Любяць, не любяць...

Масавая акцыя пратэсту, якую планавалі на восень, Народны сход, прадэманстравала апатыю, страх грамадства і старыя граблі апазіцыі — раз’яднанасць і немагчымасць супрацьстаяць дзяржаўнай сістэме. А дзяржаўная сістэма стаіць на моцных гліняных нагах калоса, і выглядае на тое, што гатовая сысці ў “нязнанку ў спадзеве перачакаць смутны час.



Масавая акцыя пратэсту, якую планавалі на восень, Народны сход, прадэманстравала апатыю, страх грамадства і старыя граблі апазіцыі — раз’яднанасць і немагчымасць супрацьстаяць дзяржаўнай сістэме. А дзяржаўная сістэма стаіць на моцных гліняных нагах калоса, і выглядае на тое, што гатовая сысці ў “нязнанку ў спадзеве перачакаць смутны час.

У рэгіёнах Народны сход сабраў дзясяткі чалавек, у сталіцы — блізу тысячы. Акцыі праходзілі з патрабаваннем вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных і сумленных выбараў і адначасова — з патрабаваннем спыніць рост цэн, індэксаваць зарплаты і пенсіі.

Чаму ва ўмовах эканамічнага крызісу грамадства так аморфна паставілася да пратэстнай акцыі? Гэта бадай што самае цікавае пытанне. Тым больш, што цяпер не можна весці размову пра стабілізацыю сітуацыі, узровень даходаў і дабрабыту па-ранейшаму коціцца ўніз.

Так, па выніках таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы, беларускі рубель ужо тыдзень падае. У сераду, 12 кастрычніка, курс долара падскочыў да 8710 рублёў і абышоў узровень, на якім адкрывалася дадатковая сесія ў верасні. Індэкс цэн на харчовыя тавары ў верасні 2011 года ў параўнанні са жніўнем 2011 года склаў 118,6 %, са снежнем 2010 года — 184,2 %, паведамляе Белстат.

Палітолаг Аляксей Пікулік мяркуе, што, як бы ні парадаксальна гэта гучала, але намёкаў на сацыяльны выбух у беларускім грамадстве няма. “Нягледзячы на тое, што рэйтынг Лукашэнкі цяпер не большы за 20–25 працэнтаў, улада даволі стабільная, устойлівая. Яна, канешне, слабейшая, чым калі б тое ні было, але і апазіцыя слабая. Лукашэнку моцна пашанцавала з народам. Зладзіць 190-працэнтную дэвальвацыю нацыянальнай валюты на працягу дзесяці месяцаў і пры гэтым не пабачыць фактычна ніводнай вялікай забастоўкі — ніхто нікуды не пайшоў, новыя лідары галоднага працоўнага класа не сфарміраваліся, сяляне з віламі ў гарады не прыехалі, — канстатуе эксперт. — Запас трываласці ў беларусаў вялікі, сямнаццаць гадоў пры Лукашэнку, кажуць, жылося някепска. І не думаю, што ўладзе ёсць сур’ёзная пагроза, што галодныя масы змятуць рэжым.

Пакуль беларусы на кухнях — і толькі! — клянуць дзяржаву за ўласную галечу, гэта самая дзяржава спрабуе знайсці знешнія сродкі, каб утрымацца на плыву. Да слова, Беларусі патрэбныя немалыя рэсурсы не толькі на затыканне бюджэтных дзірак, але і на выплату пазыкаў, аб’ём якіх цягам апошніх гадоў вырас як на свежых дражджах. На пачатку кастрычніка Міжнародны валютны фонд у сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля ў 2011 годзе пераацаніў дзяржаўную пазыку Беларусі з 35,6 % да 46,3 % ад ВУП. Кароткатэрміновыя даўгі банкаў і прадпрыемстваў цяпер больш за 30 працэнтаў ад ВУП. А ўнутраны валавы прадукт Беларусі па стане на 2010 год крыху не дацягваў да 55 мільярдаў долараў.

