам развялася. Муж зарэгістраваны ў кватэры, але пасля разводу ў ёй не пражывае. Ён не жадае адмяняць рэгістрацыю. Што рабіць?

    Зайцава А. Л., Віцебск


Па рашэнні суда, у адпаведнасці з артыкулам 37 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, можа быць прызнана, што былы муж страціў права карыстання жылым памяшканнем у сувязі з выездам на сталае пражыванне ў іншае жылое памяшканне.

Паводле сучаснага жыллёвага заканадаўства, вам неабходна падаць іскавую заяву ў суд аб прызнанні мужа страціўшым права карыстання жылым памяшканнем згодна з артыкулам 37 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падстава іску — сталае пражыванне ў іншым месцы. Для гэтага вы павінны дакладна ведаць яго месца жыхарства. У іскавай заяве неабходна спаслацца на паказанні сведак, прыкласці даведку ўчастковага па месцы знаходжання вашай кватэры, што былы муж з вамі не пражывае, даведку ўчастковага па месцы знаходжання кватэры, дзе сапраўды пражывае ваш былы муж. Істцамі выступяць усе паўналетнія сямейнікі, з прыцягненнем у якасці трэціх асоб паўналетніх, якія зараз пражываюць у адным жылым памяшканні з былым мужам.

l    Жыву ў двухпакаёвай кватэры, мне 70 гадоў. Кватэра прыватызаваная і адпісаная дачцэ. Два гады таму зарэгістраваў знаёмую жанчыну па дамове, з умовай, што яна па маім патрабаванні вызваліць жылую плошчу. Ці мае яна права на маё жыллё, колькі часу можа пражываць і як здзяйсняецца высяленне, калі яна добраахвотна не пакіне кватэру?

    Лаўранкоў Г. П., Мінск


Па заканчэнні тэрміна дзеяння дамовы наймання жылога памяшкання паднаймальнік не мае права патрабаваць падаўжэнне дамовы і па патрабаванні ўласніка абавязаны вызваліць займанае жылое памяшканне, а калі адмовіцца — можа быць выселены па рашэнні суда. Паводле артыкулаў 85–87 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паміж вамі і вашай знаёмай складзена дамова паднайму жылога памяшкання.

У выпадку заключэння дамовы паднайму жылога памяшкання без указання тэрміну наймальнік абавязаны папярэдзіць паднаймальніка пра прыпыненне дамовы паднайму за тры месяцы.

Каментаваць