Лэхаім, Гомель! У горадзе над Сожам прайшоў вечар габрэйскай культуры

Адчуць атмасферу побыту, творчасці і жыцця габрэйскага народа гомельцы маглі 24 снежня ў Гарадскім цэнтры культуры.



Увазе гасцей быў прадэманстраваны м’юзікл “Аднойчы ў Жмерынцы” у выкананні ансамбля “Шалом" Гомельскай абласной габрэйскай грамады ”Ахдут” (“Адзінства”). Ансамбль быў створаны 10 гадоў таму і на дадзены момант у яго калектыве налічваецца 20 чалавек самых розных пакаленняў – ад самых маленькіх да масцітых артыстаў.

Падчас м’юзікла ў гледачоў была магчымасць зазірнуць у дом адной звычайнай габрэйскай сям’і з дапамогай песняў, танцаў ды гумару.

Тамара Фейгіна, кіраўнік ансамбля “Шалом”:

— Сёння было вельмі цікава як для нас, так і для ўсіх гледачоў. Мы імкнуліся данесці як да габрэяў, так да прадстаўнікоў іншых народаў нашую культуру, традыцыі, звычаі і музыку, якая нікога не можа пакінуць абыякавым. У м’юзікле мы паказалі жыццё габрэйскай сям’і ў мястэчку, калі шмат дзяцей, калі ўсе сябруюць і трымаюцца разам. Слова “Шалом” адначасова значыць і “добры дзень”, і “да пабачэння”, а таксама “мір вашаму дому”. І мы хочам тым самым павярнуць гісторыю назад ды адрадзіць дух і жыццё габрэйскіх мястэчак.

Пазнаёміцца з культурай і побытам можна было на выставе дэкаратыўна-прыкладнай творчасці суполак грамады. Аматары габрэйскай кухні маглі пакаштаваць адмыслова прыгатаваныя стравы, а ў завяршэнне свята арганізатары запрасілі гасцей на танцпол і працягнулі без таго вясёлы вечар.

Зоя Мальчук, мастацкі кіраўнік Гарадскога цэнтра культуры ў Гомелі:

— Гэты вечар стане пачаткам нашага праекта па правядзенні адмысловых вечароў розных нацыянальных культур Гомеля. Гэта будуць і вечары славянскіх культур – беларускай, украінскай і расійскай, але ў нашым горадзе пражываюць і габрэі, азербайджанцы, армяне, грузіны, туркмены, прадстаўнікі афрыканскіх ды ўсходніх краін і шмат якія іншыя народы. Мы спадзяемся, што падобныя мерапрыемствы будуць карыстацца папулярнасцю сярод гомельцаў.

Каментаваць