Лепшы піяр тыдня

Калі б я быў Ракфелерам,  заснаваў бы прэмію за лепшы піяр года. І я думаю, што гэту прэмію атрымала бы Грамадская рада па маральнасці. Яшчэ ніхто так не паспрыяў іміджу гурта «Rammstein» ў Беларусі, як гэтая рада.



Калі б я быў Ракфелерам,  заснаваў бы прэмію за лепшы піяр года. І я думаю, што гэту прэмію атрымала бы Грамадская рада па маральнасці. Яшчэ ніхто так не паспрыяў іміджу гурта «Rammstein» ў Беларусі, як гэтая рада.

Грамадская рада па маральнасці 19 лютага разгледзела пытанне аб правядзенні 7 сакавіка ў Мінску канцэрта гурту «Rammstein». З гэтай нагоды была распаўсюджана заява, у якой нямецкія музыкі абвінавачваюцца ў прапагандзе нацызму і распусты. «Што гэты гурт будзе рабіць у Беларусі?» — ставіцца пытанне ў заяве. І даецца адказ: «Яны будуць крышыць і знішчаць яшчэ вельмі кволую беларускую самасвядо­масць, таптаць памяць пра Перамогу і яе герояў і, нарэшце, разбураць беларускую дзяржаўнасць. Менавіта так: беларускую ідэнтычнасць і ядро беларускай дзяржаўнасць 7 сакавіка збіраюцца ўзламаць пры дапамозе тарану... Рашэнне везці ў Мінск «Rammstein» — гэта памылка, якая можа нам дорага каштаваць», — вырашыла рада.

Чаго дамаглася рада сваёй заявай? Па-першае, афігеннай раскруткі канцэрта «Rammstein» у беларускіх сродках масавай інфармацыі — за два тыдні да канцэрта. Нават калі нехта не ведаў, што такое «Rammstein» і з чым яго ядуць, зараз ведае ўсю «паднаготную» гурта і ягоных спеваў. Заўважце — гэта кампанія раскруткі нічога не каштавала яе стваральнікам. Хіба толькі вольнага часу і пары старонак паперы для складання заявы. Супер!

Думаю, квіткі, якія плануюць выкінуць арганізатары канцэрта ў апошні тыдзень па кошце каля 400 тысяч рублёў, разыдуцца вокамгненна. Не кожны раз пабачыш у Беларусі амаль забароненае шоу!

Па-другое, у сувязі са скандалам вакол канцэрта гурта ў Мінску замежныя СМІ прыгадалі, што такое Беларусь. Канешне, не ў «ружовых акулярах». Узгадана было ўсё — ад забароны піцця піва на вуліцах да намеру кантраляваць інтэрнэт. Пра Беларусь напісалі «Die Zeit», «Stern», «Sueddeutsche Zeitung», «Bild», ВВС, n-tv.de і гэтак далей. Такая піяр-кампанія па згадках Беларусі ў замежных СМІ не снілася нават агенцтву лорда Бэла, які год займаўся папулярызацыяй Беларусі ў заходніх СМІ, перацягаў у Беларусь процьму журналістаў, ды так нічога і не дасягнуў. Уяўляю, як зараз Бэл грызе пазногці ад зайздрасці! Ён ведае, што «чорны піяр» — найбольш дзейсны піяр.

Па-трэцяе, сябры грамадскай рады па маральнасці самі не засталіся без падарункаў. І яшчэ якіх падарункаў! Па папярэдніх звестках, арганізатары канцэрта «Rammstein» (а гэта — Палац Рэспублікі, дзяржаўнае прадпрыемства!) запэўнілі, што калі ўзнікне вострая неабходнасць прагляду праграмы, будзе абмяркоўвацца варыянт паездкі прадстаўнікоў савета ў Вільню на канцэрт гурта, які адбудзецца там 5 сакавіка. Каб яны на свае вочы паглядзелі, што «Rammstein» не прапагандуе гвалт і сексуальную разбэшчанасць.

