Лябедзька звярнуўся ў Генпракуратуру

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька накіраваў чарговы зварот на імя Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

Зварот звязаны з публікацыяй у недзяржаўнай газеце «Народная воля» інтэрв’ю з падпалкоўнікам міліцыі ў запасе Мікалаем Казловым, які засведчыў грубыя парушэнні выбарчага заканадаўства падчас апошніх парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў 2008 годзе. Пра гэта лідэр АГП паведаміў на прэс-канферэнцыі.

Нагадаем, што на той час дзейсны падпалкоўнік міліцыі 27 верасня 2008 года стаў сведкам масавага ўкідвання ў скрыню для галасавання бюлетэняў падчас датэрміновага галасавання на выбарчым участку № 463 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 у Мінску, дзе адным з кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў быў Анатоль Лябедзька.

«Дадзеная публікацыя, з майго пераканання, патрабуе захадаў пракурорскага рэагавання, — адзначае ў сваім звароце старшыня АГП. — У дадатак да выкладзенага паведамляю, што мной як кандыдатам у дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе ў кастрычніку 2008 года быў накіраваны зварот у ЦВК аб ануляванні вынікаў галасавання ў сувязі са шматлікімі парушэннямі. Аднак па дадзеным звароце ніхто ніякага расследавання не праводзіў».

Па словах Анатоля Лябедзькі, падставаў для завядзення крымінальнай справы ў Генпракуратуры дастаткова.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў, які шмат часу адпрацаваў у крымінальным вышуку, перакананы: «Для таго, каб у гэтай сітуацыі высветліць усё да апошняга руху цела, патрабуецца вельмі мала часу, бо ўсе дзеянні ажыццяўляліся не дасведчанымі злачынцамі-крымінальнікамі, а звычайнымі людзьмі, імёны якіх вядомыя. Гэта вельмі проста, галоўнае — было б жаданне», — падкрэсліў Мікалай Казлоў.

Лябедзька паведаміў, што апошнім часам да яго звярнуліся два старшыні ўчастковых камісій з рэгіёнаў. «Абодва сказалі: мы пакуль знаходзімся на службе, але ў нас ёсць пачкі бюлетэняў, якія ўкідвалі. То бок, гэта не мінская, а агульнабеларуская з’ява», — рэзюмаваў кіраўнік АГП.

«Я мяркую звярнуцца да дэпутата Самасейкі (быў канкурэнтам А. Лябедзькі на парламенцкіх выбарах) з заклікам пакласці на стол мандат, які не быў атрыманы ад выбаршчыкаў Старавіленскай акругі, а папросту скрадзены. У нармальнай дзяржаве пасля такіх выкрыванняў любы парламентарый павінен быў бы сам звярнуцца ў пракуратуру з просьбай правесці расследаванне і скласці з сябе паўнамоцтвы, пакуль гэта расследаванне не завершыцца», — адзначыў Лябедзька.
 
Каментаваць