“Людзі не маюць права на такое стаўленне да доктара”

Чаму маладыя людзі становяцца дактарамі і што іх чакае на гэтай пасадзе? Чаму людзі не могуць вылечыць сваю хваробу, калі звяртаюцца да многіх медыкаў? Чаму ў Беларусі не хапае дактароў? І чаму гэта прафесія губляе прэстыж?

Пра свой “медыцынскі боль, пра праўду па-за тым бокам акенца рэгістратуры распавяла карэспандэнту Зоі Хруцкай участковы тэрапеўт Вілейскай цэнтральнай раённай паліклінікі Інэса Сцебурака.



Чаму маладыя людзі становяцца дактарамі і што іх чакае на гэтай пасадзе? Чаму людзі не могуць вылечыць сваю хваробу, калі звяртаюцца да многіх медыкаў? Чаму ў Беларусі не хапае дактароў? І чаму гэта прафесія губляе прэстыж?

Пра свой “медыцынскі боль, пра праўду па-за тым бокам акенца рэгістратуры распавяла карэспандэнту Зоі Хруцкай участковы тэрапеўт Вілейскай цэнтральнай раённай паліклінікі Інэса Сцебурака.

— Я працую ў паліклініцы з 1980 года. Мае назіранні прывялі да высновы, што нагрузка на доктара не можа быць такой, якая яна ёсць цяпер. Усе ведаюць, што калі доктар на прыёме пяць гадзін, ён агледзіць мінімум 30 чалавек. Чэргі былі і ёсць. Але існуе востры недахоп дактароў. А вось з-за чаго ўзнік ён — гэта іншае пытанне.

Мяне турбуе надуманы недавер людзей да дактароў. Гэта пачалося ў апошнія гады, раней такога не было. І гэта вельмі сумная тэндэнцыя.

— Ці не з-за таго гэта, што многія любяць чытаць пра медыцыну ў сеціве?

— Цяпер часта любяць пісаць пра медыцыну нейкія сенсацыі, пішуць артыкулы, якія не рэдагуюць медыцынскія работнікі. Гэта настройвае людзей пэўным чынам.

— А чаму ў Беларусі востры недахоп дактароў?

— Пуцін цяпер агучвае сваю прэзідэнцкую праграму, і сярод іншага ён адзначыў, што дактары будуць мець аклад у два з паловай разы большы за сярэдні па рэгіёне.

Калі ў Расіі спужаліся, што кадраў не хапае, і вырашаюць гэтае пытанне такім цудоўным шляхам, то туды і пойдуць працаваць. Прычым пойдуць апошнія кадры з Беларусі.

Вось цяпер Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт “працуе на Польшчу, Чэхію. Там нашых спецыялістаў бяруць без ведання мовы і ўсялякіх дадатковых экзаменаў. Еўрасаюз нашы веды прымае, а беларусы ім не давяраюць. Гэта сённяшняя праўда жыцця. Дык вось, хутка Віцебскі і Гомельскі ўніверсітэты пачнуць “працаваць на Расію.

Калі нашы дактары выязджаюць працаваць у Еўропу, іх бясплатна вучаць мове.

Знаёмая маіх дзяцей, маладая неўролаг, паехала працаваць у Чэхію. Яе там таксама паўгода вучылі мове бясплатна. І цяпер расказвае, што гэткая бездапаможнасць у Чэхіі з-за адсутнасці кадраў, што яна там стала адной з лепшых.

Чаму ж спецыялісту не паехаць туды, дзе лепш, дзе будзе забяспечаны жыллём, дзе добры заробак і павага.

А калі доктар — жабрак, то да яго і няма павагі. Не паважаюць зверху, не паважаюць знізу. За гэта будуць разлічвацца толькі самі людзі.

— Ці з добрымі ведамі цяпер прыходзяць маладыя спецыялісты?

— Ведаў у маладых дактароў хапае. Людзі ідуць у медінстытут не для таго, каб атрымаць багацці. Не таму, што яны хімію і біялогію добра ведаюць. У асноўным ідуць альтруісты. Яны ідуць дапамагаць людзям. Разумееце, што кіруе чалавекам у 17–18 гадоў? Гэты чалавек наіўна думае, што будзе прыносіць людзям нейкую карысць.

А потым ён прыходзіць сюды і адразу ж атрымлівае грубасць, нахабства, вялізныя чэргі, якія ад яго не залежаць. Такога грубага стаўлення людзей да дактароў не было ніколі.

— А якое стаўленне было раней?

— Інтэрнатуру я праходзіла ў Маладзечне, потым працавала ўчастковым тэрапеўтам у Слуцкім раёне і Гомельскай вобласці, а пасля пераехала ў Вілейку.
З таго часу я не памятаю ніводнага выпадку, каб чалавек, які выклікаў доктара, яго не чакаў. Не памятаю, каб для доктара не падрыхтавалі стул, самі былі ў бруднай бялізне і яшчэ сварыліся, што спазніўся, хаця ты ж быў на папярэдніх выкліках. Усё гэта ёсць цяпер.

Гэта хамства. І вось сёння яно імкнецца кіраваць усім, у тым ліку і медыцынай.

— Людзі нервуюцца ў чэргах...

— Людзі не разумеюць, што трэба адсядзець чаргу. Калі ў чалавека 17-ы талон, ён не можа прайсці раней за таго, хто мае 10. Мы тры гады гэта ўводзім у Вілейцы і дагэтуль не ўсе разумеюць, што трэба чакаць чаргу.

Не дай бог, каб медыцына стала службай быту.

Нават у цырульні ўсе запісваюцца загадзя і сядзяць, чакаюць сваёй чаргі. А ў кабінет доктара могуць расчыніць дзверы і раўці, што талон у яго на пэўны час, чаму гэта доктар затрымліваецца. У мяне сядзіць распранутая жанчына, ён усё роўна ўварвецца і будзе раўці.

Мне шкада гэтых маладых дактароў, якія прыходзяць. І я разумею, што яны могуць з’ехаць.

— Наколькі добрая ў нас медыцынская адукацыя?

— Беларусь захавала лепшыя традыцыі, у нас добрая акадэмічная школа. Што тычыцца Вілейкі, то ў нас замінак, каб трапіць на прыём да абласнога спецыяліста, ніколі не было. А абласная бальніца ў нас проста выдатная.

Людзі не хочуць прыходзіць у паліклініку. Яны лечацца хоць дзе — у бабак, іншымі спосабамі.

Вельмі турбуе тое, што чалавек пасля наведвання паліклінікі, атрымаўшы рэцэпт, не выконвае назначэнні доктара.

— Ці правільна, што антыбіётыкі будуць адпускаць толькі па рэцэпце?

— Абсалютна. Існуе такое паняцце, як рэгіянальная мікробная рэзістэнтнасць да антыбіётыкаў, гэта значыць, рэгіянальнае прывыканне да антыбіётыкаў. Бліжэйшы інстытут, які займаецца гэтай праблемай, — у Смаленску. Для вірусаў і мікробаў гэта не адлегласць, таму вынікі іх даследаванняў падыходзяць і нам. Яны рэгулярна адсочваюць прывыканне.

Нашы людзі заўсёды маюць дома пэўныя антыбіётыкі і п’юць, калі трэба і калі не трэба, і прывыкаюць да іх.

У Еўропе гэта абарвалі даўно, увёўшы антыбіётыкі па рэцэпту. Мы мусім зрабіць тое самае, бо людзям хутка не будзе чым лячыцца.

У некаторым плане тое, што заходнія дасягненні ў нас на некалькі гадоў спазняюцца, якраз і ратуе нас. Калі ў іх адчувальнасць да новага прэпарата ніжэйшая, нам яшчэ гэтыя лекі дапамагаюць.

