Літоўскія памежнікі завярнулі беларуса назад з-за савецкай сімволікі на машыне

Пагранічнікі Літвы адмовілі беларусу ва ўездзе ў краіну — на аўтамабілі мужчыны меліся налепкі з савецкай сімволікай. Здымаць іх беларус адмовіўся, таму прыйшлося вяртацца на радзіму. Падрабязнасці паведамляе Дзяржаўная памежная служба Літвы.

Як распавядае tut.by, у панядзелак, 9 студзеня, пры праходжанні мяжы быў спынены аўтамабіль Peugeot 405, якім кіраваў 21-гадовы беларус. Увага памежнікаў прыцягнулі налепкі з савецкай сімволікай на заднім шкле машыны. У прыватнасці, малюнак чырвонай зоркі і сярпа з молатам.

Згодна з мясцовым заканадаўствам, у Літве забароненая публічная дэманстрацыя савецкай і нацысцкай сімволікі.

У мужчыны была магчымасць працягнуць падарожжа пешшу або зняць налепку, але кіроўца адмовіўся і вярнуўся назад.

Кодэксам аб адміністрацыйных парушэннях Літвы за дэманстрацыю або распаўсюд нацысцкай ці камуністычнай сімволікі, іншых знакаў або формы прадугледжаны штраф у памеры ад 150 да 300 еўра. У дадзеным выпадку мужчына пазбег выплаты штрафу, бо фактычна не быў дапушчаны на тэрыторыю Літвы.

Каментаваць