Ліквідатары ЧАЭС — пра тое, хто будзе ліквідаваць ядравыя катастрофы ў будучыні

У часе чарнобыльскай аварыі яны былі героямі, іх называлі ліквідатарамі, ім дзякавалі і давалі ільготы. Але чым больш падрывалася іх здароўе, тым менш заставалася ўвагі і датацыяў дзяржавы.

Уезд у Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Гэтак у Беларусі. А як ва Украіне пачуваюцца тыя, хто першымі ўзяў на сябе радыяцыйны ўдар? Цяпер украінскія ліквідатары вымушаныя нагадваць пра свае праблемы.

У Кіеве 24 красавіка прайшоў мітынг у памяць ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі.

Да ўдзелу ў «Хадзе памяці» запрашалі прэзідэнтаў розных краінаў і прэзідэнта Украіны, але нават мэр Кіева Віталь Клічко не выйшаў, каб павітаць удзельнікаў шэсця.

На штогадовую акцыю ўдзельнікі прыязджаюць, не зважаючы на праблемы са здароўем. Дарагія медыкаменты і немагчымасць лекавацца на належным узроўні — гэта асноўная тэма людзей, якія 32 гады таму першыя сустрэліся з радыяцыяй.

«Пад маім кіраўніцтвам было 26 кіроўцаў. І мы там 22 содні бязвыезна з зоны адчужэння адкачвалі цяжкую ваду. Якую раней тушылі нашыя калегі пажарнікі. Хвароба спасцігла нас, пачалося гэта праз дзесяць, дваццаць гадоў. У мяне быў інсульт», — кажа Васіль Ажаганыч са «Звязу чарнобыльцаў Украіны», жыхар гораду Шосткі.

Удзельнікі мітынгу — аб’яднанні ветэранаў Чарнобылю разам з Канфедэрацыяй вольных прафсаюзаў звярнуліся да кіраўніка Вярхоўнай Рады з патрабаваннем разгледзець у парламенце законапраект пра аднаўленне сацыяльных гарантыяў чарнобыльцам.

«На нас цяпер не звяртае ўвагі ні ўрад, ні прэзідэнт. Таму калі, не дай божа, штосьці адбудзецца, якая-небудзь яшчэ аварыя, усе будуць думаць — ці пайсці яе ліквідаваць, ці не», — кажа ліквідатар Пятро Атаманчук з Лубнаў.


Затое чарнобыльцаў не абмінаюць увагай прадстаўнікі апазіцыйных сённяшнім уладам партыяў. Напрыклад, лідарка партыі «Украіна — вперед!» Наталля Каралеўская, якую неаднаразова абвінавачвалі ў падтрыманні сепаратыстаў на Данбасе.

«Павінныя зрабіць усё, каб абараніць тых, хто жывы. І дапамагчы гэтым людзям атрымаць тыя гарантаваныя дзяржавай кампенсацыі, якіх, парушаючы Канстытуцыю Украіны, ім, на жаль, сёння не выплачваюць», — кажа Каралеўская.

На мітынгу памяці чарнобыльцаў была і партыя «Відроджэння», утвораная колішнімі чальцамі Партыі рэгіёнаў збеглага з Украіны прэзідэнта Віктара Януковіча.

Адэля Дубавец, belsat.eu

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць