Лепш працаваць, чым святкаваць

Вось і скончыліся працяглыя майскія святы. Народ адпачыў, пасадзіў бульбу, з’ездзіў на шашлыкі... Зараз па гарадах і вёсках ходзяць людзі з загарэлымі тварамі, бо надвор’е спрыяла. Але камусьці працяглыя святы відавочна на карысць не пайшлі.



Вось і скончыліся працяглыя майскія святы. Народ адпачыў, пасадзіў бульбу, з’ездзіў на шашлыкі... Зараз па гарадах і вёсках ходзяць людзі з загарэлымі тварамі, бо надвор’е спрыяла. Але камусьці працяглыя святы відавочна на карысць не пайшлі.

Прыкладам таго, як не трэба адпачываць, можа служыць доктар гістарычных навук, член Геральдычнай рады пры прэзідэнце Беларусі Сяргей Рассадзін. На прэс-канферэнцыі «Развіццё беларускай геральдыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Вытокі беларускай сімволікі», ён заявіў, што рамбічны арнамент, які прысутнічае на дзяржаўным сцягу Беларусі, існаваў яшчэ 12 тысяч гадоў таму, калі на зямлі жылі маманты. Паводле яго слоў, арнамент яскрава бачны пры зрэзе біўня маманта Mаmmutus рrіmі gеnіus.

«Арнамент мае глыбокую гісторыю, яго элементы прасочваюцца нават у культуры цывілізацыі Цэнтральнай Азіі і Кітая. Некаторыя ка­жуць пра ісламскае прачытанне нашага сцяга, але гэта не так. Мы павінны належным чынам ставіцца да сваёй гісторыі, — падкрэсліў Рассадзін.

Сенсацыйная заява пра тое, што беларусы з’яўляюцца прамымі нашчадкамі мамантаў, уражвае. Але добра і тое, што паходзім ад мамантаў, а не ад знакамітай вавёркі. То бок «белачкі» — дэлірыюм трэменс.

Лепш бы спадар Рассадзін браў прыклад з беларускага прэзідэнта. Аляксандр Рыгоравіч нават у выходныя напружана працаваў над паляпшэннем іміджу Беларусі. На тыдні ён даў інтерв’ю інфармацыйнаму агенцтву «Рэйтэр», дзе заявіў, што Беларусь гатова да лібералізацыі пры ўмове, што рэформы не дэстабілізуюць эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне.

Закрануў Лукашэнка і такую слізкую тэму, як пытанне пра прызнанне грузінскіх Абхазіі і Паўднёвай Асеціі: «Расія пераконвае Мінск узяць яе за прыклад і прызнаць іх незалежнасць, тады як ЕС не раз казаў, што гэта пашкодзіць кантактам Беларусі з Захадам. Мне хочацца вырашыць яго так, каб не было негатыву ў нашых людзей, каб людзі ўспрынялі дзеянні ўлады як свядомыя, прадуманыя і ўзважаныя», — цытуе прэзідэнта «Рэйтэр».

Ускосна гэта значыць тое, што прызнанне незалежнасці гэтых рэгіёнаў будзе вырашацца залежна ад таго, што прапануе Беларусі Расія і Еўрапейскі Саюз. У залежнасці ад таго, хто заплаціць больш, і будзе вырашацца гэта пытанне.

І тым не менш, А. Лукашэнка вырашыў не ехаць у Прагу. Беларускую дэлегацыю на ўстаноўчым саміце палітыкі «Усходняе партнёрства» Еўрасаюза, які пройдзе 7 мая ў Празе, узначаліць першы віцэ-прэм’ер Ула­дзімір Сямашка. У склад афіцыйнай дэлегацыі таксама ўключаны міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

Такое рашэнне прыняў сам А. Лукашэнка, «зыходзячы са спецыфікі новай палітыкі». Паколькі яе змест «цалкам прыкладны і ахоплівае сацыяльна і эканамічна значныя кірункі супрацоўніцтва (гандаль, энергетыка, транспарт, міграцыя і г.д.), яе курыраванне аднесена да кампетэнцыі ўрада».

Карацей, для прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі ў Празе «Усходняе партнёрства» — занадта «дробны бісер». Не прэзідэнцкая гэта справа — вырашаць «прыкладныя пытанні». Вось з’ездзіць на Лоеўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, альбо ў Салігорск для адкрыцця пятага калійнага камбінату — самае тое.

А пакуль нашы навукоўцы выводзяць беларускі род ад мамантаў, а палітыкі вырашаюць глабальныя пытанні, сусветны эканамічны крызіс дабраўся да самага святога. Напярэдадні 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў рэгіёнах Вечныя агні пераводзяць на антыкрызісны рэжым працы.

У Камянцы каля брацкай магілы савецкіх воінаў не гарыць Вечны агонь. Бо, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай працы Камянецкага райвыканкама Ірыны Нігерыш, падчас эканамічнага крызісу трэба лічыць капейку. «Ён у нас гарыць у святочныя дні, у нас жа не Брэсцкая крэпасць... А калі ў нас праходзяць святы (23 лютага, дзень вызвалення, дзень горада), мы абавязваем «Гаргаз», і яны падключаюць. Але цэлы дзень ён у нас, вядома, не гарыць... У эканамічны крызіс кожны лічыць капейку...»

На мемарыяльных комплексах зараз усталёўваюць газавыя лічыльнікі. Па словах начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага гарвыканкама Сяргея Кадола, улады выконваюць рашэнне ўрада: «Існуюць з нядаўняга часу правілы ўліку прыроднага газу, якія зацвер­джаны на ўзроўні ўрада ў канцы 2008 года. Правілы прадугледжваюць наяўнасць прыбораў уліку газу там, дзе ёсць яго спажыванне».

Вечны агонь у Брэсцкай крэпасці абыходзіцца штомесяц у 5 тысяч долараў. Раней яго ўтрыманне забяспечваў «Газпрам». Аднак сёлета, па словах дырэктара комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Валерыя Губарэнкі, падобная дамова пакуль не падпісана. «Газпрам» скончыў усе плацяжы ў гэтым годзе. А на наступны год дамовы з ім няма. За газ плаціць Рэспубліка Беларусь з бюджэту.

У Беларусі шмат Вечных агнёў, якія ўключаюцца толькі на святы. Але ёсць, ёсць магчымасць запаліць іх ізноў! Ізноў жа, за кошт эканоміі дзяржаўных сродкаў. 5 мая Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта, амністыя «не будзе насіць шырокі характар». Традыцыйна вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці льготныя катэгорыі асоб, што ўчынілі злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і менш цяжкія злачынствы. Амністыі падлягаюць таксама асобы, асуджаныя за менш цяжкія злачынствы — пры адбыцці не менш адной чвэрці тэрміну пакарання; за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы — пры адбыцці не менш адной траціны тэрміну пакарання. Вызвалены таксама будуць асобы, што ўчынілі любое злачынства, калі да заканчэння тэрміну адбывання пакарання засталося менш за год.

Як заявіў у ПП НС выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў Анатоль Куляшоў, у выніку амністыі будзе вызвалена каля 4,5 тысячы чалавек, мяркуемая эканомія сродкаў рэспубліканскага бюджэту складзе 2 мільярда рублёў.

Каментаваць