Лявону Баршчэўскаму — 55! Віншуем!

З гэтым энергічным, вясёлым і вельмі цікавым чалавекам заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Ён шчодры на дапамогу і любыя парады. У яго процьма цікавых гісторый з жыцця, таму Баршчэўскі — проста скарб для журналіста. А тыя некалькі дзясяткаў замежных моваў, якімі дасканала валодае Лявон, заўсёды выклікаюць у мяне захапленне і белую зайздрасць.

 



Фота НЧ


Філолаг, перакладчык, выкладчык, грамадскі дзеяч, экс-дэпутат і проста цудоўны чалавек. Мне вельмі пашчасціла, што лёс і праца пазнаёмілі мяне некалі з вамі. Спадзяюся, пачую ад вас яшчэ не адну цікавую гісторыю. З днём народзінаў, вас! Плёну, шчасця і здароўя, вам і перамен усім нам!

Даведка

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся ў Полацку ў 1958 годзе. Пасля сканчэння Лінгвістычнага ўніверсітэта працаваў у Полацку й Наваполацку.

У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Мінску клуб маладых перакладчыкаў «Вавілон». Клуб згуртаваў беларусафілаў, якія імкнуліся шляхам перакладаў аднавіць правы і статус нацыянальнай мовы.

Баршчэўскі пераклаў Брэхта, Бёля, Кафку, Шылера, Гётэ. Пераклаў трагедыі Эсхіла, Сафокла, Еўрыпіда, камедыі Арыстафана, Менандра, аповесці Астрыд Ліндгрэн і Яраслава Івашкевіч, паэмы Эдгара Алана По і Галчынскага, трактат Імануіла Канта, п’есы Бэкета, Дзюрэнмата, Гаўла, Мрожака, кнігі нямецкіх гісторыкаў Р.Лінднэра («Гісторыкі і ўлада») і Б.К’яры («Штодзённасць за лініяй фронту») ды дзясяткаў іншых аўтараў з розных моваў.

Баршчэўскі — аўтар кніг папулярных нарысаў «Літаратура ад старажытнасьці да пачатку эпохі рамантызму» (2003) і «Беларуская літаратура і свет» (2006; разам з П.Васючэнкам і М. Тычынам).

У 1990 быў абраны дэпутатам ад Наваполацка і ён далучаецца да фракцыі Народнага Фронту.

З 1995 года ён намеснік старшыні Беларускага народнага фронту «Адраджэнне», у 1996–1999 гадах — выконваў абавязкі старшыні партыі пасля эміграцыі Зянона Пазняка. У

2007—2009 гадах ён ізноў старшыня БНФ.

Аднак галоўнай справай свайго жыцця Лявон Баршчэўскі лічыць заснавальніцтва і выкладанне ў Ліцэі імя Якуба Коласа. Доўгія гады ён займаў пасаду намесніка дырэктара, у тым ліку ў нервовыя гады пасля афіцыйнага закрыцця Ліцэя ўладамі ў 2003-м.

Каментаваць