«Праваабаронцы за свабодныя выбары»: гэта самая горшая кампанія

Прэс-канферэнцыі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць гульню ў добрага і злога паліцэйскіх. Кіраўнік БХК Алег Гулак заўсёды шукае пазітыў у выбарчых кампаніях. У ролі «злога паліцэйскага» гэтым разам выступіў юрыст Уладзімір Лабковіч.

Як заўсёды, на выніковай прэс-канферэнцыі па назіранні за кампаніяй па выбарах у Палату прадстаўнікоў шостага склікання прадстаўнікі праваабаронцаў-назіральнікаў адзначылі: не трэба экстрапаляваць іх высновы ў палітычную плынь. «Мы рабілі ацэнку, сыходзячы з усёй кампаніі: наколькі ў грамадзянаў была магчымасць прыняць удзел у фармаванні заканадаўчага органа ўлады, і наколькі беларускія выбары адпавядалі беларускаму і міжнароднаму заканадаўству», — сказаў Лабковіч.

 

Алег Гулак і Уладзімір Лабковіч коратка прабегліся па ўсіх пытаннях беларускіх выбараў. Найперш было адзначана, што доля палітычных партыяў у выбарах вельмі слабая — іх прадстаўнікі не ў дастатковай колькасці трапляюць у выбарчыя камісіі, і ў выніку партыі не з’яўляюцца «асноўнымі суб’ектамі выбараў». Фармуюць камісіі, як правіла, пяць праўладных арганізацый: саюз жанчынаў, саюз ветэранаў, БРСМ, «Белая Русь» і Федэрацыя прафсаюзаў. Пры гэтым, як зазначыў Уладзімір Лабковіч, персанальны склад камісіяў амаль не змяняецца. Проста адзін і той жа сябра камісіі на адных выбарах можа прадстаўляць прафсаюзы, на другіх — працоўны калектыў, на трэціх — «Белую Русь», і гэтак далей. Што дае такая ратацыя ўладзе — невядома.

 

Падчас вылучэння кандыдатаў у дэпутаты «добры паліцэйскі» Алег Гулак адзначыў пазітыў. Найперш, гэтая кампанія прайшла мірна і спакойна. Амаль не было перашкодаў у працы ініцыятыўным групам. Месцы для правядзення мерапрыемстваў былі больш зручныя, чым раней. Па выніках рэгістрацыі працэнт адмоваў быў меншы, чым у папярэднія выбары. Гулак мяркуе, што гэтаму спрыяла правядзенне выбараў у адзін тур, калі дэпутат абіраецца простай большасцю прагаласаваўшых. Таму як апазіцыя, так і ўлада маглі дазволіць сабе высунуць паболей кандыдатаў на кампанію.

 

Тым не менш, недахопам з’яўляецца «у цэлым закрыты» працэс праверкі подпісаў, якія сабралі ініцыятыўныя групы за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. Гулак адзначыў толькі «адзінкавыя» выпадкі адкрытай працэдуры праверкі гэтых подпісаў.

 

Этап агітацыйнай кампаніі таксама не мае вялікай цікавасці з-за яго амаль адсутнасці. Гэтая адсутнасць абумоўленая скасаваннем дзяржаўнага фінансавання кандыдатаў у дэпутаты. Ім проста няма на што раздрукаваць свае праграмы. Аднак і самі кандыдаты тут не выявілі дастатковай актыўнасці. Па дадзеных «Праваабаронцаў за справядлівыя выбары» некаторыя з прэтэндэнтаў у народныя абраннікі нават не стваралі выбарчыя фонды.

 

Пры гэтым Гулак крыху выйшаў са свайго «міратворчага» вобразу, зазначыўшы, што назіральнікі адзначылі «шматлікія» выпадкі цэнзуры выступаў кандыдатаў у дэпутаты і перашкоды ў публікацыі іх праграмаў у дзяржаўнай прэсе.

 

Такім чынам, праваабаронцы-назіральнікі перайшлі да асноўнай часткі кампаніі — галасаванню на выбарах. І тут ужо напоўніцу разгарнуўся «злы коп» Уладзімір Лабковіч.

 

Па ягоных словах, менавіта «закрытасць» фармавання выбарчых камісій забяспечыла «самыя шматлікія, масавыя і сістэматычныя парушэнні заканадаўства» на гэтых выбарах. Увогуле гэтую кампанію Лабковіч назваў самай негатыўнай за ўвесь перыяд існавання «Праваабаронцаў за свабодныя выбары» — то бок з 2008 года.

 

«Праваабаронцы за свабодныя выбары» назіралі за датэрміновым галасаваннем на 182-х выбарчых участках. На 17,22% участкаў яны зафіксавалі наўпроставы прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. А ў некаторых выпадках нават запісалі аўдыё, дзе кіраўнік навучальнай установы шляхам пагрозаў гнаў студэнтаў на датэрміновае галасаванне.

