Лічбы, стой, раз-два!

Здаецца, Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні ўпёрся ў лічбы. Лічбы яго не ўзрадавалі. Таму ён загадаў гэтым лічбам неадкладна выправіцца і за кароткі тэрмін, які застаўся да канца года, зрабіць фокус. А тое, пэўна, не будзе пра што казаць падчас навагодняй прамовы.



Кіраўнік Беларусі жорстка запатрабаваў ад урада выканаць усе паказчыкі 2012 года, асабліва па валавым унутраным прадукце, прымаючы з дакладам 20 лістапада прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. «Аказваецца, поўны разброд і хістанне! — зазначыў Лукашэнка. — Кажуць, галоўнае — гэта экспарт, а ВУП — гэта не мае значэння. Я разумею, што экспарт для нас — гэта жыццёва важны паказчык, але без ВУП не будзе і вялікіх аб’ёмаў экспарту… Ну, дык у нас ёсць дададзены кошт, давайце будзем вырабляць тавары з большым прыбыткам. Не страшна, што імпарт узрасце, галоўнае, каб экспарт адпаведна потым узрос, каб мы не толькі кампенсавалі затраты па імпарце, але і атрымалі добры дададзены кошт», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць і пра вынікі гэтага года. «Зноў падкрытыкоўваюць, што мы не выконваем уласныя абавязацельствы, не выконваем рашэнні прэзідэнта, якія зацверджаны з вашай падачы па гэтым годзе», — сказаў Лукашэнка.

З беларускім ВУП увогуле бяда. Пэўна, Аляксандр Рыгоравіч не ведае, як ён робіцца. Прыкладам, зрабілі дарогу, уклалі ў гэтую дарогу грошы — ВУП узрос. А калі тую ж дарогу знеслі за непатрэбнасцю? Зноў забяспечылі працоўныя месцы, уклалі грошы… Ні дарогі, ні грошай, — а ВУП удвая большы, чым пры будаўніцтве дарогі! Так што варта расчараваць прэзідэнта — беларускі ВУП у прынцыпе не паказчык.

З дададзеным коштам таксама праблемы. Калі яго ўзвінціць, таксама атрымаецца як у анекдоце пра тое, як мужык пеўня на базары прадаваў за 500 долараў: «Чаму 500 долараў, што, певень такі круты?» — «Не, вельмі грошы патрэбныя». Беларускія тавары і так з вялікім скрыпам прадаюцца за мяжой, а калі ўзвінціць на іх дададзеную вартасць, дык тады іх увогуле купляць перастануць.

Вось свежанькі прыклад. У студзені—кастрычніку 2012 года металургічная вытворчасць і вытворчасць гатовых металічных вырабаў у Беларусі ўзрасла на 3,8% у адносінах да аналагічнага леташняга перыяду і склала 33 трыльёна 383,5 мільярда рублёў, паведамляе Белстат. На складах прадпрыемстваў металургічнай галіны па стане на 1 лістапада 2012 года сабралася запасаў прадукцыі на 1,6 трыльёна рублёў, што складае 65,9% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. Складскія запасы сталёвых труб склалі 16,2 тысячы тон (89% сярэднямесячнай вытворчасці), дроту — 16,3 тысячы тон (45%), і гэтак далей. То бок, вытворчасць расце, ВУП у нас узрастае шалёнымі тэмпамі. А вось прадаць вынікі гэтага ВУПа ў нас не атрымліваецца.

Прадаваць мы не ўмеем свой ВУП, вось што. Таму і па дадзеных таго ж Белстату, чыстыя страты прамысловых прадпрыемстваў Беларусі ў студзені—верасні 2012 года склалі 1 трыльён 547 мільярдаў рублёў, што ў 1,99 разу больш, чым за аналагічны леташні паказчык.

А тут яшчэ і суседзі ну ніяк не жадаюць дзяліцца грошамі! Сваёй эканамічнай палітыкай і сваім дзяржаўным кіраваннем грашыма мы дайшлі да таго, што нават ужо закладзеныя для Беларусі грошы выдзяляюцца з вялікім скрыпам. Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова не выключае, што сітуацыя з выдзяленнем Беларусі чарговага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС у 440 мільёнаў долараў будзе вырашацца на палітычным узроўні.

