Легендарны «Арол» вяртаецца

У Паўночным моры знойдзены парэшткі судна. Хутчэй за ўсё, гэта польская падводная лодка часоў Другой сусветнай вайны «Orzeł». Субмарына прапала без вестак 8 чэрвеня 1940 года.



ORP Orzeł, 1939 год. Фота з архіва Ігара Мельнікава


Гонар польскага флота

Вайсковае кіраўніцтва Другой Рэчы Паспалітай вельмі ганарылася падводнай лодкай «Арол». Яе пачалі будаваць на галандскай верфі Дэ Шэльдэ 14 жніўня 1936 года, а на ваду спусцілі 2 лютага 1939 года. У адпаведнасці з абарончым планам «Усход», падлодка была асноўнай зброяй палякаў у барацьбе супраць савецкіх крэйсераў і браняносцаў у Балтыйскім моры.

Падлодка мела класічную кампаноўку і была збудавана па апошняму слову тэхнікі. Яе экіпаж складаўся з 60 чалавек. «Арол» быў узброены 12 тарпедамі, адной спаранай зянітнай гарматай і адным зянітным кулямётам. 10 лютага 1939 года падлодка прыняла ўдзел у парадзе ў Гдыні ў гонар Дня ВМФ Польшчы. Напярэдадні Другой сусветнай вайны на «Арле» была праведзена праверка механізмаў і вузлоў.

Вось што пра лодку пісаў польскі часопіс «Малады грамадзянін» у сакавіку 1939 года: «Польскі ваенна-марскі флот узбагаціўся двума новымі, моцнымі баявымі падводнымі караблямі, якія Міністэрства вайсковых спраў назвала «Orzeł» і «Sęp». Яны пабудаваны на галандскай верфі, але ў значнай ступені з польскіх матэрыялаў. Наша прамысловасць імкнецца да таго, каб будаваць такія выдатныя караблі ўжо на радзіме. Новыя падводныя лодкі акрамя гармат маюць большую колькасць тарпедных апратаў, а таксама большы раён дзейнасці. Досвед, атрыманы падчас апошняга сутыкнення дзвюх палітычных сістэм, двух грамадскіх укладаў на тэрыторыі няшчаснай Іспаніі, вучыць нас, што падводныя караблі, ужо праз сам факт свайго існавання, абмяжоўваюць дзейнасць праціўніка, прымушаючы яго да асцярожнасці».

Гераічны ўцёк з Таліна

З першага дня нацысцкай агрэсіі на Польшчу, падлодка знаходзілася на баявым дзяжурстве ў Балтыйскім моры. Аднак неўзабаве захварэў капітан лодкі Хенрык Клачкоўскі. Да таго ж у выніку нямецкай атакі глыбіннымі бомбамі судна атрымала пашкоджанні. Камандаванне «Арла» атрымала загад ісці ў нейтральны порт у Швецыю, аднак капітан судна вырашыў рухацца ў Эстонію.

У ноч з 14 на 15 верасня 1939 года польская падлодка ўвайшла ў бухту Таліна. Германская амбасада адразу патрабавала ад улад Эстоніі арыштаваць экіпаж польскага судна. Хутка на «Арле» з’явіліся эстонскія вайскоўцы і рэквізавалі ўсю зброю і навігацыйныя мапы. Пасля гэтага пачалася выгрузка тарпед.

17 верасня 1939 года Чырвоная Армія перайшла савецка-польскую мяжу. Праз прадстаўнікоў брытанскай амбасады ў Таліне пра гэта даведаліся і польскія маракі з «Арла». Новы камандзір падлодкі Ян Грудзінскі загадаў камандзе рыхтавацца да пабегу з Эстоніі. Палякі арыштавалі эстонскіх салдат, якія ахоўвалі падлодку, і пачалі адыходзіць з бухты. Берагавая батарэя адкрыла папераджальны агонь, але падлодка пагрузілася і здолела пакінуць бухту.

 

Саветы выкарыстоўваюць сітуацыю

20 верасня 1939 года з-за інцыдэнту з польскай падлодкай са сваіх пасад былі звольнены камандуючы ВМФ Эстоніі Валеў Мэрэ і начальнік штаба ВМФ Рудольф Лінустэ. 21 верасня палякі высадзілі на шведскім востраве Готланд захопленых падчас пабегу эстонскіх салдат. Пасля гэтага падлодка «Арол» накіравалася да берагоў Вялікабрытаніі. Але палякі, у распараджэнні якіх яшчэ было 6 тарпед, якія эстонцы не паспелі выгрузіць, не выключалі магчымасці атакі ворага.