І — заўважце — арганізатары самі праплоцяць беларускай дэлегацыі ўсе выдаткі!

Хто б адмовіўся на поўную халяву з’ездзіць на супермегашоу сусветных зорак, ды яшчэ за мяжу, у Еўрасаюз? Думаю, такіх «адмаўленцаў» не знойдзецца.

На тыдні пачала падымацца і міліцыя. Нагадаем, згодна з новай рэдакцыяй артыкула 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, з 23 лютага прадугледжана адказнасць за распіццё слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскіх месцах. Такімі прынята лічыць вуліцу, стадыён, сквер, парк, грамадскі транспарт ці іншыя грамадскія месцы, за выключэннем месцаў, прызначаных для спажывання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва. 23 лютага, у першы дзень прымянення паправак у КоАП, у Мінску за распіццё піва ў грамадскіх месцах было складзена 80 адміністрацыйных пратаколаў.

Найбольшая колькасць пратаколаў была складзена ў Маскоўскім (21), Савецкім (15), Партызанскім (10) і Цэнтральным (9) раёнах, найменшая — у Ленінскім (2), Першамайскім (3), Заводскім, Кастрычніцкім і Фрунзенскім (па 6). Два пратаколы склалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў па ахове метрапалітэна.

У ГУУС адзначаюць, што колькасць складзеных пратаколаў не адлюстроўвае рэальнай сітуацыі ў горадзе. Справа ў тым, што ў першы дзень новаўвядзення міліцыянеры рабілі скідку на свята і недасведчанасць некаторых мінчан, таму абмяжоўваліся ў асноўным прафілактычнай гутаркай. А пратаколы складаліся ў дачыненні да грамадзян, якія акрамя таго, што распівалі піва, знаходзіліся яшчэ і ў стане моцнага алкагольнага ап’янення.

Улічваючы, што зараз максімальны штраф за распіццё піва складае каля 300 тысяч, то толькі за «няпоўны працоўны дзень» казна папоўнілася вялікімі грашыма. Што ж будзе, калі пачнецца «поўны працоўны дзень»? Пэўна, трэба забараніць песню «Сяброў» «Піце піва, мужыкі! Век такі і час такі!» як прапаганду празмернага ўжывання напою. Вось чым павінна заняцца зараз рада па маральнасці! Хопіць, «Rammstein» ужо раскруцілі, час падумаць і пра айчынных выканаўцаў!

І яшчэ непрыемная навіна. У Беларусі павышаецца кошт праезду ў гарадскім грамадскім транспарце. Згодна з пастановай Міністэрства эканомікі, паездка ў грамадскім транспарце Мінска будзе каштаваць 700 рублёў (зараз — 600), у абласцях — 600 рублёў (зараз — 500). Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта Мінэканомікі, узгоднены таксама межавыя максімальныя тарыфы на перавозкі пасажыраў гарадскімі аўтобусамі экспрэсных рэгулярных маршрутаў з дазволенай максімальнай масай больш за 5 тыс. кг: у Мінску — 1100 рублёў за паездку, у абласцях — 900 рублёў. Кошт праязных білетаў шматразовага выкарыстання «ўзгоднены Міністэрствам эканомікі ў памерах, адэкватных росту тарыфаў на праезд».

З аднаго боку, павышэнне нязначнае, улічваючы, што тарыфы на праезд у грамадскім транспарце не павышаліся ў Беларусі са жніўня 2007 года. З іншага — паводле папярэдніх вынікаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці ДП «Мінсктранс» за 2009 год, узровень вяртання выдаткаў на перавозкі гарадскім грамадскім транспартам даходамі ад продажы білетаў склаў у сярэднім 36,8% у Мінску і 70% — у абласцях. Хто можа гарантаваць, што «зайцаў» стане менш?

Каментаваць