Мікалаю Статкевічу ў следчым ізалятары ў Магілёве абмежавалі атрыманне прэсы

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у следчым ізалятары ў Магілёве абмежаваны ў атрыманні прэсы, паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.

Былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч у следчым ізалятары ў Магілёве абмежаваны ў атрыманні прэсы, паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч.

Паводле слоў Адамовіч, яна атрымала адказ з магілёўскай пракуратуры і адміністрацыі следчага ізалятара Магілёва на свае скаргі аб тым, што Статкевіч нерэгулярна атрымлівае карэспандэнцыю. "У адказе напісана, што з ліпеня Статкевіч можа атрымліваць толькі тыя выданні, якія ён выпіша персанальна. Усе газеты, якія яму выпісваюць сябры або знаёмыя, даходзіць да яго не будуць. Акрамя таго, такое ж палажэнне прынятае ў дачыненні да яго сукамерніка Васільева", — сказала жонка палітыка.

Яна таксама паведаміла, што 4 ліпеня ў яе адбылася тэлефонная размова са Статкевічам. "Мікалай паведаміў, што, нягледзячы на ранейшае рашэнне аб памяшчэнні яго ў штрафны ізалятар на 10 сутак, яго ў ізалятар так і не пасадзілі. Сам Статкевіч лічыць, што гэта адбылося з-за таго, што ў ШІЗА вялікая чарга", — заявіла Адамовіч.

Акрамя таго, яна атрымала 6 ліпеня ліст ад Статкевіча. "Ён піша: "Гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны план у дачыненні да мяне. Які, можна толькі здагадвацца. Калі змаўчаць, то будуць яшчэ больш "крутыя" планы", — сказала жонка палітыка.

26 мая 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадках у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года быў пераведзены ў СІЗА ў Магілёве.

Прычынай стала афіцыйнае прадстаўленне адміністрацыі калоніі, згодна з якім асуджаны палітык "не стаў на шлях выпраўлення", "да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца" і пасля адбыцця пакарання мае намер "весці злачынны лад жыцця". Паводле слоў жонкі палітыка, фармальнай падставай для абвінавачання стала тое, што на адзенні не было біркі з нумарам зняволенага, ён таксама не ўказаў у спісе асабістых рэчаў наяўнасці насовак.

Сяргей Пульша, БелаПАН
 

Каментаваць