Лён Уладзіміра Някляева

9 ліпеня паэт і палітык Уладзімір Някляеў адсвяткаваў свой 65-ы дзень народзінаў. Сярэдзінны юбілей. Шэсцьдзесят пяты год жыцця, які адначасова, без перабольшвання, можна лічыць і першым годам вяртання да жыцця. Бо чужой злой воляй быў пастаўлены на лязо жыцця і смерці.



Пасля таго разбойнага амапаўскага нападу на каманду кандыдата ў прэзідэнты, што мірна рухалася на цэнтральную плошчу 19 снежня мінулага года. Пасля подлага ўдару ззаду па галаве. Пасля начнога выкрадання зданямі ў чорным з рэанімацыйнай палаты шпіталя. Пасля ночы на халаднючай падлозе турэмнай камеры.

65-ы год жыцця — як першы год другога нараджэння. Што і адсвяткаваў, ад душы, сярод блізкіх і сяброў, на падворку сядзібы-музея Строчыцы. Як знак лёсу: прайшоў праз пакуты, адолеў, ачуняў, стаў на ногі, вырваўся з палону зоны малой. Уласнай воляй і сілай таленту. Каб працягнуць справу свайго жыцця — паэта, а цяпер яшчэ і палітыка. Справу пераўтварэнне Беларусі ў краіну вольную, дэмакратычную і заможную. У гарманічным зліцці легендарнай мінуўшчыны з рэальнай сучаснасцю.

На адметным паэтычным палатне, што выткаў Уладзімір Някляеў, ёсць верш «Лён». 16 радкоў — цэласная філасофія сумленнага жыцця. «Праў я лён з нітамі зрэбнымі/ Браў я лёс біты цярэбляны/… Нешта ў ім я не дарабіў/ Калі рваў, біў ды церабіў»…

Дарабіць, далюбіць, дацерабіць Вам, спадар Уладзімір, свой лён — «на чатыры вакны, на чатыры вятры».

Здароўя і ўдачы Вам ад «Новага часу» на новы час.
 

Каментаваць