Лідару АГП больш як праз паўгода вярнулі пашпарт

Старшыню Аб’яднанай грамадзнскай партыі Анатолю Лябедзьку 3 лістапада нарэшце вярнулі пашпарт, які з моманту яго затрымання за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску захоўваўся ў Камітэце дзяржаўнае бяспекі Беларусі. Палітык называе вяртанне галоўнага персанальнага дакумента сваёй маленькай перамогай.



Старшыню Аб’яднанай грамадзнскай партыі Анатолю Лябедзьку 3 лістапада нарэшце вярнулі пашпарт, які з моманту яго затрымання за ўдзел у падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску захоўваўся ў Камітэце дзяржаўнае бяспекі Беларусі. Палітык называе вяртанне галоўнага персанальнага дакумента сваёй маленькай перамогай.

Апроч пашпарта, лідару АГП вярнулі таксама кампутар, цвёрдыя дыскі і нацельны крыжык. Анатоль Лябедзька неаднойчы звяртаўся да следчых з патрабаваннем, каб яму вярнулі адабраныя рэчы, але беспаспяхова. Дарэчы, пракуратура горада Мінска і Генеральная пракуратура Беларусі сведчылі, што такія дзеянні па ўтрыманню рэчаў чалавека, у дачыненні да якога спынена крымінальная справа, з’яўляюцца незаконнымі.

Як адзначыў Анатоль Лябедзька, гэтая гісторыя з пашпартам цягнулася даволі доўга, з красавіка бягучага году.

“Усе астатнія фігуранты справы 19 снежня атрымалі асноўны дакумент, а ў мяне яго не было. Натуральна, ніхто не тлумачыў, з чым гэта звязана. А маё меркаванне, што гэта звязана з маёй палітычнай дзейнасцю. Нейкая вельмі разумная галава ў КДБ вырашыла, што калі ў Лябедзкі не будзе пашпарта, дык ён будзе паралізаваны, не зможа выязджаць за межы краіны, рэтрансляваць нейкую пазіцыю. Усё гэта вельмі дзіўна, таму што ў сённяшні час камунікацый гэта можна рабіць, не выязджаючы за межы Беларусі: ёсць жа інтэрнет, пошта і гэтак далей. Але калі ўжо прынялі такое неразумнае і антыканстытуцыйнае рашэнне, то астатнія яго выконвалі, бо гэтае рашэнне было прынята “зверху. І нягледзячы на тое, што ў дачыненні да мяне была закрыта крымінальная справа, гэта ўсё доўжылася до сённяшняга дня. Якая матывацыя, чаму мне вярнулі пашпарт, я не ведаю. Можа, таму, што я ўсё ж такі выязджаў за межы краіны, хоць і з пэўнымі складанасцямі. Пашпарт вярнулі, гэта мая маленькая перамога, бо лічу, што калі палітык не здольны адстойваць свае правы, то наўрад ці ён зробіць гэта ў адносінах да іншых, - падкрэсліў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Па словах Анатоля Лябедзькі, гэтая справа пакуль не даведзеная да лагічнага канца, таму што ёсць яшчэ рэчы па васьмі пазіцыях, якія застаюцца канфіскаванымі, хоць яны з’яўляюцца прыватнай уласнасцю палітыка.
 

Каментаваць