Лібералізацыя па камандзе

«Гроднааблсаюздрук» не змог уцямна растлумачыць прычыны адмовы распаўсюджваць «Газету Слонімскую» і «Новы час» праз свае шапікі.

«Гроднааблсаюздрук» не змог уцямна растлумачыць прычыны адмовы распаўсюджваць «Газету Слонімскую» і «Новы час» праз свае шапікі.


Сябра Рады Руху «За Свабоду» Алесь Зарэмбюк атрымаў адказ на свой ліст ад 13 студзеня да кіраўніцтва «Гроднааблсаюздруку» наконт таго, чаму «Газета Слонімская» і «Новы час» не даходзяць да чытача праз дзяржаўную сістэму распаўсюду друкаваных выданняў. Дырэктар «Гроднааблсаюздруку» Тадэвуш Валчкевіч у сваім адказе паведаміў, што не мае дамовы на распаўсюд названых выданняў, а рашэнне пра тое, складаць з рэдакцыямі гэтых газет дамову ці не, — прэрагатыва УП «Гроднааблсаюздрук».


Фактычна, чыноўнік адмовіўся назваць прычыны, па якіх дзяржаўны манапаліст па продажу друкаванай перыёдыкі не супрацоўнічае з незалежнымі газетамі, і даў зразумець, што гэта не справа чытачоў. Дырэктар «Гроднааблсаюздруку» таксама параіў пашукаць названыя газеты ў сістэме «Белпошты» (як вядома, у тамтэйшых каталогах іх дасюль няма), а таксама ў прыватных распаўсюднікаў.


«На гэтым прыкладзе яскрава бачна, што ўяўляе сабой абвешчаная ў краіне лібералізацыя. Чыноўнікі здольныя пайсці насустрач грамадству роўна настолькі, наколькі ім будзе дадзена каманда «зверху». Лібералізацыя павінна быць унутры самой сістэмы. Пакуль гэтага няма», — сказаў Алесь Зарэмбюк.


Сайт Руху «За Свабоду»



Каментаваць