Мікалая Статкевіча пасадзілі ў штрафны ізалятар

13 снежня стала вядома, што былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі палітычны зняволены Мікалай Статкевіч змешчаны ў штрафны ізалятар Шклоўскай калоніі. У карцары палітык правядзе, паводле атрыманых звестак, сама мала пяць сутак.



13 снежня стала вядома, што былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі палітычны зняволены Мікалай Статкевіч змешчаны ў штрафны ізалятар Шклоўскай калоніі. У карцары палітык правядзе, паводле атрыманых звестак, сама мала пяць сутак.

Паводле слоў грамадзянскай жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Багдановіч, афіцыйнай прычынай спагнання сталася тое, што вязень нібыта не павітаў “атраднага. “Хутчэй за ўсё, гэта толькі фармальная падстава, — мяркуе Марына Багдановіч. — Верагодна, сапраўднай прычынай сталі звароты Мікалая да дэмакратычнай грамадскасці і апазіцыі, якія ён перадаваў на волю з калоніі. 

Апроч таго, паведаміла жанчына, 20 снежня яна і Мікалай Статкевіч меліся пабрацца ў калоніі афіцыйным шлюбам, адпаведныя дазволы ўжо былі атрыманы. “Я не верыла, што ўсё пройдзе спакойна і гладка. Ізаляцыя Мікалая ў ШЫЗА з’яўляецца пацвярджэннем маіх апасенняў, — сказала Марына Багдановіч. 

Нагадаем, што Мікалай Статкевіч атрымаў найбольшы сярод фігурантаў справы аб “Плошчы тэрмін пакарання — шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за падзеі 19 снежня 2010 года ў Мінску. У той дзень па завяршэнню галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у цэнтры беларускай сталіцы адбылася шматтысячная акцыя пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбарчай кампаніі. Мікалая Статкевіча прызналі вінаватым у парушэнні частак 1 і 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і актыўны ўдзел у масавых беспарадках).

Сёння за кратамі, апроч Мікалая Статкевіча, застаецца яшчэ адзін экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў, які таксама прызнаны палітычным зняволеным беларускімі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.  
 

Каментаваць