Лічбавы выбух

Наша краіна ў сацыяльным плане застыла. Але ў тэхналагічным рухаецца сямімільнымі крокамі. І калісьці гэты дысбаланс выбухне.

На тыдні працягнулася «баданне» прадпрымальнікаў з уладай. Падаецца, пакуль Аляксандр Рыгоравіч катаўся на лыжах у Сочы, да нечага дамовіліся. Але кіраўнік дзяржавы зноўку абвастрыў гэтае пытанне.

8 лютага адбылося першае пасяджэнне рабочай групы па праблемных пытаннях дзейнасці ІП у межах Грамадска-кансультацыйнага савета пры Міністэрстве эканомікі, у склад якой увайшлі кіраўнікі бізнес-саюзаў, члены саветаў прадпрымальнікаў рынкаў Мінска і рэгіёнаў. Кіраўнік прадпрымальніцкай арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка сам факт такога пасяджэння ацаніў вельмі станоўча. "Пачаўся дыялог, і мы пачулі, што ёсць вялікае жаданне ў чыноўнікаў гэтую праблему вырашыць", — сказаў ён.

У сувязі з гэтым «Перспектыва» нават адклікала сваю заяўку на правядзенне 15 лютага мітынгу ў Мінску. «Асноўны матыў такога рашэння — гэта дасягненне першачарговай мэты: пачатак дыялогу, якога не было ў ІП з урадам апошнія шэсць-сем гадоў, што прывяло да той крызіснай сітуацыі, у якой знаходзіцца бізнес сёння, а менавіта страты магчымасці працаваць», — гаворыцца ў заяве аб'яднання, распаўсюджанай 9 лютага.

У сувязі з пачаткам перамоваў знікла неабходнасць «у выкарыстанні такога інструмента, як мітынг». «Мы хацелі быць пачутымі — нас пачулі! Сёння ўжо можна смела канстатаваць: улада прызнала, што ў ІП не «адпачынак ці навагоднія святы», а сур'ёзныя праблемы, якія трэба вырашаць у любым выпадку», — лічаць у арганізацыі.

А на наступны дзень Аляксандр Рыгоравіч, прымаючы з дакладам міністра гандлю Беларусі Уладзіміра Калтовіча, запатрабаваў прыняць меры «для працы ў роўных умовах усіх гандлёвых структур», не звяртаючы ўвагі на незадаволенасць іпэшнікаў. «Рабіце так, каб і дзяржаўны гандаль, і прыватны, замежнікі і свае былі ў роўных умовах. І не глядзіце на забастоўкі нейкіх іпэшнікаў ці яшчэ кагосьці. Мы дакладна дамовіліся летась. Мы не пацаны, каб нас вадзіць за нос, тым больш мяне. Мы дамовіліся — у гэтым ключы трэба дзейнічаць», — цытуе Лукашэнку БелТА.

Кіраўнік дзяржавы традыцыйна абвінаваціў ІП у тым, што яны «загубілі лёгкую прамысловасць». «Тыя, хто завозяць сюды рознага роду рыззё (і нават добрай якасці, калі б гэта было з Турцыі, Кітая, Расіі і іншае), трэба разумець: усё, што мы завезлі да сябе адтуль, мы настолькі ж загубілі сваю эканоміку, лёгкую прамысловасць. Не будзе яна развівацца. Тым больш без дакументаў, без сертыфікатаў. Слухайце, гэта ж мы ўзаконьваем бандытызм, злачынцаў! Адных ловім, саджаем, а іншым дазваляем», — заявіў ён.

«Рыззё добрай якасці» — гэта, канешне, крута. Але на месцы кіраўніка дзяржавы я б пацікавіўся ў Легпрама, чаму гэтая галіна не можа наладзіць вытворчасць такога ж рыззя — добрай якасці і па прымальных коштах. Самі чыноўнікі ходзяць у строях, канешне, не набытых на рынку, але і далёка не вытворчасці «Камінтэрну».

