Лягуць пад бульдозеры, але знесці садок не дадуць

Бойка жыхароў вуліцы Данілы Сердзіча з чыноўнікамі за дзіцячы садок і парк працягваецца.

Кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Арцём Мікалаевіч Цуран зрабіў выязную сустрэчу з жыхарамі вуліцы Данілы Сердзіча ў Мінску. Людзі не згодныя з рашэннем Адміністрацыі знесці былы дзіцячы садка і пабудаваць на яго месцы гарадское аддзяленне міліцыі.

Замест парку — стаянка на сто машын

У маленькай залі ЖЭС Фрунзенскага раёна было душна і цесна. Людзі выстраіліся нават на калідоры.


Кіраўніка адміністрацыі раёна сустрэлі словамі: “Хопіць пераліваць з пустога ў парожняе!”. Арцём Цуран прапанаваў было паразмаўляць з кожным “у прыватным парадку ў асобным кабінеце”, але пачуў у адказ “Мы хочам адкрытасці і шчырасці!”.

Амаль паўтары гады жыхары вуліцы Данілы Сердзіча змагаюцца за “адкрытасць і шчырасць”. Людзі не могуць пагадзіцца з зацверджаным адміністрацыяй Фрунзенскага раёна планам аб зносе былога дзіцячага садка і вырубцы адзінага парку ў мікрараёне.

Мясцовы актывіст Дзяніс Тушынскі кажа, што кіраўнік Адміністрацыі сам прапанаваў жыхарам сустрэцца. Але за паўтары гады барацьбы за зялёную тэрыторыю выйграных боек амаль няма. “Аднойчы з намі сустрэўся мясцовы дэпутат, але прайшло ўсё безвынікова. А так — адны адгаворкі і адпіскі”, — падсумаваў Дзяніс.

Жыхары найперш бунтуюць супраць зносу дзіцячага садка. Бацькі кажуць, што возяць сваіх дзяцей у садок у раён Каменнай Горкі, бо ва ўласным мікрараёне групы перапоўненыя і дзяцей у іх проста не бяруць.

Другая прычына, па якой мітынгуюць жыхары кварталу, — экалагічная. Ацэнка стану навакольнага асяроддзя, якая была выканана ў межах дзяржаўных праграм “Прыродныя комплексы” і “Экалагічная бяспека”, паказала, што экалагічная сітуацыя ў раёне адносна неспрыяльная. А гэта азначае не толькі тое, што жыхары раёна дыхаюць забруджаным паветрам, але і тое, што рызыка нараджэння дзетак з рознымі захворваннямі павялічваецца.


Таму народ на сустрэчы ставіў перад чыноўнікамі канкрэтнае пытанне: калі тыя адмовяцца ад забудовы? А большая частка жыхароў нават не ведала, што за аб’ект плануецца пабудаваць на месцы пасаджаных рукамі жыхароў мікрараёну дрэў.

А чыноўнікі зачыталі рашэнне адносна пабудовы, у якім сказана, што на месцы знесенага былога дзіцячага садка плануецца пабудаваць пракуратуру, гарадскі аддзел міліцыі і ўпраўленне ДАІ Фрунзенскага раёна. У дадатак да ўсяго, замест адзінага ў мікрараёне парка плануецца зрабіць стаянку на сто месцаў.

Чытайце таксама: Ушчыльненне: руйнуюць парк і зялёныя зоны 

Як стаянка вырашыць экалагічныя праблемы?

Грамадскі актывіст Дзяніс Тушынскі прадставіў кіраўніку адміністрацыі Фрунзенскага раёна запіс выступу кіраўніка дзяржавы ад 3 кастрычніка адносна забудовы мікрараёну. Лукашэнка параіў чыноўніка “не ісці на канфлікт з насельніцтвам” і “спыніць разбой з высяканнем дрэў”.

На такі аргумент Арцём Цуран адказаў, што кіраўнік дзяржавы, маўляў, казаў не забудоўваць мікрараён жыллёвымі пабудовам. “Не трэба спрачацца з Прэзідэнтам!”, — закрычалі ў залі.

Пытанне, якое найперш хвалюе мясцовых жыхароў, — “як новыя парковачныя месцы дапамогуць вырашыць адносна неспрыяльную экалагічную сітуацыю ў мікрараёне?”


“На вырашэнне гэтага пытання мы адводзім прыкладна 45% часу. Я разумею, што ўсім хочацца з вакенца глядзець на лясок і поле, але ў сталіцы не заўжды такое атрымліваецца….”, — адказаў чыноўнік.

 “А вы на што глядзіце? — Пыталіся абураныя пенсіянеркі, — сумняемся, што на голыя шматпавярховікі!”.

Валерый Міхайлавіч, сціплы дзядуля з першага шэрагу інтэлегентна звярнуўся да чыноўнікаў:

— Вы можаце сказаць шчыра, без пратаколу, проста па-чалавечы: як гэтыя паркоўкі палепшаць сітуацыю ў нашым раёне?”.

Чыноўнікі на гэта адказ не далі. А кіраўнік адміністрацыі вырашыў працягнуць прыём грамадзян прыватна ў сваім кабінеце.

На прыватную размову да Цурана пайшлі немногія. Людзей сталага веку цікавіла пытанне капітальнага рамонту і ацяпленне старых дамоў.

А барацьбіты за зялёную тэрыторыю засталіся на калідоры абмяркоўваць свае далейшыя дзеянні.


 “Мы не дазволім ім знесці садок! Так, праўда, зараз зіма… Але нічога.. Бутэрброды, тэрмасы, шапкі — і наперад, бараніць нашу тэрыторыю!” — кажа Ларыса, якая ўсё жыццё жыве ў гэтым мікрараёне.

 “Мы ўжо бачылі план забудовы.  А калі план зацверджаны, то будаўніцтва можа пачацца як праз дзень, так і праз год. Але нават калі і пачнецца забудова, то мы будзем бараніць свой мікрараён”, — падкрэслівае Дзяніс Тушынскі.

Прынамсі, некаторыя людзі сталага веку паабяцалі, што лягуць пад бульдозер, але не дадуць знесці дзіцячы садок.

 

Каментаваць