Лекаванне для эканомікі

Ужо ў ліпені сярэдні па краіне заробак склаў 3 925,9 тысячы рублёў, што прыкладна на 30 долараў недацягвае да патрэбнай лічбы ў 500 долараў. Дадзеных за жнівень пакуль што няма. Але з улікам тэмпаў можна спадзявацца, што патрэбны вынік па краіне будзе дасягнуты.
 

Можна сказаць, што працэс, які напачатку года выглядаў запаволеным, набыў паскарэнне і добрую інерцыю. У параўнанні са студзенем—ліпенем 2011 года за сем месяцаў бягучага рэальны сярэдні заробак, дзякуючы «летняму паскарэнню», павысіўся на 10,5%. Але, насуперак плану росту ў 5–5,5%, вытворчасць ВУП фактычна павысілася толькі на 2,8%. Да таго ж яе матэрыялаёмістасць замест зніжэння на 2–3% павялічылася на 0,4%, а энергаёмістасць увогуле дала плюс 17,4%, замест мінуса ў 3–4%.

Ці магло быць іначай, калі замест дэклараванага абмежавання дзяржаўных праграм зноў аднавілі фінансаванне розных ферм з еўрапейскімі ўмовамі ўтрымання парсючкоў ды свінак? Дарэчы, рэжым жорсткай эканоміі, які праводзілі з той нагоды, што «беларусы жывуць не па сродках», даў год таму змяншэнне энергаёмістасці ВУП на 9,5%.

Прадукцыйнасць працы павысілася толькі на 5,2%, удвая адстаючы ад тэмпаў падвышэння заробкаў. Год таму такое несупадзенне ўжо выклікала выкарыстанне антыкрызісных мерапрыемстваў, прычыны якіх патлумачыў спадар Тур. Сёння заклапочанасць выказвае ўжо калегіяльны орган. Пра гэта сведчыць справаздача Міністэрства эканомікі, у якой адзначаецца, што ў першым паўгоддзі рост прадукцыйнасці працы адставаў ад тэмпаў падвышэння заробкаў на 2,2%.

Як бачым, прэзідэнт і ўрад не звярнулі на гэтыя разлікі ніякай увагі, дзякуючы чаму ў ліпені адставанне павялічылася.

Пакрэслім вельмі прынцыповую акалічнасць: адны заробак толькі атрымліваюць, іншыя — зарабляюць. Раней ніколі не ставілі знак роўнасці паміж грашовым утрыманнем чыноўніка і зарплатай звычайнага рабочага. А зараз лічыцца, што ўсе, уключна з міністрамі і генераламі, свае грошы быццам зарабляюць. Не, максімум, што яны робяць, гэта дабіваюцца ў вышэйшых інстанцый павышэнняў грашовага ўтрымання. Але робяць гэта пастаянна.

Паколькі дзейнічае тарыфная сетка, для кожнага, хто атрымлівае грошы такім чынам, падвышэнне стаўкі 1-га разраду аўтаматычна прыводзіць да падвышэння і грашовага ўтрымання наогул. Прадпрыемствы, што працуюць на рынак, пры гэтым таксам атрымліваюць права падвысіць заробкі, але збольшага ў межах заробленага — канкрэтных грошай, атрыманых пасля рэалізацыі прадукцыі, а не выканання дырэктыўных паказчыкаў. Карацей кажучы, дыспрапорцыя паміж ростам аплаты працы і прадукцыйнасці ўзнікае ў асноўным дзякуючы дырэктыўным павышэнням ставак грашовым «утрыманцам» бюджэту.

Так набывае паскарэнне інфляцыя, якую можна спыніць толькі вельмі жорсткімі абмежаваннямі.

Чатыры гады таму, падчас мінулых «парламенцкіх выбараў», Лукашэнка таксама абвясціў аб падвышэнні стаўкі 1-га разраду. Але паколькі ён чакаў крэдыту ад МВФ, а той адмовіўся даваць яго пад такую палітыку, рашэнне было анулявана. А на другі дзень новага года была абвешчана першая ў гісторыі краіны 20-працэнтная разавая дэвальвацыя.

Зараз МВФ не хоча мець з намі справы, а ўсходнія крэдыторы, хоць і спецыяльна абгаварылі аналагічныя патрабаванні, грошы даюць. Магчыма, ім таксама цікава паглядзець, як беларусаў у чарговы раз пазбавяць незаробленых сродкаў, на якія яны жывуць.

Як вядома, жыццё поўніцца дзівосамі і ёсць справай рознабаковай. Калі б у ім усё вызначалася эканомікай, як лічыць шмат хто, яно б, магчыма, з часоў цара Гароха абрала для сябе зусім іншыя прыярытэты. Але спецыялістаў такая метафізіка не цікавіць. Яны разглядаюць рэчаіснасць у сферы толькі сваіх інтарэсаў, але больш уважліва. І таму адзначаюць, што неабходны апераджальны рост вытворчасці працы пакуль забяспечваюць толькі канцэрн «Белнафтахім» і дэпартамент фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя. А, прыкладам, у Міністэрстве прамысловасці па выніках першага паўгоддзя заробкі павысіліся на 14,4%, пры росце прадукцыйнасці ўсяго на 5,8%. У Мінсельгасхарчы суадносіны склалі 7% супраць 3,3%, у Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва — 8,2% і 0,8%. А ў канцэрне «Белдзяржхарчпром» рэальны заробак вырас на 5,8%, у той час як прадукцыйнасць зменшылася на 4,1%.

І што рабіць? Кожны ведае, што добры фінансавы стан нашых фармацэўтаў збольшага забяспечваецца высокімі коштамі лекаў для насельніцтва. І хоць нельга сказаць, што кілбасы ў нас танныя, але апераджальны рост коштаў на іх, верагодней за ўсё, стане чарговым лекаваннем хворай эканомікі.

Прычым з кілбасаў усё толькі пачнецца.

Каментаваць