Лагер узмоцненага адпачынку

Беларускім чыноўнікам не даюць спакою лаўры СССР. Услед за рознымі абмежаваннямі працоўных улада ўзялася за дзяцей. У Беларусі ўжо адраджаюцца лагеры працы і адпачынку для дзяцей, старэйшых за 14 гадоў. Як паведамляецца, яны будуць дзейнічаць паўсюль, акрамя Чарнобыльскай зоны.



Улада паспяхова крочыць па абраным шляху аднаўлення «Імперыі зла». Ужо колькі разоў яна спрабавала прымусіць грамадзян працаваць! Спачатку было ўведзена размеркаванне студэнтаў. Потым — «прымусовая адпрацоўка» для бюджэтнікаў: два гады на дзяржаўным прадпрыемстве. Потым наспеў час сістэмы тэрміновых працоўных кантрактаў. Зусім нядаўна — дэкрэт прэзідэнта №9, які абмежаваў звальненне працоўных з прадпрыемстваў. Зараз ва ўрадзе пачалі клапаціцца пра прымусовую дзіцячую працу — маўляў, няма чаго ім «бадзяцца» па вуліцах.

Як паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Мікалай Мазур, у Беларусі адраджаюцца лагеры працы і адпачынку для дзяцей, старэйшых за 14 гадоў. Гэта работа ўжо праводзіцца ў адпаведнасці з рашэннем урада. «Пастаўлена задача, каб на вуліцах не было валацужных падлеткаў у перыяд канікул», — заявіў Мазур.

Паводле яго слоў, лагеры працы і адпачынку, дзе падлеткі будуць працаваць па некалькі гадзін на дзень, з’явяцца ў бягучым годзе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. «Калі ў сельскай мясцовасці дзеці ў большай ступені прыцягнуты да працы, у тым ліку на падсобных участках, то ў гарадах у перыяд летніх канікул многія падлеткі адкрыта лайдачаць», — растлумачыў Мазур.

Увогуле, беларускаму ўраду трэба сказаць, каб яны там селі і падумалі міжсобку, што ім трэба. Адны з ураду заклапочаныя тым, што падлеткі ўвесь час сядзяць за кампутарам, вельмі мала ўвагі аддаюць стасункам з сябрамі і, зрэшты, маюць праз гэта праблемы з сацыялізацыяй і ўзаемаадносінамі. Іншыя лічаць гульні на свежым паветры з аднагодкамі «бадзяннем» і «лайдацтвам». Адпаведна, яны і ствараюць «працоўныя лагеры». Урад, нарэшце, павінен вырашыць, чаго ён хоча, а толькі потым ужо займацца дзіцячай палітыкай.

Ініцыятыва «працоўных лагераў» выклікае шмат пытанняў. Першае з іх — хто будзе вызначаць, «бадзяецца» падлетак па вуліцы альбо яго маці ў краму за малаком паслала?

Другое пытанне больш складанае. Гэта ў СССР было ўсё добра: там праца з’яўлялася абавязкам кожнага чалавека, што і было прапісана ў Канстытуцыі. У нашай жа Канстытуцыі прапісана, што праца — гэта «права», а не «абавязак», кажа праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч.

Паводле ягоных словаў, прымусовая праца ў Беларусі магчымая толькі ў адным варыянце: калі ёсць адпаведнае рашэнне суда ў адносінах да асуджанага. Толькі калі суд прызначыў яму прымусовую працу як форму пакарання і выпраўлення, чалавек мусіць працаваць. У іншых выпадках чалавек мае поўнае права адмовіцца ад прымусовай працы — і будзе мець рацыю. А прымусовая праца дзяцей — гэта ўвогуле злачынства, на якое звяртаюць увагу ўсе міжнародныя арганізацыі, ад ААН да Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта ўжо «цягне» на канкрэтныя санкцыі ў дачыненні да краіны.

У сітуацыі, калі падлетка нельга прымусіць працаваць, што ўвогуле атрымаецца? Тое ж «бадзянне», толькі «бадзяцца» ён будзе не па вуліцах горада, а па канкрэтна вызначанай тэрыторыі лагера.

Трэцяе і чацвёртае пытанні — гэта таксама пытанні працы. Зразумела, што ў падлеткаў няма працоўнай кваліфікацыі, і іх будуць адпраўляць на тыя ўчасткі, дзе кваліфікацыі і не патрабуецца. Але ці многа яны там наробяць?

Зараз, згадваючы часы сваёй маладосці, Стэфановіч распавядае, што іх на такія працы адпраўлялі са школы ў «добраахвотна-прымусовым парадку». «Адмазваліся» ад такіх лагераў хто як мог. А галоўнымі «адмазчыкамі» былі важатыя-камсамольцы, якія павінны былі, па ідэі, «выхоўваць маладое пакаленне». Да таго ж, адзначае Стэфановіч, грошай за сваю працу школьнікі-падлеткі так і не ўбачылі. «Нам сказалі, што гэтыя грошы пайшлі на патрэбы школы. Нібыта, за іх закупілі крэслы і дываны нейкія. Атрымліваецца, што працавалі мы выключна «за пахлёбку», — дагэтуль памятае ён свой нясплочаны заробак.

Але падчас сваёй прамовы спадар Мазур ніводнага разу не згадаў пра заробак дзяцей. Ці будуць яны атрымліваць грошы за працу, альбо грошы зноў пойдуць «на патрэбы беларускай народнай гаспадаркі»? Па гэтай прычыне некаторыя СМІ нават сцвярджаюць, што некалькі гадзін штодзённай працы не акупяць выдаткаў на ўтрыманне падлетка ў такой установе. Так што, магчыма, бацькам прыйдзецца даплачваць за пуцёўкі.

Ну і галоўнае, што непакоіць шмат якіх бацькоў, якія чулі пра гэтую ініцыятыву. Па іх меркаванні, у першую чаргу ў «працоўныя лагеры» будуць адпраўляць тых, хто «бадзяецца», а значыць, дзяцей з «праблемных» сем’яў, тых, якія стаяць на ўліку ў дзіцячых пакоях міліцыі, якія ўжо здзейснілі нейкае правапарушэнне. Тых, хто, можа, сапраўды «бадзяецца» па вуліцах. Што будзе з «нармальнымі» падлеткамі, якія патрапяць у такое атачэнне?

У самай горшай сітуацыі, «лагер працы і адпачынку» ператворыцца ў нейкае падабенства «дзіцячай калоніі» са сваімі «паханамі», «дзедаўшчынай», і гэтак далей. У не самым горшым выпадку падлеткі вернуцца з «працоўнага лагеру» ўжо пакаштаваўшы цыгарэт, піва і вясковага самагону.

Але як усё ж прымусіць дзяцей не «бадзяцца» па вуліцах у час канікул? Адказ на гэта даюць каментатары навіны ў інтэрнэце. «Ды падключыце ўсім ім бясплатны вай-фай з 19 да 24 гадзін — і ніводнага бадзяжнага падлетка вы на вуліцы не ўбачыце!» — смяюцца карыстальнікі інтэрнэту.

Дык, можа, сапраўды, падумаць над тым, чым завабіць дзяцей, а не адпраўляць іх у лагер?

Каментаваць