Літва пераходзіць на еўра. Рашэнне прынятае

Літва можа ўвесці еўра са студзеня 2015 года. Такое рашэнне сёння, 23 ліпеня, абвясціў на пасяджэнні ў Бруселі Савет па агульных справах Еўрасаюза.



Савет таксама прыняў прававыя акты, звязаныя з увядзеннем еўра ў Літве і зацвердзіў афіцыйны курс абмену еўра і літа (1 еўра — 3,4528 літа).

 

Ўвядзенне еўра ў Літве на мінулым тыдні ўжо ўхваліў Еўрапарламент, а раней — Еўракамісія і Еўрапейскі Цэнтрабанк. У наступным годзе Літва стане дзевятнаццатым сябрам еўразоны і апошняй з трох Балтыйскіх краін, якая ўвядзе еўра. (Эстонія ўвяла еўра ў 2011 годзе, Латвіяу 2014-м).
 

Па апытаннях Еўрабарометра, ўвядзенне еўра ў Літве ў красавіку ўхвалялі 46% жыхароў краіны, колькасць тых, хто выступаў супраць склала 48%, а яшчэ ў 6% апытаных не было думкі.

Праз 30 дзён з моманту сённяшняга рашэння ўсе кошты ў Літве павінны будуць паказвацца ў двух валютах, і гэта будзе працягвацца да сярэдзіны 2015 года.

 

У Літве плануецца прыняць меры, каб сачыць за тым, ці справядліва цэны на тавары і паслугі пералічваюцца ў еўра. Дэпартамент статыстыкі ўжо абвясціў, за цэнамі на якія 100 тавараў і паслуг будзе назіраць, а ў дачыненні да бізнесу, які несправядліва пералічвае кошты, будуць прымяняцца санкцыі, адна з іх — грашовыя штрафы.

 

Цэнтрабанк Літвы падлічыў, што ўвядзенне еўра ў краіне павысіць цэны на 0,2–0,3%.

Каментаваць