Лапавухая Расія

Беларускай уладзе трэба ўжо задумацца пра лаўры пераможцы і дзеля задавальнення сваіх амбіцый напісаць падручнік “Як аблапошыць Расію. Наіўныя расіяне думалі, што яны здолеюць націснуць на нас праз нафту і газ. Шмат яны казалі пра тое, што шляхам таннай нафты яны субсідавалі Беларусь на шматлікія мільярды долараў. Здавалася б, пасля таго, як за нафту Расія “выдавіла з Беларусі стопрацэнтную мытную пошліну, “халява скончылася і “лавачка прыкрылася.



Беларускай уладзе трэба ўжо задумацца пра лаўры пераможцы і дзеля задавальнення сваіх амбіцый напісаць падручнік “Як аблапошыць Расію. Наіўныя расіяне думалі, што яны здолеюць націснуць на нас праз нафту і газ. Шмат яны казалі пра тое, што шляхам таннай нафты яны субсідавалі Беларусь на шматлікія мільярды долараў. Здавалася б, пасля таго, як за нафту Расія “выдавіла з Беларусі стопрацэнтную мытную пошліну, “халява скончылася і “лавачка прыкрылася.

Так думалі расіяне, але не кемлівыя беларусы. Расіяне пляскалі ў ладкі, а потым раптам заўважылі жудаснае — іх зноўку аблапошылі.

Расійскі бок звярнуў увагу на тое, што імпарт расійскіх нафтапрадуктаў Беларуссю апошнімі гадамі значна ўзрос, у тым ліку ў 2012 годзе — у чатыры разы. Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 6 чэрвеня пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

Беларусь займаецца рээкспартам расійскіх нафтапрадуктаў пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў з мэтай пазбегнуць выплаты экспартнай пошліны ў расійскі бюджэт. Сурыкаў сказаў: “Мы разумеем, што Беларусь імпартуе больш, чым трэба для ўнутранага спажывання. Заўважылі, што ў справаздачнасці Мытнага саюза з’явіліся растваральнікі і разбавіцелі, якія не абкладаюцца пошлінамі. Летась іх было два мільёна тон.

Сурыкаў заявіў, што гэтым пытаннем займаюцца адпаведныя эканамічныя структуры ў РФ. “Хутчэй за ўсё, яно будзе абмяркоўвацца з беларускім бокам, каб не было парушэнняў з рээкспартам. Рээкспартаваць можна, але, калі ласка, заплаціце пошліну, — падкрэсліў пасол.

Нагадаем, у адпаведнасці з дзейнымі пагадненнямі, Беларусь у абмен на бяспошлінную нафту і нафтапрадукты абавязана пералічваць у расійскі бюджэт пошліны ад экспарту нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза. Летась Расіі ў выглядзе нафтавых пошлін было пералічана больш за 3 мільярда долараў. Аднак пры экспарце разбавіцеляў і растваральнікаў уся выручка застаецца ў Беларусі, пошліны ў бюджэт РФ беларускі бок не плаціць.

Паводле ацэнкі эксперта расійскага інстытута “Энергетыка і фінансы Сяргея Агібалава, летась з-за рээкспарту Беларуссю расійскіх нафтапрадуктаў пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў Расія недалічылася як мінімум 700 мільёнаў долараў. “Сёлета страты расійскага бюджэту ад нявыплаты пошлін могуць узрасці да 2 мільярдаў долараў, гэта ўжо немаленькая сума для Расіі, — кажа Агібалаў.

Ну, хай папрацуюць расійскія эксперты і аналітыкі. Ім за гэта неблагія грошы плацяць. А пакуль “адпаведныя эканамічныя структуры ў РФ знойдуць адказ на пытанне, якое задалі ім хітрыя беларусы, мы тут знойдзем яшчэ што-небудзь.

Пра тое, што такая практыка не спыніцца, ускосна сказаў і беларускі прэзідэнт, нават абмаляваўшы далейшыя крокі. І паведаміў ён пра гэта не каму-небудзь, а старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціне Матвіенка.

На сустрэчы з ёй Лукашэнка заявіў, што разлічвае на садзейнічанне Савета Федэрацыі Расіі ў развіцці адносін Беларусі з расійскімі рэгіёнамі. “Былі часы, калі становішча нашага Саюза (Беларусі і Расіі) было вельмі хісткім. І тады супрацоўніцтва з рэгіёнамі выратавала нашы адносіны, — заявіў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што Савет Федэрацыі па сваёй сутнасці з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, якая аб’ядноўвае расійскія рэгіёны ў гэтым органе ўлады. “Пажадана, каб вы далучыліся да гэтага працэсу супрацоўніцтва Беларусі з рэгіёнамі. Вы б дапамаглі захаваць аснову нашых адносін. Мы на любым узроўні гатовыя з вамі супрацоўнічаць, у тым ліку на маім. Таму што ідэя супрацоўніцтва паміж расійскімі рэгіёнамі і Беларуссю ў свой час мною была вылучана, — запэўніў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што закранаў гэту тэму ў гутарцы з кіраўніцтвам Расіі. “Фактычна ёсць ухваленне. І калі б вы гэта ўзялі пад свой кантроль як чалавек, які ўжо ведае гэту тэму, вы б вельмі моцна дапамаглі ў збліжэнні нашых дзяржаў, — падкрэсліў Лукашэнка.

А што? Няблага было б наўпрост выйсці на губернатара Цюмені ды запіліць праграму кшталту “Нафта ў абмен на харчы. Мы ім цыбулю, цукар і малако наўпрост, яны нам наўпрост — нафту і газ. Усё ў абыход федэральнага бюджэту Расіі і ў межах вышэйазначанай праграмы.

Канешне, харчы мы ім закінем самалётамі. А вось з нафтай і газам цяжэй. Тут спатрэбяцца альбо самалёты-запраўшчыкі, альбо неяк скарыстаць у абыход расійскай федэральнай улады трубапровады. Але гэта задача, я думаю, вырашальная, трэба толькі падумаць.

Тым часам Расія таксама не спіць у шапку, хаця да беларусаў ёй, канешне, далёка. У той час, як Беларусь выпампоўвае з Расіі грошыкі, Расія з Беларусі выпампоўвае разумных людзей і кваліфікаваныя кадры.

Адток кадраў з прамысловасці вырас у 1,9 разу ў параўнанні з 1 кварталам 2011 года. “За першы квартал бягучага года выехала з краіны 1177 чалавек, што ў 1,9 разу больш, чым у першым квартале 2011 года, заехала 1593 чалавека, што ў 1,2 разу менш, чым у мінулым годзе, — паведаміў са спасылкай на дадзеныя МУС Беларусі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны рэспублікі Пётр Грушнік.

Ён адзначыў, што з Беларусі грамадзяне для часовага працаўладкавання выязджаюць пераважна ў Расійскую Федэрацыю, у рамках дамоўленасцей Саюзнай дзяржавы і пагадненняў аб фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы, у адпаведнасці з якімі прадугледжана свабода перасоўвання рабочай сілы.

Па дадзеных МУС рэспублікі, у 2011 годзе на падставе працоўных дагавораў і кантрактаў выехала з рэспублікі 5522 чалавека (у 2010 годзе — 5066 чалавек), з іх у Расію — 4237 чалавек, у ЗША — 828, у Польшчу — 224, Германію — 68. Заехала для працы ў рэспубліку 8434 чалавека (у 2010 годзе — 6816 чалавек).

“Пры гэтым асноўным матывам выезду з’яўляецца прывабны ўзровень аплаты працы за мяжой. У сувязі з гэтым мы бачым неабходнасць, перш за ўсё, павышэння матывацыі працы нашых работнікаў, — сказаў Грушнік.

Што яшчэ за “матывацыя? Дошкі гонару? Ганаровыя граматы? Значкі “Перадавік вытворчасці, ганаровыя вымпелы ды медалі “Ударніку сацыяльна арыентаванай эканомікі?

“Матывацыя павінна быць адна: як мага большы заробак пры як мага ніжэйшых коштах. Тады нашыя грамадзяне не будуць ездзіць на заробкі ў Расію, дзе яны большыя, і на закупы ў Польшчу і Літву, дзе кошты меншыя. Вось такая павінна быць матывацыя.
 

Каментаваць