Лічыце вашыя грошыкі!

Не паспеў яшчэ заціхнуць маленькі скандал пра тое, як Белстат «скарэктаваў» ВУП у больш прымальны для кіраўніцтва краіны бок, як цяпер — новыя паказчыкі. Беларускія ўлады да канца 2012 года не проста выканалі, а нават перавыканалі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі забяспечыць сярэдні па краіне месяцовы заробак на ўзроўні 500 долараў ЗША.



Заробкі растуць, а мы п'ем

Як паведамляе Белстат, налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у снежні 2012 года склала 4.741.282 рублі і павялічылася на 11,7% у параўнанні з лістападам 2012 года. У доларавым эквіваленце заробак у снежні дасягнуў 553 долараў (па афіцыйным курсе на 1 студзеня 2013 года).
Верыць Белстату ці не верыць? Што такое «налічаны заробак»? Ці тое гэта, што трапляе ў нашыя гаманцы і кішэні? І на што мы гэты заробак трацім?


Як паведамляе той жа Белстат, збольшага сваю «дабаўку да бюджэту» Беларусы трацяць не так, як хацелася б уладзе. Прыкладам, на алкаголь.


Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у студзені-верасні 2012 года рэалізацыя гарэлкі павялічылася на 2,3% у параўнанні з такім жа перыядам 2011-га. Прададзена 8 млн. 965,2 тыс. дэкалітраў гарэлкі, яе доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 49,7% (у студзені-верасні 2011 года — 44,9%).


Дык што, трэба даваць грошы толькі тым, хто не п’е? Тым, хто не п’е, грошы даюць і без беларускай дзяржавы.

За адстойванне пазіцыі

Беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які адбывае цяпер турэмны тэрмін, ізноў з’яўляецца прэтэндэнтам на прэстыжную сусветную прэмію. Гэтым разам ён прэтэндуе на штогадовую ўзнагароду брытанскай арганізацыі Index on Censorship («Індэкс цэнзуры») у намінацыі «Адстойванне пазіцыі».


«Алесь Бяляцкі з’яўляецца выбітным праваабаронцам, які прысвяціў сваё жыццё дапамозе ахвярам парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні «Індэкса цэнзуры».
Штогадовая прэмія свабоды выказвання «Індэкса цэнзуры» сёлета будзе ўручацца ў 13-ы раз. Ею адзначаюцца журналісты, блогеры, анлайн-актывісты, праваабаронцы і мастакі, якія змагаюцца супраць цэнзуры ў любых яе праявах па ўсім свеце. «Гэта людзі, якія знаходзяцца на своеасаблівай «лініі фронту» барацьбы за свабоду слова; ім даводзіцца адчуваць гвалт, пагрозы і зняволенне за свае перакананні, — гаворыцца ў заяве арганізацыі. — Адзначаючы іх дасягненні, мы спадзяемся звярнуць увагу сусветнай супольнасці да пагрозаў свабодзе выказвання, якія існуюць у сённяшнім свеце, — ад наўпроставай цэнзуры, скрыцця пераследу і празмернага ўжывання заканадаўства да анлайн-цэнзуравання, рэлігійнага і культурнага ціску, а таксама браку доступу да інфармацыі».


Разам з Алесем Бяляцкім на ўзнагароду ў намінацыі «Адстойванне пазіцыі» сёлета прэтэндуюць 15-гадовая актывістка за права на адукацыю Малала Юсафзай з Пакістана, брытанская ініцыятыва «Hillsborough Family Support Group» і моладзевы рух «Girifna» з Судана. «Сёлетнія намінанты — гэта людзі, якія выявілі надзвычайную мужнасць у выказванні сваіх поглядаў, барацьбе з цэнзурай і несправядлівасцю, шмат хто з іх робіць гэта ў вельмі скаладаных умовах», — адзначыла выканаўчы дырэктар «Індэкса цэнзуры» Кірсці Х’юз.


Лаўрэаты прэміі будуць вызначаныя на гэтым тыдні. Уганараванне адбудзецца ў Лондане 21 сакавіка.

Увага — фінансавай адукаванасці

Але ўсіх у турму не перасаджаеш, каб не пілі. Таму зараз, акурат у год беражлівасці, нас будуць вучыць падлічваць свае прыбыткі і супастаўляць іх з выдаткамі. У Беларусі зацверджаны план дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай адукаванасці насельніцтва на 2013–2018 гады.


Згодна з планам павышэння фінансавай адукаванасці, будуць ажыццяўляцца «меры па развіцці культуры фінансавых паводзінаў насельніцтва», якія пачынаюцца з планавання сямейнага бюджэту, у тым ліку на працяглую перспектыву.


Паводле плана, грамадзяне павінны мець хаця б мінімальнае ўяўленне пра рызыкі і прыбытковасць, працэнтныя стаўкі, інфляцыю, адрозненне паміж наяўнымі і безнаяўнымі плацяжамі, іпатэку, прынцыпы функцыянавання фінансавага рынку, прыроду і функцыі фінансавых інстытутаў, фінансавыя інструменты. Таксама павінна быць разуменне пачаткаў юрыдычнай і падатковай адукаванасці, валоданне мінімальным фінансавым слоўнікам.


Акрамя таго, лічаць ва ўрадзе і Нацбанку, людзям неабходныя і ўменні чытаць дамову, разумець інфармацыю, што ўтрымліваецца ў ёй, параўноўваць прапановы розных фінансавых установаў, здольнасць падлічыць, колькі давядзецца плаціць па крэдыце, і шмат чаго іншага. У сувязі з гэтым пад фінансавай адукаванасцю насельніцтва ў дакуменце разумеецца здольнасць грамадзян эфектыўна кіраваць асабістымі фінансамі, ажыццяўляць улік выдаткаў і прыбыткаў хатняй гаспадаркі, кароткатэрміновае і доўгатэрміновае фінансавае планаванне.


Планам прадугледжанае фінансавае навучанне моладзі, навучанне на месцы працы, праца са СМІ, іншыя інфармацыйна-тлумачальныя праграмы. Будуць праведзеныя даследаванні шляхам сацыялагічных апытанняў, анкетаванні па вымярэнні даступнасці фінансавых паслуг для насельніцтва і малога прадпрымальніцтва. Штогод будуць зацвярджацца планы ўзаемадзеяння са СМІ ў пытаннях асвятлення дзяржаўнай эканамічнай палітыкі.

Рабуюць!

Але баюся, калі Нацбанк і ўрад навучаць усё насельніцтва падлічваць свае грошы, адбудзецца адваротны эфект, як з жанчынай, якая на роўным месцы пасярод гіпермаркета заенчыла: «Рабуюць!». Калі ў яе спыталі, што здарылася, яна адказала: «На працы з мяне вылічваюць падаткі, у краме я плачу падатак на дададзеную вартасць, а іншым разам яшчэ і акцызы, і як да мяне гэта дайшло, то я і не стрымалася».


Больш верагодна, што, падлічыўшы свае сямейныя бюджэты і супаставіўшы кошты, беларусы зразумеюць, што танней жыць і зарабляць за межамі краіны. А калі ўсе пачнуць ламіцца за кардон і там размяшчаць свае грошыкі, з каго тады ўрад будзе браць падаткі і акцызы?

Каментаваць