Лукашэнка: сярэдняя зарплата да чэрвеня павінна дасягнуць 400 долараў

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец 17 красавіка праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці за першы квартал і ходзе вясенне-палявых работ. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў тэмпы развіцця вобласці, запатрабаваў не зніжаць іх у другім квартале і дасягнуць да чэрвеня сярэдняй зарплаты ў рэгіёне ў эквіваленце каля 400 долараў.

Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці інтэнсіфікаваць працу аграпрамысловага комплексу і завяршыць вяснова-палявыя працы да 8 мая, паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле слоў губернатара, валавы рэгіянальны прадукт у вобласці вырас на 21% да аналагічнага перыяду 2011 года, індэкс фізічнага аб'ёму выпуску прадукцыі вытворчасці — на 36%. Экспарт у прадпрыемстваў камунальнай уласнасці без уліку нафты і нафтапрадуктаў за студзень-люты павялічыўся ў шэсць разоў, выканаўшы гадавое заданне па гэтым паказчыку. Сальда знешняга гандлю за першы квартал склалася станоўчым у памеры 687 млн долараў пры гадавым заданні ў 290 млн долараў.

Полацк дырэктыўна хочуць зрабіць прывабным для турыстаў

Лукашэнка таксама ўхваліў канцэпцыю развіцця Полацка, прадстаўленую Аляксандрам Косінцам, і даручыў падрыхтаваць праект адпаведнага ўказа. Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне культурна-гістарычнага цэнтра і турыстычнай інфраструктуры вакол Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора. Агульны яго кошт ацэньваецца ў 2 трлн рублёў (250 млн долараў).

Праект, які плануецца завяршыць у 2015 годзе, уключае рэканструкцыю многіх гарадскіх аб'ектаў, будаўніцтва гасцініц, выставачных цэнтраў, рэстаранаў, кафэ, сцежкі святой Ефрасінні ўздоўж ракі Палаты, якая стане суднаходнай, абсталяванне зон адпачынку.

Як паведамляў “Тэлеграф, Лукашэнка падкрэсліў, што, падвышаючы зарплаты рабочым без павелічэння прадукцыйнасці працы на прадпрыемствах, Беларусь вернецца да той крызіснай сітуацыі, з якой толькі нядаўна ўдалося выбрацца краіне.

Паводле telegraf.by
 
Каментаваць