Справа ў тым, што адной з умоў выдзялення крэдыту з’яўляецца правядзенне прыватызацыі ў Беларусі. А мы гэтую прыватызацыю тармозім. На мінулым тыдні ўжо пісалася пра тое, што Лукашэнка не збіраецца «дэбюракратызаваць» працэс прыватызацыі. На гэтым тыдні наш прэм’ер Міхаіл Мясніковіч заявіў, што на прыватызацыю мы глядзім зусім па-іншаму, чым увесь свет. «Мы прыватызацыю разглядаем як дыверсіфікацыю вытворчасці, прыход новых тэхналогій, інтэграцыю ў транснацыянальныя карпарацыі, зладжаную працу на ўнутраных і знешніх рынках, пераход у прынцыпова новую якасць — з канкурэнтаў у партнёры», — сказаў Мясніковіч.

Ну як тут не ўзгадаць амаль што забытага Лёню Галубкова з ранейшага «МММ»: «Не, брат, я не халяўшчык, я — партнёр!». Але, на жаль, існуюць 25 умоваў прыватызацыі, якія робяць з партнёра выключна халяўшчыка. А сітуацыя з нядаўнім «разносам» «Спартака» і «Камунаркі», калі па адным слове прэзідэнта акцыянерныя таварыствы раптам ператварыліся ў дзяржпрадпрыемствы, з разгонам назіральных саветаў на іх, зусім не дадаюць імпэту патэнцыйным «партнёрам».

Вось і скардзіцца Ермакова: «Атрымліваецца так, што гэтае пытанне як бы пераходзіць у межы палітычныя. Мы спадзяемся, што гэтае пытанне будзе вырашана, і крэдыт АКФ ЕўрАзЭС мы ўсё ж атрымаем».

Так што чакаем: хутка зноў адбудуцца візіты ў Маскву вышэйшых беларускіх чыноўнікаў з традыцыйнай просьбай «дайце грошай».

Сітуацыю могуць пагоршыць і беларускія бюракраты. З чым, але з паперкамі звычайна ў нас абыходзяцца акуратна. Але на гэты раз яны згубіліся, што можа адгукнуцца вялікім выспяткам ад усіх міжнародных структур. Упершыню за апошнія гады ад Беларусі ў МАП не была накіравана справаздача аб выкананні рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы.

Што ж адбылося? Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук лічыць, што нашых чыноўнікаў заспакоіла тое, што пытанне аб прафсаюзным руху ў Беларусі не разглядалася на Міжнароднай канферэнцыі працы, якая прайшла ў чэрвені ў Жэневе, пасля чаго беларускі ўрад «палічыў механізм САП зламаным». Аднак там, паведаміў Ярашук, нічога не зламалася. МАП ужо выкарыстала адносна Беларусі практычна ўвесь арсенал прадугледжаных у сваім статуце сродкаў. У сувязі з тым, што сітуацыя з прафсаюзным рухам у краіне пагаршаецца, Ярашук не выключае прымянення працэдуры, прадугледжанай параграфам №33 статута арганізацыі.

Параграф №33 прадугледжвае рэкамендацыі да дзеянняў, якія адміністрацыйны савет МАП «палічыць мэтазгоднымі» для краін, што адмаўляюцца кіравацца рэкамендацыямі Міжнароднай арганізацыі працы. «То бок, МАП можа заклікаць да ўвядзення эканамічных санкцый для паляпшэння сітуацыі з правамі прафсаюзаў», — адзначыў Ярашук.

Так што варта б беларускім чыноўнікам, каб зразумець, што заходнія прафсаюзы — гэта не ФПБ, паглядзець навіны з Еўропы. Там прафсаюзы выводзяць на вуліцы мільёны людзей. Адпаведна, да іх і прыслухоўваюцца. І там нікому не дазволена ігнараваць прафсаюзы, інакш атрымаеш вельмі вялізныя непрыемнасці.

Калі прафсаюзы свету распачнуць кампанію па Беларусі, мала не пакажацца. І тое, што зараз адбываецца ў нас з грашыма, пакажацца дробнымі жартамі ў параўнанні з тым, што будзе.

Каментаваць