Litesound просіць распачаць крымінальную справу па факце фальсіфікацыі вынікаў "Еўрафэст–2012"

Удзельнікі гурту Litesound Дзмітрый і Уладзімір Каракіны 17 красавіка звярнуліся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка з просьбай распачаць крымінальную справу па факце фальсіфікацыі вынікаў галасавання на конкурсе "Еўрафэст" у 2012 годзе.



У заяве, копія якой паступіла ў БелаПАН, музыканты нагадваюць, што "больш як год таму былі абнародаваны звесткі аб фальсіфікацыі вынікаў нацыянальнага тэлевізійнага праекта "Еўрафэст".

"Нягледзячы на тое, што наша права прадстаўляць краіну на конкурсе "Еўрабачанне-2012" у г. Баку было адноўлена, мы з'яўляемся пацярпелымі, таму што ў дачыненні да нас былі ўчынены супрацьпраўныя дзеянні, — гаворыцца ў заяве. — Асобы, якія сфальсіфікавалі вынікі нацыянальнага адборачнага тура праекта "Еўрафэст", учынілі падлог дакументаў і дзеянні, якія нанеслі істотны ўрон правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".
 

"Аднак, нягледзячы на шырокае абвяшчэнне ў нацыянальных СМІ вынікаў расследавання спецыяльнай камісіяй гэтых супрацьзаконных дзеянняў, расследаванне ў межах крымінальнай справы не праводзілася", — падкрэсліваюць браты Каракіны. Яны просяць генпракурора распачаць справу па прыкметах учынення злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 424 і ч. 1 арт. 427 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці, і службовы падлог).
 

"Мы чакалі, што ў сітуацыі разбяруцца, але ніякіх крокаў зроблена не было. Справа спушчана на тармазах, і гэта мы лічым абуральным. Учынена сур'ёзнае злачынства", — заявіў БелаПАН Уладзімір Каракін.
 

Паводле слоў артыста, у яго з братам няма ўпэўненасці, што заява будзе мець дзеянне, таму што могуць уплываць розныя фактары. "Нам важна быць пачутымі, надаць гэтай справе агалоску і прымусіць прызадумацца", — сказаў удзельнік гурту Litesound.
 

Па выніках фальсіфікаванага галасавання першае месца на "Еўрафэсце-2012" заняла Алёна Ланская. Пасля расследавання пераможцам быў названы гурт Litesound. Ланская прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2013".

Каментаваць