Людміла Гразнова: Усё залежыць ад таго, да чыіх грудзей прысмокчацца ўлада

Вынікі мінулага года ў сферы правоў чалавека праваабаронцы ацанілі даволі пазітыўна. «Актывісты палітычных і грамадскіх няўрадавых арганізацый загаварылі, што ў другой палове 2008 года «стала лягчэй дыхаць», — адзначыла старшыня «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова падчас прэзентацыі «Хронікі парушэння правоў чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе».

Вынікі мінулага года ў сферы правоў чалавека праваабаронцы ацанілі даволі пазітыўна. «Актывісты палітычных і грамадскіх няўрадавых арганізацый загаварылі, што ў другой палове 2008 года «стала лягчэй дыхаць», — адзначыла старшыня «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова падчас прэзентацыі «Хронікі парушэння правоў чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе».

Разам з тым праваабаронцы адзначылі, што ў параўнанні з 2007 годам летась пагоршылася сітуацыя са звальненнямі з працы і выключэннямі з навучальных устаноў па палітычных матывах грамадскіх актывістаў, былі зафіксаваныя факты ціску на журналістаў, якія працуюць на недзяржаўныя СМІ, а таксама масавыя допыты па ўсёй краіне па справе аб выбуху 3 ліпеня ў Мінску.
Паводле «Хронікі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2008 годзе», было заведзена 22 крымінальных справы ў дачыненні да актывістаў апазіцыі (у 2004 годзе іх было 15). У асноўным, крымінальныя справы заводзіліся супраць моладзевых актывістаў. Былі асуджаныя на тры гады зняволення журналіст закрытай газеты «Згода» Аляксандр Сдвіжкоў за перадрук карыкатуры на прарока Мухамеда, паўтара гады калоніі атрымаў актывіст і лідэр «Ініцыятывы» Андрэй Кім, а лідэр прадпрымальніцкага руху Сяргея Парсюкевіч — 2,5. У няволі знаходзіўся былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Аляксандр Казулін. Тое, што ўсе палітвязні ў другой палове года былі вызваленыя, праваабаронцы лічаць вельмі станоўчым крокам.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на шэраг звальненняў па палітычных матывах, выключэнне з універсітэтаў, арышты, збіцці актывістаў апазіцыі. За год працу страцілі 14 чалавек — усе актывісты розных партый і арганізацый. У асноўным гэта былі асобы з рэгіёнаў. З навучальных устаноў выключылі 12 актывістаў моладзевых арганізацый. Упершыню са школы выключылі школьніка — актывіста «Маладога Фронту» Івана Шылу з Салігорска. На днях стала вядома, што яго мусяць бліжэйшым часам прызваць у войска, такім чынам у юнака будзе магчымасць здаць іспыты за курс сярэдняй школы толькі праз паўтара гады.
Масавыя вобшукі ў рэдакцыях радыё «Рацыі», «Еўрапейскага радыё для Беларусі», тэлеканала «Белсат», а таксама ў кватэрах журналістаў праваабаронцы называюць самым цяжкім для журналістаў эпізодам мінулага года.
Яшчэ адна адметнасць — пакаранні нязгодных з дзеяннямі ўлады штрафамі. За год быў аштрафаваны 81 чалавек (73 — у 2007-м). Памер штрафаў прыкметна ўзрос у параўнанні з мінулымі гадамі. Крыху зменшылася колькасць арыштаў: «суткі» адбылі 107 актывістаў (пазалетась — 116).
Існуюць праблемы і ў галіне права на справядлівы суд. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе не ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. У 2006 годзе было вынесена 9 «расстрэльных» вердыктаў, у 2007 — 4. На пачатак 2008 года было вядома пра траіх расстраляных. Актуальным застаецца пытанне, што стала з палітыкамі, якія прапалі без вестак, — Юрыем Захаранкам, Віктарам Ганчаром, прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім, журналістам Дзмітрыем Завадскім.

Людміла Гразнова падкрэслівае, што любыя станоўчыя крокі дзяржавы ў галіне правоў чалавека варта падтрымліваць. «Як толькі ўзгадваецца дыктатура, «крывавы рэжым», Еўропа адразу палохаецца, адгароджваецца і гаворыць: «Мы з вамі не маем ніякіх спраў». І Беларусь застаецца сам-насам з іншай суседкай. А ёй гэта толькі і трэба. І тым, хто імкнецца загнаць Беларусь у ізаляцыю, балота, — гаворыць праваабаронца. — Таму рэальная ацэнка сітуацыі і разуменне таго, што трэба быць бліжэй да Еўропы — гэта найбольш прадуктыўны і правільны ў палітычных адносінах падыход. Калі нехта ўвесь час гаворыць толькі пра «крывавы рэжым», значыць або нічога не разумее, або працуе на Маскву». Ці будзе паляпшацца сітуацыя з правамі чалавека сёлета, залежыць ад знешняй палітыкі дзяржавы, упэўненая Людміла Гразнова: «Усё будзе залежаць ад таго, да чыіх грудзей збіраецца прысмактацца ўлада. У любым выпадку трэба разумець, што мы жывём у таталітарнай дзяржаве, і калі адбываюцца нейкія змены да лепшага, мы павінны іх адзначаць».

Каментаваць