Лагодная капітуляцыя

Расія аднавіла пастаўкі нафты ў Беларусь 25 студзеня. Умовы паставак афіцыйна не каментуюць ні ў Маскве, ні ў Мінску. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларускаму боку давялося пайсці на саступкі Расіі.

Расійскія нафтавыя кампаніі спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь з 1 студзеня бягучага года ў сувязі з адсутнасцю дамоваў на 2011 год. У 20-х днях студзеня беларускія НПЗ апынуліся пад пагрозай спынення.

Расія аднавіла пастаўкі нафты ў Беларусь 25 студзеня. Умовы паставак афіцыйна не каментуюць ні ў Маскве, ні ў Мінску. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларускаму боку давялося пайсці на саступкі Расіі.

Расійскія нафтавыя кампаніі спынілі пастаўкі нафты ў Беларусь з 1 студзеня бягучага года ў сувязі з адсутнасцю дамоваў на 2011 год. У 20-х днях студзеня беларускія НПЗ апынуліся пад пагрозай спынення.

У адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем аб размеркаванні экспартных пошлін ад 9 снежня 2010 года, з 1 студзеня 2011-га Беларусь можа закупляць расійскія нафту і нафтапрадукты без выплаты пошлін. Была ўзгодненая закупка Беларуссю ў бягучым годзе 21,7 мільёна тон нафты, у тым ліку 18 мільёнаў тон трубаправодным транспартам.

Расійскія кампаніі настойвалі на падвышэнні коштаў на нафту для Беларусі, паколькі Мінск з 1 лютага падняў мыты на транзіт нафты на 12,5 працэнта. Нафтавыя кампаніі прапанавалі закласці ў формулу цаны бяспошліннай нафты дадатковыя 46 долараў на тону. Паводле іх ацэнак, гэта дазволіць забяспечыць роўную даходнасць пры пастаўках нафты і нафтапрадуктаў на экспарт. Найбуйнейшымі пастаўшчыкамі расійскай нафты ў Беларусь з’яўляюцца «Лукойл», «Сургутнефтегаз» і «Роснефть».

Як перадае БелаПАН, прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Марына Касцючэнка, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу, адмовілася даць інфармацыю наконт запланаваных на студзень аб’ёмаў паставак нафты на беларускія НПЗ, а таксама пра формулу кошту на нафту, аб якой 25 студзеня дамовіліся беларускія і расійскія кампаніі. «Гэта камерцыйныя пытанні. Мы такую інфармацыю не давалі, не даем і даваць не будзем», — сказала Касцючэнка.

Відавочна, Расія ўпэўнена пераходзіць да рынкавых адносін нават «з брацкімі народамі» ў сферы гандлю энергарэсурсамі. Генеральны дырэктар «Гомельтранснефть Дружба» Сяргей Сасноўскі 25 студзеня паведаміў, што да канца студзеня кампанія плануе перапампаваць больш за 200 тысяч тон расійскай нафты для Мазырскага НПЗ.

20 студзеня прэм’ер-міністр Беларусі Міхась Мясніковіч здзейсніў першую працоўную сустрэчу па-за межамі краіны — у Маскве з кіраўніком расійскага ўрада Уладзімірам Пуціным. Падчас перамоў абмяркоўваўся шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку аб умовах пастаўкі нафты ў 2011 годзе, аб кошце прыроднага газу на 2011 год, будаўніцтве беларускай АЭС. Пасля перамоў Мясніковіч паведаміў, што Расія і Беларусь практычна вызначылі формулу разліку кошту на газ да 2015 года. «Ёсць графік руху па роўнадаходных коштах. Гэта — 2015 год. У гэтым плане разгледжаныя дэталі, як рухацца да 2015 года. Мы дамовіліся, практычна вызначылі формулу, як будзе вырашацца пытанне разлікаў», — сказаў беларускі прэм’ер.

Таксама была дасягнутая дамоўленасць, што базавая дамова з Расіяй па будаўніцтве беларускай АЭС будзе падпісана ў першым квартале 2011 года. Па словах Мясніковіча, «з расійскім бокам у гэтым пытанні знойдзена поўнае паразуменне». Пуцін адзначыў, што каля 40% у рэалізацыі праекту па будаўніцтве АЭС можа быць выканана беларускім бокам самастойна. Паводле паведамленняў СМІ, Пуцін пацвердзіў гатоўнасць Расіі крэдытаваць праект.

Да ўсяго расійскі прэм’ер заявіў, што Беларусь атрымае ад Расіі субсідыі ў аб’ёме 4,124 мільярда долараў за кошт бязмытнай пастаўкі нафты. Хаця і кошт на нафту Беларусь атрымала больш высокі, чым планавалася.

Як бачым, у перыяд няміласці Захаду да Беларусі Расія ўзяла курс на падтрымку нязменнай беларускай палітычнай сістэмы. Аднак не на безагаворачных умовах, тым больш і расстаноўка сілаў на палітычным полі спрыяе правядзенню палітыкі Расіі, а прасторы для манеўраў «паміж Захадам і Усходам» у Аляксандра Лукашэнкі цяпер фактычна няма.

Масква не надта старанна грае ролю добрага суседа — рэгулярна ў СМІ працягваюць з’яўляюцца крытычныя матэрыялы на тэму выбараў і поствыбарчых падзей. Так, у аўтарскай праграме Яўгена Рывенкі на РТР быў паказаны даволі крытычны сюжэт з нагоды інаўгурацыі Лукашэнкі. А расійская газета «Ведамасці» апублікавала інфармацыю, што ЦВК Расіі засакрэціў уражанні расійскіх назіральнікаў ад беларускіх выбараў. «Уражанні гэтыя негатыўныя, але Масква вырашыла прызнаць вынікі галасавання», — піша газета.

Такім чынам, можна чакаць, што ў патрэбны момант Расія выцягне ў якасці аргументу негатыўную справаздачу. Але пакуль псаваць ушчэнт адносіны з Беларуссю не мае сэнсу, бо яна знаходзіцца ва ўмовах, калі не пагаджацца з прапановамі нешматлікіх саюзнікаў амаль немагчыма.
 

Каментаваць