Літва не лічыць інцыдэнт на Ігналінскай АЭС небяспечным

Літоўскія эксперты па ядзернай бяспецы адказалі на пытанні Беларусі пра інцыдэнт на Ігналінскай атамнай электрастанцыі.
18 красавіка ў Міністэрства замежных спраў Літвы быў запрошаны пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль. Беларускі дыпломат атрымаў інфармацыю пра інцыдэнт на Ігналінскай атамнай электрастанцыі 1 красавіка, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.

Прадстаўнік Літоўскай дзяржаўнай інспекцыі па бяспецы ядзерных матэрыялаў, які прысутнічаў на нарадзе, паведаміў, што «1 красавіка на другім энергаблоку Ігналінскай АЭС частка паліва ў адным з адпрацаваўшых паліўных элементаў у гарачай камеры вызвалілася з пад’ёмнага механізму і засталася на дне камеры».

Пасля праверкі зборкі адпрацаванага паліва знешнія пашкоджанні не былі знойдзены. Падчас інцыдэнту людзі не пацярпелі, радыяцыйны фон не змяніўся, ядзерная бяспека не пацярпела.

На думку літоўскіх экспертаў, здарэнне на Ігналінскай АЭС не можа быць класіфікавана як інцыдэнт па Міжнароднай шкале ядзерных і радыелагічных падзей (INES), паколькі гранічныя значэнні ўздзеяння для работнікаў не былі перавышаныя, радыёактыўныя выкіды ў навакольным асяроддзі не выяўленыя.

«Вывад з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС з’яўляецца складаным працэсам, падчас якога праводзяцца ўсебаковыя выпрабаванні, каб вызначыць, ці працуюць усе праектныя рашэнні. Калі выяўленыя разыходжанні, далейшая праца прыпыняецца да ліквідацыі выяўленых недахопаў», — адзначаецца ў паведамленні МЗС Літвы.

«Ацэньваючы спецыфіку і важнасць неактыўнага ядзернага аб’екта — Ігналінскай атамнай электрастанцыі — у працэсе закрыцця Літва прытрымліваецца самых высокіх патрабаванняў бяспекі і прынцыпаў празрыстасці, таму інфармацыя аб усіх падзеях, нават нязначных, апублікаваная», — гаворыцца ў паведамленні.

Літва чакае, што іншыя краіны маюць намер эксплуатаваць ядзерныя аб’екты ў адпаведнасці з самымі высокімі міжнароднымі стандартамі бяспекі і патрабаваннямі празрыстасці.

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць