Лябедзька больш не крымінальнік

Раніцай 25 жніўня старшыня АГП Анатоль Лябедзька знайшоў у паштовай скрыні ліст за подпісам старэйшага следчага ГУУС Мінгарвыканкаму капітана Дышэнкі.

У лісце паведамляецца, што крымінальная справа ў дачыненні да палітыка спынена з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства.



Раніцай 25 жніўня старшыня АГП Анатоль Лябедзька знайшоў у паштовай скрыні ліст за подпісам старэйшага следчага ГУУС Мінгарвыканкаму капітана Дышэнкі.

У лісце паведамляецца, што крымінальная справа ў дачыненні да палітыка спынена з прычыны адсутнасці ў яго дзеяннях складу злачынства.

“Паведамляем вам, што па крымінальнай справе №100111110362, заведзенай 20.12.2010 па ч.ч. 1, 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь па факту здзяйснення масавых беспарадкаў крымінальны пераслед у дачыненні да Лябедзькі А. У. пастановай ад 23.08.2011 спынены на падставе п. 2 арт. 29 КПК у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства, — гаворыцца ў лісце.

Амаль чатыры месяцы Анатоль Лябедзька правёў у следчым ізалятары КДБ, потым быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

“Безумоўна, гэта такая прыемная нечаканасць, чаго тут хаваць, — кажа палітык. — Я думаў, што мой статус палітычнага закладніка працягнецца. Што датычыць мяне асабіста, я задаволены, а там паглядзім.

Такі паварот падзей Анатоль Лябедзька звязвае, у першую чаргу, з той агульнай надзвычай складанай сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі. “Канфрантацыя ў рознай ступені існуе і з Захадам, і з Усходам, трэба развязваць тыя вузлы, якія створаны, і, натуральна, калі ёсць палітычныя вязні, калі ёсць палітычныя закладнікі, то гэта рабіць цяжка. Гэта такое рашэнне, якое прымаецца са скрыпам на зубах, супраць волі і жадання тых людзей, якія сёння правяць на Беларусі. Я не спыняў сваю палітычную дзейнасць. Апроч таго, я не збіраўся хадзіць па тых калідорах, якія стваралі для мяне праваахоўныя органы. Нягледзячы на падпіску аб нявыездзе, я ездзіў у Горкі (дзеля падтрымкі палітвязня Змітра Дашкевіча, які знаходзіцца ў Горацкай калоніі — заўв. Г. К.), і ў мяне ў планах былі ўжо іншыя паездкі.

Па словах Анатоля Лябедзькі, ён пакуль не збіраецца неяк рэагаваць на тое, што незаслужана правёў доўгія месяцы ў СІЗА КДБ, а потым працяглы час знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. У яго найбліжэйшых планах — паездкі па краіне і сустрэчы з рэгіянальнымі партыйнымі структурамі і актывістамі.
 

Каментаваць