Лепш паеду я ў Сарбону

Хуткім часам у Беларусі ў чарговы раз вырастуць кошты за навучанне. Тым, хто збіраецца паступіць у ВНУ ў 2013 годзе, варта ўжо зараз шукаць грошы. Адукацыя і так была не таннай, але цяпер падаражэе яшчэ.



Па словах міністра адукацыі Сяргея Маскевіча рост кошту навучання ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах звязаны з павелічэннем з 1 студзеня 2013 года тарыфнай стаўкі першага разраду. “Натуральна, што ўслед за павелічэннем тарыфнай стаўкі першага разраду павінны вырасці і заробкі прафесарска-выкладчыцкага складу. А значыць, плата за навучанне будзе пераглядацца, — заявіў у інтэрв'ю газеце “Звязда Сяргей Маскевіч.

Аднак, па ягоных словах, стаўка павышэння кошту за навучанне яшчэ не ўстаноўленая — пакуль няма інфармацыі пра карэктавальныя каэфіцыенты да тарыфных разрадаў, таму, па словах міністра, з дакладнымі лічбамі вызначыцца праблематычна.

Але ў нашых умовах адукацыя і так нятанная. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, у 2012–2013 навучальным годзе кошт платнага навучання на дзённай форме ў ВНУ складае ад 7 млн. 153 тыс. рублёў ($830) да 14 млн. 950 тыс. рублёў ($1740).

Лідар па коштах — БДУ

Лідарам у кошце за навучанне з'яўляецца Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт: менавіта там максімальная аплата на першым курсе $1850. І толькі крышачку ад яго адстае БДУ з максімальнай аплатай $1750 за год навучання. Між іншым, прыватныя навучальныя ўстановы Мінска прапануюць сярэдні кошт года навучання ў $1300.

З аднаго боку — грошы не такія ўжо і вялікія, асабліва калі верыць Белстату, што сярэдні заробак у Беларусі перасягнуў мяжу ў 500 “зялёных і ўпэўнена рухаецца надалей. З іншага, як ні дзіўна, кошт за навучанне ў Беларусі дасягае еўрапейскага альбо расійскага ўзроўню, а вось заробкі за такім узроўнем не паспяваюць.

У Маскве даражэй

У сярэднім, за такія грошы можна навучацца і ў Маскве. Безумоўна, у Маскве ёсць МГУ, дзе кошт навучання — $10000 і ВШЭ за $12000. Але ж у знакамітай “баўманцы кошт гадавога навучання ўсяго ў два разы перавышае БДУ — $3670 за год. А Нацыянальны даследчы ядзерны ўніверсітэт "МІФІ" і таго менш: $3050. Пагадзіцеся, лепш мець дыплом “баўманкі, чым БДУ.

Дарэчы, можна ў Маскве знайсці навучанне і па беларускіх коштах: год навучання ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце дызайну і тэхналогіі каштуе $1715.

Каму не падабаецца Масква, можна ехаць у Пецярбург. Там кошты крыху ніжэйшыя за маскоўскія, але ў цэлым супастаўляльныя — ад $2570 у піцерскім палітэху да $1830 у дзяржаўнай хіміка-фармацэўтычнай акадэміі СПБ.

Але, на жаль, не супастаўляльныя у нас заробкі з маскоўскімі альбо з піцерскімі. Калі ў нас $600 лічыцца высокім заробкам, то там за такую суму нават вуліцы месці наўрад ці пойдуць. Таму там і працуюць дворнікамі таджыкі.

Больш за тое, расійскія спецыялісты пры ўсім гэтым кажуць, што маскоўскія кошты на навучанне — занадта высокія! Што рост кошту навучання ў Расіі істотна апярэджвае тэмпы росту цаны адукацыі ў заходніх краінах, і гэта пагражае тым, што ўжо зусім хутка Расія зойме першае месца і ў спісе самых дарагіх універсітэтаў свету.

Можна вучыцца ва Украіне

Крыху лепшае становішча для нас ва Украіне. Планку ў $2000 за навучанне там перагінаюць толькі знакамітыя і магістральныя ВНУ. Прыкладам, год навучання ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі каштуе $2230. Крыху больш у Кіеўскім Міжнародным універсітэце — $2260. Знакаміты Нацыянальны універсітэт "Кіева-Магілянская Акадэмія" прапануе год навучання за $2160.

Але нашыя грамадзяне, чамусьці, не любяць Кіеў. Некалькі маіх сяброў навучалася ва Украіне — і ўсе чамусьці ў Львове. Можа, з-за коштаў? Львоўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Івана Франка — $1080 за год навучання, Львоўскі інстытут банкаўскай справы Універсітэта банкаўскага справы Нацыянальнага банка Украіны (Нацбанка Украіны — гэта вам не абы-што!) — усяго $920 за год! А на Львоўскі інстытут эканомікі і турызму можна ўвогуле зарабіць за два месяцы працы — $700 за год.

ЕГУ вас чакае

Значна прасцей беларусам з Літвой. Там існуе выгнаны з нашай краіны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які прапануе навучанне, у тым ліку і платнае. Кошт за год навучання на асобных спецыяльнасцях ЕГУ даходзіць да 2500 еўра. Але гэта — самы максімальны кошт. У ЕГУ аплата навучання дыферэнцыяваная. Туды можна патрапіць і на бясплатнае навучанне, і на навучанне за 600 еўра, і за 1200 еўра, і за 1700. Так што выбар можна зрабіць заўсёды.

Лепш — у Сарбону!

Дарэчы, не трэба пужацца і Еўропы. Відавочна, першымі ў спісе ўніверсітэтаў, што абдзіраюць студэнтаў і іх бацькоў, як ліпку, з’яўляюцца Кэмбрыдж (да $47000) і Гарвард (да $40000). Але можна знайсці і “бюджэтныя варыянты. Напрыклад, Вышэйшая палітэхнічная школа Цюрыха (Швейцарыя), якая ўваходзіць ў першую дваццатку рэйтынга лепшых навучальных установаў свету прапануе навучанне усяго за $1200! Мюнхенскі тэхнічны ўніверсітэт просіць за год навучання $1800, а Сарбонскі ўніверсітэт (Францыя) — $1500 па максімуме.

Так што кошты за навучанне ў нас, у адрозненне ад заробкаў, еўрапейскія. І тут, выбіраючы месца навучання, варта падумаць яшчэ пра адну рэч. Літва, Украіна, Расія, не кажучы ўжо пра іншыя еўрапейскія краіны, з’яўляюцца ўдзельніцамі Балонскага працэсу. Гэта значыць, што дыпломы іх універсітэтаў прызнаюцца ва ўсіх краінах — удзельніцах гэтага працэсу, а такіх на дадзены момант 47. Беларусь жа да Балонскага працэсу не далучылася, і нават самы лепшы дыплом БДУ будзе выглядаць “фількінай граматай перад самым горшым інстытутам Украіны альбо Расіі.

Так што лепш вучыцца ў Сарбоне за тыя ж грошы.

Каментаваць