 

І ў значнай колькасці выпадкаў назіральнікі фіксавалі завышэнне камісіямі яўкі выбаршчыкаў падчас датэрміновага галасавання. Прычым, па словах Лабковіча, гэта быў «беспрэцэдэнтны разрыў», які не спішаш на хібы падліку альбо з боку назіральнікаў, альбо з боку камісіяў. Сапраўды, калі па пратаколу камісіі прагаласавала 500 чалавек, а назіральнікі пабачылі на ўчастку не больш за сотню выбаршчыкаў — тут памыліцца цяжка.

 

Такім чынам толькі за суботу, 10 верасня, розніца ў яўцы па лічбах камісіяў і падліках назіральнікаў склала 31%. У сярэднім па ўчастках, дзе прысутнічалі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «прыпіскі» склалі 14,4%.

 

Як адзначыў Лабковіч, на парламенцкіх выбарах 2012 года гэтыя «прыпіскі» былі ў памеры 10%. На прэзідэнцкіх выбарах 2015 года іх амаль не фіксавалася ўвогуле.

 

Прычым «завышэнне» яўкі адзначылі 54% назіральнікаў-праваабаронцаў. То бок, кожны другі, што сведчыць пра сістэмны і мэтанакіраваны характар гэтых парушэнняў.

 

Увогуле, па словах Лабковіча, «датэрміновае галасаванне» ў Беларусі страціла свой сэнс. Па ідэі, датэрмінова павінны галасаваць тыя, хто ў асноўны дзень выбараў па сур’ёзных і паважных прычынах не здолее наведаць выбарчы ўчастак. Калі на выбарах датэрмінова галасуюць 30% электарату, гэта ўжо не датэрміновыя выбары. Гэта шэсць дзён паўнавартаснага галасавання, гэта шасцідзённы галасавальны марафон, адзначыў Лабковіч.

 

«Добры коп» Алег Гулак, у сваю чаргу, адзначыў, што галасаванне ў дзень выбараў у краіне звычайна праводзіцца «на высокім арганізацыйным узроўні». Улада развівае магчымасці для галасавання, напрыклад, людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Але і тут ёсць нараканні. Напрыклад, назіральнікам па-ранейшаму недаступныя спіскі выбаршчыкаў. І, таксама па-ранейшаму, выклікае вялікія пытанні працэс галасавання вынаснымі скрынямі, па месцы жыхарства выбаршчыка.

 

86% назіральнікаў адзначылі факты, калі выбаршчыкі, да якіх са скрыняй прыйшлі дадому, гэтую скрыню «не выклікалі».

 

Пра падлік галасоў казаў, канешне ж, «злы паліцэйскі» Лабковіч. Галосная і адкрытая працэдура падліку галасоў была асноўным патрабаваннем як айчынных праваабаронцаў, так і міжнародных структур. І гэта не было выканана. Толькі ў 4,39% выпадкаў назіральнікі ад праваабаронцаў паведамілі, што гэты падлік адбываўся галосна і адкрыта для сябраў выбарчых камісій. Нават не для назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ! Па-ранейшаму сябры выбарчых камісій не ведаюць рэальнага пераможцу на выбарчым участку. Бо кожны падлічвае свой стос бюлетэняў і патаемна перадае яго старшыні камісіі, які малюе ў пратаколе выніковыя лічбы.

 

На 95% камісіяў назіральнікі месціліся далей, чым у трох метрах ад стала падліку галасоў і маглі бачыць толькі сілуэты сябраў выбарчых камісій, якія вялі гэты падлік. «На мінулых выбарах такую сітуацыю мы канстатавалі ў 92% выпадках. То бок, сітуацыя нават на 2% пагоршылася», — адзначыў Лабковіч.

 

«Працэдура падліку галасоў абсалютна закрытая для назіральнікаў і прадстаўнікоў СМІ. Таму мы ўвогуле не можам даць ацэнку, хто перамог, а хто прайграў на гэтых выбарах», — зазначыў Лабковіч.

 

Зразумела, якія высновы маглі вынесці з усяго гэтага «Праваабаронцы за свабодныя выбары». «Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання ў цэлым не адпавядалі шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў», — адзначаецца ў фінальнай справаздачы.

 

«Добры паліцэйскі» Алег Гулак напрыканцы адзначыў, што зараз краіну чакаюць некалькі год без выбарчых кампаній. І гэта дае стымул для працы па змяненні выбарчага заканадаўства ў лепшы бок.

 

Праўда, праблема ў нас не ў заканадаўстве. Праблема ў практыцы ягонага прымянення.


Каментаваць