Лідэры апазіцыі сустрэліся з пасламі краін Еўрасаюза


29 верасня адбылася амаль дзвюхгадзінная сустрэча лідэраў беларускіх дэмакратычных партый і рухаў з пасламі краін — удзельніц Еўрапейскага саюза.


29 верасня адбылася амаль дзвюхгадзінная сустрэча лідэраў беларускіх дэмакратычных партый і рухаў з пасламі краін — удзельніц Еўрапейскага саюза.

З беларускага боку ўдзел у сустрэчы ўзялі экс-кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандр Казулін і Аляксандр Мілінкевіч, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч і Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, а таксама лідэр зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту Зміцер Дашкевіч, сустаршыня незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец, актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь Яўген Афнагель. Па просьбе еўрапейцаў падрабязнасці гэтай сустрэчы журналістам не паведамляюцца, тым не менш на пытанні карэспандэнта “НЧ Генадзя Кеснера пагадзіўся адказаць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

— Якія пытанні ўсё ж уздымаліся падчас сустрэчы з еўрапейскімі пасламі?

— Прагучаў пасыл амбасадараў — не апісваць сітуацыю. Такім чынам амбасадары давалі зразумець, што яны больш-менш арыентуюцца ў сённяшніх беларускіх рэаліях, а было пажадана сканцэнтравацца на адказе на пытанне “Што рабіць?. На гэтым пытанні і быў засяроджаны мой выступ.
З кожным пражытым днём я ўсё больш пераконваюся, што формула “крэдыты і інвестыцыі ўзамен на свабодныя выбары пры вызваленні палітвязняў і мараторыі на палітычныя рэпрэсіі становіцца ўсё больш актуальнай. Гэты план рэалістычны, хаця планка ўзнята даволі высока. Я лічу, што гэта — галоўнае пасланне, галоўны мэсідж і тое, што мы павінны ставіць за мэту і чаго дабівацца. Тым больш што свабодныя выбары — гэта паралельна і вырашэнне шэрагу іншых праблем. Таму што нельга правесці свабодныя выбары пры несвабоднай прэсе, нельга правесці свабодныя выбары, калі не зарэгістраваны ўдзельнікі саміх выбараў — палітычныя арганізацыі ці грамадскія структуры, якія ладзяць маніторынг выбарчых кампаній.
Натуральна, што для свабодных выбараў вельмі дрэнны фон — наяўнасць палітвязняў. Таму свабодныя выбары — гэта мэта, гэта задача, гэта вырашэнне цэлага комплексу праблем. І самае галоўнае, што гэты план скіраваны не на касметыку, а на сістэмныя змены ў Беларусі.

— Што вы прапаноўвалі яшчэ, апроч рэалізацыі праекта “Свабодныя выбары?

— Я агучыў шэраг ініцыятыў, якія былі агалошаныя ў прэсе, а таксама ўздымаліся на сустрэчы з міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Більдам — гэта ўвядзенне пасады “спецпрадстаўнік па Беларусі. Нам патрэбны тэлефон у Бруселі, які заўсёды працуе, які заўжды настроены на Беларусь. Гэта вельмі важна і істотна. Таксама я агучыў ідэю правядзення спецканферэнцыі па Беларусі, галоўнай тэмай якой маглі б быць тыя ж самыя выбары. І гэта мусіла б стаць пачаткам рэальнага ўнутрыпалітычнага дыялога паміж апазіцыяй і ўладай пры пасярэдніцтве Еўрапейскага саюза. Такога дыялога на сённяшні дзень няма.

Таксама была агучана ініцыятыва, звязаная з рэалізацыяй праекта “Euro-Nest, — стварэнне платформы, пляцоўкі для палітычных партый, што маглі б браць удзел у рэалізацыі “Усходняга партнёрства, а таксама арганізацыя супольных рабочых груп па ўсіх чатырох накірунках “Усходняга партнёрства, а не толькі па платформе “Дэмакратыя і правы чалавека. Я думаю, што нельга гэта ўсё аддаваць на водкуп уладзе, у нас таксама ёсць эксперты, спецыялісты, якія б маглі быць карыснымі.

— Ці склалася ў вас уражанне, што еўрапейцы сапраўды гатовыя зрабіць нешта канкрэтнае, каб дабіцца правядзення ў Беларусі сапраўды свабодных выбараў? Альбо гэта толькі дэкларацыі аб намерах?

— Я думаю, што такое разуменне ў іх ёсць, бо самі яны выхадцы з краін, дзе ўсё трымаецца на свабодных выбарах. Гэта і рэальная палітычная канкурэнцыя, і канкурэнцыя эканамічных праграм, і гэта якраз і ёсць механізм зменаў у краінах. Таму выбары — не тая тэма, якую ім трэба тлумачыць. Адзінае — я думаю, што ўсё ж амбасадары дзеляцца на тых, хто больш аптымістычна ставіцца да дзеянняў беларускіх улад, і большых песімістаў. Час, які прайшоў ад нашай папярэдняй сустрэчы, паказаў, што ў дыпламатаў стала больш песімізму (ці больш рэалізму) у ацэнцы сітуацыі. На папярэдняй сустрэчы было ўсё ж больш чаканняў ад уладаў, і многім здавалася, што працэс пайшоў, што лёд крануўся. Сёння ў іх паводзіны больш стрыманыя, і яны больш гатовы прыслухоўвацца да грамадзянскай супольнасці. Таму што ўлада, мякка кажучы, “падводзіць тых, хто меў вялікія спадзяванні, бо яна проста нічога не робіць.

— На ўсеагульных выбарах у Германіі перамаглі кансерватары (ХДС-ХСС), якія сфармуюць новы ўрад разам з лібераламі (СвДП). Як вы думаеце, ці зменіцца пасля фармавання новага ўраду стаўленне Германіі да таго, што адбываецца ў Беларусі? Асабліва пасля таго, як з ураду сыходзіць цяперашні міністр замежных спраў сацыял-дэмакрат Франк-Вальтэр Штайнмаер, які, і гэта не сакрэт, лаяльна ставіцца да беларускага кіраўніцтва?

— Я не з’яўляюся прыхільнікам лініі Шродэра і Штайнмаера, таму я вітаю вынікі выбарчай кампаніі ў Германіі і маю асцярожныя спадзяванні на перамены, на змяшчэнне акцэнтаў. Калі ў асноўным у знешняй палітыцы Германіі ў дачыненні да Беларусі ў значнай ступені прысутнічаў эканамічны прагматызм, то зараз, я думаю, прапорцыі будуць мяняцца і пачне ўзрастаць каштоўнасны складнік. Тым больш, што Гіда Вэстэрвеле (лідэр ліберальнай Свабоднай дэмакратычнай партыі — саюзнік ХДС-ХСС па новай “чорна-жоўтай кааліцыі), хутчэй за ўсё, зойме пасаду міністра замежных спраў, а лібералы традыцыйна арыентуюцца на каштоўнасныя складнікі, і гэта так ці інакш павінна адбіцца на Беларусі.

Я б не хацеў уздымаць планку чакання вельмі высока, але такія спадзяванні сёння абсалютна лагічныя. Таму мы будзем не толькі чакаць, але і больш актыўна супрацоўнічаць з нямецкім бокам ды з новым кіраўніцтвам германскага Міністэрства замежных спраў.
 

Каментаваць