Калі людзям сёння даць магчымасць лячыцца, як ім захочацца, можа адбыцца складаная сітуацыя. Вось нядаўна бушаваў “свіны грып, ад якога людзям трэба антыбіётык, больш моцны за звычайны. Людзі ўжо прывыклі да тых антыбіётыкаў, без якіх маглі абысціся, а потым, калі моцныя сапраўды спатрэбяцца, яны не запрацуюць.

— А чым людзі лечацца самі?

— Неяк у Вілейцы, і наогул у вобласці, людзі лячылі суставы конскім гелем. Яны не задумваліся, што там і доза будзе “конская, і ступень ачысткі не для чалавека.

— Вы кажаце, што пацыенты губляюць давер да дактароў. А ці бываюць выпадкі, калі гэта абгрунтавана?

— Ведаеце, заўсёды варта наведваць доктара паўторна. Магчыма, на першым прыёме доктар недастаткова зразумеў сітуацыю. Такое не выключаецца, асабліва калі вялікі наплыў хворых. Праз чатыры гадзіны прыёму доктар вельмі стамляецца. І амаль на кожным прыёме кажа: “Калі вы не адчуеце, што вам лягчэй, прыйдзіце да мяне абавязкова яшчэ раз.

Пацыент прыходзіць дадому і распавядае, што медык яго не зразумеў і наогул нейкі дурань трапіўся, і што ён да яго ніколі больш не пойдзе. А ідзе да новага доктара, які таксама не ўнік, яшчэ да аднаго...

А калі пацыент вернецца да свайго доктара, той убачыць, што нешта не спрацоўвае, параіцца з калегамі, збяруць кансіліум — і пытанне вырашыцца.
Людзі здаюць аналізы і не цікавяцца вынікамі.

Нядаўна ў мяне быў пацыент, які з гонарам заявіў: “Я ў 1987 годзе ўзяў адказнасць за сваё здароўе на сябе. А гэта абсалютна нармальна, так і павінна быць.

— А як вы самі стрымліваецеся, каб не хаміць у адказ?

— Я шукала выйсце і знайшла яго ў царкве. Гэта мне дапамагае.

— Вы лічыце, што існуе ўзаемасувязь паміж хамствам і недахопам духоўнасці?

— Гэта прамая ўзаемасувязь.

Цяпер у людзей няма патрэбы ні храм наведаць, каб ачысціць душу, ні ў таго ж псіхолага ці псіхатэрапеўта пракансультавацца.

На Захадзе, калі чалавек заўважае, што не можа стрымаць сябе, ідзе да спецыяліста, каб падкарэктаваць свае паводзіны.

— Чаму платныя медыцынскія цэнтры карыстаюцца попытам?

— Людзі гатовы плаціць добрыя грошы, каб прыйсці, нікога не чакаць, каб у доктара было дастаткова часу. Таму што гэта нармальна.

— Ці лічаць сябе беларусы адказнымі за сваё здароўе?

— Неяк праводзілі статыстычнае апытанне, і аказалася, што здароўе ў беларусаў на дзявятым месцы спіса каштоўнасцей.

— Вы радуецеся, калі прыходзяць маладыя спецыялісты?

— Безумоўна. Мы іх чакаем і вельмі спачуваем ім. Мне няма чым папракнуць гэтых дзяцей, якія прыходзяць у медыцыну. Яны жадаюць рабіць дабро. Але сутыкаючыся з такім стаўленнем, сыходзяць з медыцыны.

Да таго ж яны нічога не скажуць, гэта я магу спытацца, калі прыходжу на выклік, дзе стул для доктара. А маладыя спецыялісты ад такога стаўлення проста не вытрымліваюць. Вы ведаеце, я часам заходжу да пацыента, а ён працягвае глядзець тэлевізар і ніяк не рэагуе на доктара. А потым не задаволены візітам.


Нам вельмі не хапае таго, што завецца словам “годнасць. Мы прыніжаныя і дазваляем сабе прыніжаць іншых.

Людзі не маюць права на такое стаўленне да доктара. Вось гэта тая праўда, якая знаходзіцца па той бок акенца рэгістратуры.

Паводле “Рэгіянальнай газеты
Фота zdorovie.com

Каментаваць