У кастрычніку ў Беларусі працуе місія Міжнароднага валютнага фонду з мэтай ацаніць эканамічную сітуацыю ў краіне. Ва ўрадзе не выключаюць, што ў рамках працы місіі гаворка можа пайсці пра фарміраванне новай праграмы МВФ для Беларусі, то бок крэдытаванне. Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец заявіў, што крэдыт Міжнароднага валютнага фонду патрэбен Мінску, перш за ўсё, для аднаўлення пазітыўнага стаўлення інвестараў да эканамічнай палітыкі ўладаў.

Пра магчымую фінансавую дапамогу Беларусі, нягледзячы на ўсе дэмаршы афіцыйнага Мінска ў часе саміта “Усходняга партнёрства, неаднаразова заяўляў прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск. У прыватнасці, ён сказаў, што Еўрасаюз гатовы прадаставіць Беларусі да 9 мільярдаў долараў у абмен на выкананне пэўных умоў, што тычацца правоў чалавека, дэмакратычных свабодаў і свабодных выбараў. Шэраг аналітыкаў мяркуюць, што агучванне гэтай інфармацыі можна расцэньваць хутчэй як пасыл да наменклатуры Беларусі, маўляў, у крызісныя часы пераменаў вы сам-насам не застанецеся. Хаця пакуль гаварыць аб тым, што сістэма страціла кіруемасць, не выпадае.

Палітолаг Аляксей Пікулік падкрэслівае, што, нягледзячы на разрыў адносінаў з Еўрасаюзам, Аляксандр Лукашэнка ўсё адно выйшаў пераможцам. І гэта ва ўмовах, калі ў краіне былі дзясяткі палітвязняў. “Трэба прызнаць, што ён выйграў гульню, распачатую ў снежні, учыстую. Пытанне, легітымны прэзідэнт Лукашэнка ці не, ужо і не стаіць. Сумневы ў легітымнасці ён вырашыў тым, што пачаў кашмарыць апазіцыю. Палітвязняў патрымалі, і выпусцяць у выпадку, калі павераць, што Еўропа насамрэч гатовая дапамагчы грашыма, — гаворыць палітолаг.

Варта згадаць, што ў шэрагу інструментаў, якія маглі б дапамагчы Беларусі выбрацца з крызісу, найперш называюць структурныя рэформы эканомікі. Але пакуль пра гэта не вядзецца размова. Ёсць паўзучая прыватызацыя, рост цэн, падзенне пакупной здольнасці спажыўцоў, нарастанне знешняй запазычанасці і ўсё тое ж ручное кіраванне эканамічнай мадэллю.

У цяперашніх умовах перамены і трансфармацыя дзяржаўнай сістэмы Беларусі найперш звязаныя з палітычнай воляй яе лідара. Але ці ёсць гэтая воля? Тут можна прывесці словы Аляксандра Лукашэнкі, сказаныя падчас прэсавай канферэнцыі з расійскімі журналістамі.

“Калі б я быў толькі ўпэўнены і ведаў, што беларусы на 80 працэнтаў, ці там больш, ненавідзяць Лукашэнку, я б усе гэтыя шмоткі сабраў, паклаў на стол і сказаў: дзякуй, браткі-беларусы. Я сабе на хлеб зараблю, — заявіў ён. — Я не трымаюся за гэтае крэсла, як вы часам пішаце ў Расіі: дзеля ўлады або дзеля багацця і грошай. Каментуючы вынікі незалежных сацапытанняў, якія сведчаць пра падзенне яго рэйтынгаў, Лукашэнка назваў гэта “поўнай хлуснёй. Ён упэўнены, што беларусы павінны яго “любіць. “А за што не любяць? Ну, скажыце, за што? Што, я горш за іншых працую? Не. Не любіць жа трэба за нешта, — заявіў кіраўнік Беларусі.
 

Каментаваць