Ладуцька хоча давесці лік раварыстаў у Мінску да 500 тысячаў

Неабходна распрацаваць выразны план дзеянняў па развіцці роварнага руху ў Мінску. Такую задачу сёння паставіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на аператыўнай нарадзе ў гарадскім выканкаме.



Як пішуць minsknews.by, ён выказаў шэраг заўваг і выказаў незадаволенасць тэмпамі і ходам развіцця роварнага руху, заслухаўшы даклад першага намесніка начальніка ўпраўлення спорту і турызму Валянціна Бароўкі.

 
У працы павінны прыняць удзел не толькі чыноўнікі з адміністрацый раёнаў, але і трэнеры па веласпорце.
 
 
На працягу месяца ім неабходна абследаваць кожную вуліцу і паказаць, дзе трэба панізіць бартавы камень, пашырыць роварную дарожку і выканаць іншыя працы. Складзены раней план ужо не адказвае патрабаванням насельніцтва, канстатаваў М. Ладуцька.
 
 
Таксама ў горадзе створаць прафесійны роварны клуб. Адпаведныя матэрыялы будуць разгледжаны на адным з бліжэйшых пасяджэнняў Мінгарвыканкама.
 
 
«Адпрацуйце з айчыннымі вытворцамі велатэхнікі сістэму развіцця роварнага руху. У іх такая ініцыятыва ёсць, — даручыў кіраўнік Мінгарвыканкама. — Яны павінны ўкласці частку грошай у стварэнне клуба. Неабходна арганізаваць па ходзе руху і сетку аб'ектаў гандлю і пракату ровараў, якая базуецца на прадукцыі айчыннай вытворчасці».
 
 
Зараз у Мінску налічваецца каля 300 тыс. аматараў ровара. Іх лік павінен вырасці да 500 тыс., адзначыў Ладуцька.
 
 
Але гэта яшчэ не ўсё. Нядаўна Аляксандр Адамянц, заснавальнік і галоўны рэдактар ​​інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook пра іншы бок праблемы: 
 
 
«Мінскія раварысты канчаткова страх страцілі. Хуткасці ўсё павялічваюцца, а з імі і небяспечныя сітуацыі. Цяпер і на ходніках не адчуваеш сябе ў бяспецы. Мы з жонкай даўно называем іх не інакш, як «забойцы на дарогах». Мабыць, прыйдзецца чакаць публічнага скандалу з крывавымі ахвярамі, каб нарэшце пачалі рэгуляваць гэты хаос, які творыцца на ходніках Мінска. Я цалкам за развіццё структуры для роварнага руху, але нават у яе адсутнасці нішто не апраўдвае недахоп роварнай культуры. Аўтахамства квітнее, цяпер вось і роварнае хамства з'явілася...»

Каментаваць