Лепш, чым магло быць, але горш, чым мусіць

Прайшло паўгода з моманту ўступлення ў сілу новага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Эксперты ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падсумавалі вынікі дзеяння гэтага заканадаўчага акта і прыйшлі да высновы, што прынцыпова ўмовы дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі пасля з’яўлення гэтага дакумента не змяніліся.

(На выяве: «Экспрэсія». Мастак Карлас Алехандра Фалька Чанг (Куба))



Прайшло паўгода з моманту ўступлення ў сілу новага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Эксперты ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» падсумавалі вынікі дзеяння гэтага заканадаўчага акта і прыйшлі да высновы, што прынцыпова ўмовы дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі пасля з’яўлення гэтага дакумента не змяніліся.

(На выяве: «Экспрэсія». Мастак Карлас Алехандра Фалька Чанг (Куба))


Варта адзначыць, што дагэтуль у сістэму падпіскі і распаўсюду не вернуты больш за дзесяць беларускіх грамадска-палітычных выданняў, у тым ліку і «Новы час».

Што да самога «міні-юбіляра», то намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец нагадаў, што эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў яшчэ да прыняцця дакумента крытыкавалі як сам закон у цэлым, так і асобныя яго палажэнні. «Сфера дзейнасці закона была адным з пунктаў, які выклікаў найбольшую крытыку, а менавіта тое, што закон закранае тыя СМІ, якія распаўсюджваюцца ў сусветным павуцінні — інтэрнэце», — адзначыў падчас прэс-канферэнцыі намеснік старшыні БАЖ.

Урад, згодна новага закона, мусіў стварыць адмысловую групу, што займалася б распрацоўкай спецыяльнага палажэння, якое б рэгулявала дзейнасць інтэрнэт-медыя. «Безумоўна, мы адзначаем як пазітыўны момант тое, што дзейнасць групы, якая распрацоўвала пастанову ўрада, прыпынена, і гэта пастанова дагэтуль не распрацавана», — сказаў Андрэй Бастунец.

Паводле яго слоў, яшчэ адным станоўчым момантам з’яўляюцца пэўныя крокі ўладаў па лібералізацыі падыходу да рэгістрацыі і перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, у старым законе была прапісана неабходнасць узгаднення размяшчэння СМІ з мясцовымі органамі ўлады, што стварала вялікія праблемы для дзейнасці недзяржаўных масмедыя, — у новым законе такое ўзгадненне не прадугледжана. «Мы бачым, што мае месца практыка адмовы ад штучных перашкодаў для стварэння новых сродкаў масавай інфармацыі», — адзначыў намеснік старшыні БАЖ.

Тым не менш, падкрэсліў юрыст, сам факт неабходнасці дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ супярэчыць дэмакратычным падыходам. З іншага боку, пазітыўным ёсць тое, што цяпер перарэгістрацыя ўжо існуючых выданняў мае не дазвольны, а заяўны характар.

Як адзначаюць эксперты БАЖ, Міністэрства інфармацыі не злоўжывае сваімі надзвычай вялікімі паўнамоцтвамі па ўмяшанню ў дзейнасць СМІ. У 2006 годзе менавіта да гэтага заклікаў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі Міклаш Харашці. Затое сваімі паўнамоцтвамі злоўжываюць пракуратура і некаторыя ідэолагі, асабліва калі справа тычыцца журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі. Даволі жорсткую пазіцыю займае і Міністэрства замежных спраў, прычым не звяртаецца ўвага на заклікі Еўрапейскага парламента і Савета Еўропы скасаваць перашкоды для акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных СМІ і дзейнасці «Белсата», «Еўрарадыё», «Радыё Рацыя» ды некаторых іншых масмедыя.

Адмоўным з’яўляецца і тое, што новы закон «Аб СМІ» не забяспечыў доступу журналістаў да інфармацыі. Прававыя акты, што прымаюцца апошнім часам, як сцвярджаюць юрысты БАЖ, накіраваны на абмежаванне цыркулявання неадфільтраванай інфармацыі ў грамадстве. Практыка прымянення Закона «Аб СМІ» наўпрост залежыць ад узаемадачыненняў Беларусі з Еўропай. У выпадку пагаршэння гэтых стасункаў ці змянення вектару беларускай міжнароднай палітыкі гэты і іншыя законы лёгка могуць быць скіраваны супраць СМІ, лічаць юрысты БАЖ. Бо прававая база існавання СМІ ў Беларусі толькі пагоршылася, і сістэмных зрухаў наперад не адбылося. А ўлада, як і раней, імкнецца захаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай Беларусі.

Як падсумаваў вынікі паўгадавога дзеяння дакумента Андрэй Бастунец, «усё, што адбывалася пасля прыняцця новага закона «Аб СМІ», — гэта лепш, чым магло быць, але горш, чым мусіць».
 

Каментаваць