Лепшая навіна — адсутнасць навінаў

Хаця Аляксандр Лукашэнка ў сваёй манеры і ацаніў сустрэчу Дзмітрыя Мядзведзева з беларускімі журналістамі як «абсалютна бессэнсоўную», па ўсім відаць, зараз яго больш хвалююць іншыя праблемы.

І ці не галоўная з іх — падпісанне дакументаў па Мытнаму саюзу з Расіяй і Казахстанам. «Мытны саюз — гэта перш за ўсё мацнейшая падтрымка для Расіі», — заявіў беларускі прэзідэнт 24 лістапада ў Мінску ў размове з удзельнікамі Х пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД .



Хаця Аляксандр Лукашэнка ў сваёй манеры і ацаніў сустрэчу Дзмітрыя Мядзведзева з беларускімі журналістамі як «абсалютна бессэнсоўную», па ўсім відаць, зараз яго больш хвалююць іншыя праблемы.

І ці не галоўная з іх — падпісанне дакументаў па Мытнаму саюзу з Расіяй і Казахстанам. «Мытны саюз — гэта перш за ўсё мацнейшая падтрымка для Расіі», — заявіў беларускі прэзідэнт 24 лістапада ў Мінску ў размове з удзельнікамі Х пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў СНД .

Паводле слоў прэзідэнта, беларускі бок разлічвае, што ўдзел у мытным саюзе дасць яму эканамічны эфект. «Для нас гэта больш надзея на тое, што будзем мець эфект у эканоміцы. У тым выглядзе, у якім мы цяпер яго прымаем, ён яшчэ пакуль не дасць эфекту. Гэта працэс, але не далёкі. Мы за паўгода ўніфікуем усе мытныя тарыфы, ствараем камісію і выходзім да адзінай эканамічнай прасторы. Вось адзіная эканамічная прастора — гэта поспех», — заявіў Лукашэнка.

То бок, ніякага прапагандысцкага эфекту факт запрашэння беларускіх журналістаў Мядзведзевым для Лукашэнкі не існуе. Нават заява Мядзведзева пра тое, што ён будзе сустракацца з журналістамі рэгулярна, а ў перспектыве плануе сустрэчы з беларускай апазіцыяй, для Лукашэнкі не страшная. Ці яго больш хвалююць іншыя праблемы.

З іншага боку, Расія зрабіла шэраг рэверансаў напярэдадні падпісання  дамоваў па Мытным саюзе і ў бок афіцыйнага Мінска. Удзел Беларусі ў праграме Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» не будзе канкураваць з яе ўдзелам у СНД, ЕўрАзЭС і Мытным саюзе. Такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі 25 лістапада ў Маскве, дзе праходзіла пасяджэнне сумеснай калегіі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі.

«Нашы беларускія сябры дакладна нам пацвердзілі, што іх удзел у праектах «Усходняга партнёрства» не будзе наносіць ніякага ўрону, сапернічаць з актыўным удзелам Беларусі ў інтэграцыйных працэсах на прасторы СНД, уключаючы ЕўрАзЭС і Мытны саюз. Мы такі падыход лічым адкрытым, транспарэнтным і зыходзім з таго, што так яно і будзе», — заявіў Лаўроў.

А міністр фінансаў Расіі Кудрын пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што Расія прыме рашэнне пра выдзяленне крэдыту Беларусі на будаўніцтва АЭС у найбліжэйшыя некалькі месяцаў.

Але ж гэта толькі заяўкі. Паглядзім, як будзе развівацца сітуацыя надалей. Асабліва ва ўмовах крызісу.

Тым часам, пакуль Кудрын збіраецца фінансаваць будаўніцтва АЭС, у гэтай галіне здзівілі беларускія спецыялісты. Уздзеянне малых доз радыяцыі нароўні з іншымі неспрыяльнымі фактарамі (неспрыяльная экалогія, стрэс, недахоп ёду і лішак соляў цяжкіх металаў у арганізме чалавека) спрыяе развіццю псіхасаматычных захворванняў, а таксама хваробаў, абумоўленых парушэннямі імуннай і эндакрынных сістэмаў. Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага беларускімі спецыялістамі, паведаміла 24 лістапада ў Мінску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Экалогія чалавека ў постчарнобыльскі перыяд» загадчыца кафедры педыятрыі № 2 Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта дацэнт Нэлі Парамонава.

Паводле яе слоў, даследаванне ўздзеяння экалагічна неспрыяльных фактараў на арганізм дзіцяці праводзілася на працягу шасці гадоў. Былі абследаваны больш за 2 тысячы дзяцей, галоўным чынам з Гомельскай і Магілёўскай абласцей, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Як паказала даследаванне, уздзеянне радыеактыўных і антрапагенных фактараў на здароўе прыводзіць да парушэнняў цэнтральнай нервовай сістэмы: парушэнняў у структуры асобы, дыспрапорцый у суадносінах стэнічных і астэнічных уласцівасцяў, зніжэння інтэлектуальных здольнасцяў, парушэння генетычнай адаптацыі.

Здаецца, раней пра гэта ўвесь час казалі незалежныя эксперты, такія, як прафесар Іван Нікітчанка і былы рэктар Гомельскага медуніверсітэта Юры Бандажэўскі. Бандажэўскага за гэта пасадзілі. А Нікітчанку мала хто слухаў. І вось зараз — прызнанне іх слушнасці на афіцыйным узроўні.

Ну, і яшчэ здзівілі замежныя калегі. Еўрапейская камісія мае «неўзабаве» прыняць рашэнне пра зніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў, заявіў міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас 24 лістапада падчас сустрэчы са студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў Вільнюсе.

«Беларусаў да гэтага часу дыскрымінуюць, і тое не робіць гонару Еўрасаюзу», — сказаў дыпламат. Ушацкас пацвердзіў, што кошт павінен быць зніжаны прынамсі да ўзроўню, які плацяць грамадзяне Расіі і Украіны, — 35 еўра замест цяперашніх 60.

«Спадзяюся, Еўракамісія прыме аператыўныя рашэнні, каб выправіць абсалютна непрымальную цяперашнюю сітуацыю», — зазначыў Ушацкас.

Што ж, будзем чакаць сюрпрызаў. Спадзяюся, прыемных.
 

Каментаваць