Лагатып правоў чалавека

У Нью-Ёрку быў прадстаўлены лагатып, які атрымаў перамогу сярод больш чым 15000 прапаноў, што былі дасланы са 190 краін свету.



У Нью-Ёрку быў прадстаўлены лагатып, які атрымаў перамогу сярод больш чым 15000 прапаноў, што былі дасланы са 190 краін свету.

З цяперашняга моманту правы чалавека маюць свой сімвал. 23 верасня 2011 г. ініцыятыва «Лагатып правоў чалавека» прадставіла падчас сесіі Генеральнай асамблеі ААН пераможцу сусветнага анлайн-конкурсу. Ініцыятыва заклікала ва ўсім свеце дасылаць з мая гэтага года прапановы па афармленні лагатыпу і галасаваць за лепшыя ідэі. Рэзананс уражваў – з больш чым 15000 прапаноў журы з вядомых і паважаных асоб сумесна з інтэрнэт-супольнасцю адабрала лагатып-пераможцу. Такім чынам, новы лагатып правоў чалавека маецца зараз у распараджэнні для ўсіх як бясплатны твор «адкрытага доступу» на сайце www.humanrightslogo.net.

Аўтар праекта-пераможцы – Педраг Стакіч з Сербіі. Ідэя 32-гадоваму спецыялісту па графічным дызайне прыйшла ў галаву падчас чытання тэксту Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. «У прэамбуле гаворыцца аб тым, што правы чалавека з'яўляюцца асновай для стварэння свету, у якім будзе панаваць свабода, справядлівасць і ўсеагульны мір. Менавіта гэтую ідэю я адлюстраваў, з'яднаўшы ў новым сімвале два ўніверсальных сімвалы – руку і птушку». Пераможца конкурсу лічыць, што ніводзін сімвал не ў стане змяніць свет. «У тым ліку і гэты сімвал. Але лагатып – гэта сімвал, вакол якога аб'ядноўваюцца людзі, якія ў сваю чаргу могуць змяніць свет».

Ініцыятыва зыходзіць з таго, што новы лагатып атрымае шырокую падтрымку, таму што ён быў распрацаваны людзьмі для людзей і быў адабраны імі ж. Ён закліканы стаць увасабленнем мірнай барацьбы за правы чалавека на ўсёй планеце.

Сусветны конкурс «Лагатып правоў чалавека» ўзяў старт 3 мая 2011 г. З дасланых на працягу ўсяго трох месяцаў 15 369 прапаноў для лагатыпа, якія былі накіраваны ўдзельнікамі са 190 краін, аўтарытэтнае журы з актывістаў праваабарончага руху і дызайнераў адабрала 10 найлепшых, пасля чаго людзі з усяго свету ў фармаце адкрытага інтэрнэт-галасавання, якое доўжылася тры тыдні, вызначылі лагатып-пераможцу.

Прыемнай нечаканасцю для ініцыятараў стала вялікая актыўнасць удзельнікаў – мільёны людзей з моманту абвяшчэння конкурсу ў маі сачылі за яго ходам. «Вялікі поспех конкурсу сведчыць аб тым, што правы чалавека з'яўляюцца важнай тэмай ва ўсіх краінах свету. Многія, відавочна, лічылі, што адсутнасць універсальнага лагатыпу правоў чалавека – гэта прагал. Гэты прагал, урэшце, быў закрыты», – сказаў Федэральны міністр замежных спраў Германіі Гіда Вестэрвеле. Разам з тым, людзі ва ўсім свеце мелі кантакт паміж сабой і абменьваліся думкамі па пытаннях правоў чалавека і дызайне. Ініцыятыва была падтрымана міжнародным журы са значных і вядомыя асоб.

У склад журы увайшлі, у прыватнасці, Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека Наванетхем Пілэй (ПАР), пяць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру – Аўн Сан Су Чжы (М'янма), Шырын Эбадзі (Іран), Мухамад Юнус (Бангладэш), Міхаіл Гарбачоў (Расія) і Джымі Картэр (ЗША), абаронца правоў дзяцей Анжаліна Ахенг Ацьям (Уганда), топ-мадэль і абаронца правоў жанчын Варыс Дзірые (Самалі), галівудскі кінарэжысёр і прадзюсер Роланд Эмерых (Германія), праваабаронца Кэралайн Гомес (Ямайка), поп-зорка і актывіст руху за мір Хуанес (Калумбія), праваабаронца Самалі Мам (Камбоджа), праваабаронца Пайкасотху Сараванамуту (Шры-Ланка), заснавальнік „Вікіпедыі“ Джымі Уэйлс (ЗША), а таксама сусветна вядомыя дызайнеры – Ахмад Хумейд (Іарданія), Хав'ер Марыскаль (Іспанія) і Эрык Шпікерман (Германія). Разам з імі праект таксама падтрымалі міністры замежных спраў Босніі і Герцагавіны, Чылі, Германіі, Канады, Маўрыкія, Сенегала, Сінгапура, Чэхіі і Уругвая, якія выступілі ініцыятарамі платформы для правядзення конкурсу па стварэнні лагатыпу.
 

Каментаваць