«Orzeł» на свяце ВМФ, люты 1939 года. Фота з архіва Ігара Мельнікава

 

Пабег польскай субмарыны занепакоіў СССР. 19 верасня 1939 года ў «Праўдзе» была надрукавана заява ТАСС, у якой, у прыватнасці, адзначалася: «Польскія падлодкі хаваюцца ў партах прыбалтыйскіх краін, знаходзячы падтрымку ва ўрадавых колах. Мяркуецца, што ўлады Эстоніі 18 верасня наўмысна далі збегчы польскай падводнай лодцы. Чырвонасцяжны Балтыйскі флот прыме неабходныя меры супраць хаваючыхся ў водах Балтыкі падводных лодак».

Вайсковае кіраўніцтва Польшчы на борце лодкі «Orzeł». Фота з архіва Ігара Мельнікава

 

19 верасня наркам замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў выклікаў да сябе пасла Эстоніі Аўгуста Рэя і прыгразіў, што савецкія баявыя караблі ўвойдуць у эстонскія тэрытарыяльныя воды на пошукі польскай падлодкі. Госці з СССР не прымусілі сябе чакаць. Дзесяць савецкіх самалётаў дэманстратыўна праляцелі над Талінам, а савецкія караблі пачалі патруляваць акваторыю ля эстонскіх астравоў. 27 і 28 верасня з’явілася інфармацыя ТАСС пра атаку невядомай падлодкай савецкіх параходаў «Металіст» і «Піянер». Гэтыя караблі былі тарпедаваны і патоплены. Аднак нідзе не ўказвалася, што атакі здзейсніў «Арол».

 

На службе каралеўскага ВМФ

14 кастрычніка 1939 года польская падлодка прыйшла ў англійскі порт Росайт. Аказалася, што 6 тарпед так і не былі выкарыстаны. У 1980-х гадах фінскія даследчыкі, вывучаючы гісторыю атакі на савецкія караблі ў 1939 годзе, даказалі, што гэта была правакацыя, падрыхтаваная Андрэем Жданавым. Выканаўцам атак быў камандзір савецкай падлодкі «Щ-303» капітан Восіпаў.

Падводная лодка «Арол» была адрамантавана, пераабсталявана і ўвайшла ў склад 2-й падводнай флатыліі Каралеўскага ВМФ. 8 красавіка 1940 года каля паўночнага ўзбярэжжа Нарвегіі палякі знішчылі свой першы нямецкі транспарт «Рыа-дэ-Жанэйра», які перавазіў салдат вермахта.

Да мая 1940 года падлодка паспела паўдзельнічаць ў 7 баявых паходах. 1 і 2 чэрвеня камандзіру лодкі быў адпраўлены загад аб перадыслакацыі ў раён праліва Скагерак, аднак адказу на паведамленне брытанцы не атрымалі. Далейшыя спробы выйсці на сувязь з палякамі нічога не далі, і з 8 чэрвеня 1940 года ORP «Orzeł» лічыцца зніклай без вестак. Па адной з версій, судна загінула, трапіўшы на міну.

***

У 2008 годзе з Гдыні на месца меркаванай гібелі польскай падводнай лодкі адправілася пошукавая экспедыцыя. Дайверы 17 дзён шукалі ў Паўночным моры парэшткі лодкі, аднак тады карабель так і не быў знойдзены. 31 мая 2013 года польскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі пра сенсацыйную знаходку корпусу падводнай лодкі «Арол».

Польскім спецыялістам удалося на глыбіні 70 метраў вызначыць парэшткі невядомай падлодкі. Большасць з вайсковых спецыялістаў упэўнена, што гэта, менавіта ORP «Orzeł». Хутка да гэтага месца адправіцца польскі вайсковы карабель «Лех», на барту якога будуць дайверы і гідрографы ВМФ Польшчы. Спадзяемся, што гэтая экспедыцыя будзе паспяховай і ў гісторыі Другой Сусветнай вайны на адну «белую пляму» стане менш.

Абмеркаванне:

  • Максім
  • 2013-06-05 01:41:20
Дзякуй за цікавы матэрыял. Дарэчы, першы фотаздымак з гэтага артыкула я бачыў на вокладцы польскага часопіса "Morze i kolonie" за сакавік 1939 года. Цікава было б даведацца-ці былі
людскія ахвяры пры патапленні савецкай падлодкай савецкіх жа параходаў у мэтах правакацыі?

Мне здаецца, што Савецкі Саюз выкарыстаў сітуацыю з польскай падлодкай у сваіх мэтах: прыкрываючыся небяспекай Ленінграда занялі тэрытарыяльныя воды Эстоніі дзеля прасоўвання сваіх геапалітычных
інтарэсаў далей на Захад і каб лягчэй заахвоціць прыбалтыйскія дзяржавы далучыцца да СССР.
  • Ігар Мельнікаў
  • 2013-06-05 01:45:48
Так, людскія ахвяры былі. Некалькі маракоў прапала без вестак.

Каментаваць