Але і ў гэтым Анатоль Шумчанка ўбачыў доры знак. Па ягоным меркаванні, выказванні Аляксандра Рыгоравіча сведчаць, што Лукашэнка пачуў ІП і трымае сітуацыю на кантролі. А да выказванняў беларускага правадыра трэба ставіцца спакойна, лічыць Шумчанка.

А пакуль усе сочаць за серыялам «ІП — Лукашэнка», у краіне адбылася маленькая тэхналагічная рэвалюцыя. Тэхнічны дырэктар аператара сотавай сувязі Velcom Крысціян Лаке агучыў канец эпохі GSM-сувязі ў краіне. Гэты канец прыйдзе ў наступным годзе.

"Гісторыя GSM у Беларусі налічвае больш за 17 гадоў, але ў найбліжэйшыя два-тры гады яе могуць канчаткова выцесніць тэхналогіі трэцяга пакалення», — піша некралог стандарту GSM аператар сувязі. Гэта адбываецца з-за пашырэння пакрыцця 3G-сеткі, даступнасці шырокапалоснага мабільнага інтэрнэту і рост колькасці сучасных мабільных прылад. «Апошнія два гады абаненты масава «мігруюць» з GSM на 3G», — растлумачыў тэхдырэктар velcom.

Цяпер больш за палову (2,5 млн.) абанентаў velcom валодаюць смартфонамі, планшэтамі і ноўтбукамі з падтрымкай UMTS-900. Да канца 2017 года іх доля можа дасягнуць 70–80%, што і адзначыць канец эпохі GSM і паставіць пытанне аб далейшым развіцці гэтай тэхналогіі. Абодва стандарты выкарыстоўваюць адзін і той жа дыяпазон (900 Мгц), аднак ёмістасць базавай станцыі ў UMTS-900 удвая вышэйшая, чым у GSM-900.

Паводле ацэнак аператара, змена пакаленняў мабільнай сувязі можа заняць у Беларусі каля двух гадоў. У той жа час velcom працягне падтрымліваць стандарт GSM, пакуль у сетцы будуць абаненты, якія яго выкарыстоўваюць. «Трэба ўлічваць інтарэсы таго сегмента аўдыторыі, якому дастаткова звычайнага мабільнага тэлефона і галасавога трафіку. Але гэта факт: попыт упэўнена ссоўваецца ў бок дата-трафіку і сэрвісаў, заснаваных на магчымасцях 3G-сеткі», — зазначыў Крысціян Лаке.

Што гэта значыць? Гэта значыць, што людзі атрымліваюць больш інфармацыі незалежна ад месца свайго знаходжання. Гэта значыць, што яны ацэньваюць гэтую інфармацыю, і самі робяць высновы. Гэта значыць, што дзяржаўная прапаганда прайграе «інфармацыйную вайну», бо ў свой час не ацаніла магчымасці інтэрнэту.

Але даганяць сучаснасць чыноўнікі, падаецца, не збіраюцца. Так, кіраўніца Мінінфармацыі Лілія Ананіч у тэлепраграме «Клуб рэдактараў» заявіла, што інфармацыйная прастора Беларусі не будзе арэнай, дзе распальваюцца жарсці і дэструктыўныя працэсы. «Мы зробім усё для таго, каб гэтага не адбылося. Інтэрнэт прыўнёс у дзейнасць журналісцкай супольнасці вялікі разбуральны складнік», — сказала Ананіч.

Па словах Ананіч, у 2015 годзе міністэрствам было прынята 41 рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, вынесена 36 папярэджанняў СМІ. «Гэтая праца будзе працягнутая. Будуць задзейнічаны ўсе механізмы для таго, каб інфармацыйная прастора Беларусі служыла сваёй краіне і кансалідацыі грамадства», — рэзюмавала Ананіч.

Вось гэтае супрацьстаянне будзе значна цікавейшае, чым ІПшнікаў з Лукашэнкам. Ці ўдасца ўладам папярэджаннямі і пастановамі тармазнуць тэхналагічны прагрэс? Альбо чыноўнікаў проста расплюшчыць патокамі свабоднай інфармацыі? На перамогу чыноўніцтва я б не паставіў грошай…

Каментаваць