Лябедзька і Сіўчык аштрафаваныя па 9 мільёнаў за нацыянальны сцяг

Суд Цэнтральнага раёна Мінска 28 кастрычніка прысудзіў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолю Лябедзьку 50 базавых велічыняў (9 мільёнаў рублёў) штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла ў цэнтры беларускай сталіцы 10 кастрычніка. Гэта было «Шэсце нацыянальнага сцяга», як назвалі яго арганізатары.



Вяла працэс суддзя Вікторыя Шабуня, якая ўжо разглядала не адну справу падобнага кшталту, выносячы абвінаваўчыя вердыкты. Таму яна і знаходзіцца ў спісе асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага Саюза.

Анатоль Лябедзька адмовіўся ад адваката. «У мяне багаты досвед падобных справаў, таму я буду абараняць сябе сам», — сказаў палітык. Ён адразу заявіў адвод суддзі Шабуні, бо, на думку апазіцыянера, яна не вольная ў сваіх рашэннях, а сапраўднай судовый сістэмы ў Беларусі няма. «Яна знікла ў нашай краіне пасля рэферэндума 1996 года, калі быў разагнаны Канстытуцыйны суд. Таму ніякага даверу да цяперашняй так званай судовай сістэмы няма, як і да суддзі, якая ўжо займалася такімі рэчамі», — упэўнены лідар АГП.

Вікторыя Шабуня пайшла ў пакой «для нарадаў», параілася сама з сабою колькі хвілінаў і, натуральна, адмовіла Лябедзьку ў задавальненні хадайніцтва.

Сведкамі на працэсе выступілі супрацоўнікі міліцыі Андрэй Сувораў, Валянцін Грышкевіч і Аляксандр Сакольчык. Яны сведчылі, што бачылі Лябедзьку пасля 17-й гадзіны 10 кастрычніка каля мінскай ратушы ў натоўпе, што збіраўся пад бел-чырвона-белымі сцягамі. Па словах сведкаў, палітык выкрыкваў «Жыве Беларусь!» і «Байкот выбараў!».

Тыя ж самыя сведкі не змаглі адказаць на пытанне Лябедзькі, ці ўгледзелі яны склад адміністрацыйнага правапарушэння ў тых падзеях. Ніхто з іх таксама не змог сказаць, што гаворыцца ў артыкуле 45 Выбарчага кодэкса, у якім грамадзянам гарантуецца права на сходы дзеля абмеркавання праграм кандыдатаў, агітацыі за ці супраць іх. Апроч таго, сведчанні міліцыянтаў заканчваліся прысутнасцю Лябедзькі на Плошчы Свабоды, дзе знаходзіцца ратуша. І не больш за тое.

Цікавы момант у іншым. Сама акцыя адбылася 10 кастрычніка, але пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле часткі 3 артыкула 23.34 КаАП у дачыненні да Лябедзькі быў складзены маёрам міліцыі Віталем Шантарам з Цэнтральнага РУУС толькі 15 кастрычніка. Дарэчы, Шантара выклікалі ў суд па хадайніцтве Лябедзькі, з гэтай прычыны ў паседжанні быў абвешчаны амаль гадзінны перапынак. Гэты міліцэйскі маёр паведаміў, што атрымаў рапарты ад згаданых вышэй міліцыянтаў і правёў іх апытанне 13 кастрычніка. У складзеным і перададзеным у суд пратаколе гаворка ішла ўжо пра шэсце ад Плошчы Свабоды да Плошчы Якуба Коласа, пра якое сведкі на судзе нават не згадвалі.

Анатоль Лябедзька ў заключным слове звярнуў увагу суддзі на такія нестыкоўкі, аднак спадарыня Шабуня да ўвагі гэта не прыняла. У выніку яна аштрафавала апазіцыйнага палітыка на 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў). «Я яшчэ да суда прагназаваў, што вырак падрыхтаваны загадзя. Але не чакаў, што будуць такія нестыкоўкі ў паказаннях сведкаў і ў пратаколе, які склаў Шантар. І яшчэ вельмі характэрна, што супрацоўнікі міліцыі нават не ўяўляюць, якія правы дае грамадзянам артыкул 45 Выбарчага кодэкса. Яны не трымаюцца і Канстытуцыі», — канстатаваў кіраўнік АГП.

Ён не выключае, што рашэнне суда Цэнтральнага раёна сталіцы будзе абскарджана ў Мінскі гарадскі суд.

У той жа дзень тым жа судом за тую ж акцыю таксама на 9 міліёнаў штрафу быў асуджаны і Вячаслаў Сіўчык.

фота аўтара

Каментаваць