Міліцыя затрымала “рэфарматараў” МУС

У Мінску 28 мая затрымалі ўдзельнікаў міжнароднага круглага стала па пытаннях рэформы сістэмы МУС. Грамадзяне Украіны, Расіі і Беларусі з абмеркавання тэорыі трапілі на “практыку ў Савецкае РУУС.



У Мінску 28 мая затрымалі ўдзельнікаў міжнароднага круглага стала па пытаннях рэформы сістэмы МУС. Грамадзяне Украіны, Расіі і Беларусі з абмеркавання тэорыі трапілі на “практыку ў Савецкае РУУС.


У офіс Партыі БНФ, дзе праходзіла мерапрыемства, каля 11.30 прыйшоў участковы міліцыянт і асобы ў цывільным. Яны затрымалі трох грамадзян Украіны. Гэта былы дарадца міністра ўнутраных спраў, палкоўнік Алег Мартыненка, выкладчыца Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта ўнутраных спраў, палкоўнік Ала Благая, а таксама былы памочнік міністра ўнутраных спраў Вадзім Півавараў.

У міліцыю забралі і грамадзянку Расіі Вольгу Саламатаву, прадстаўніцу Польскага Хельсінскага фонду. І трох беларусаў — журналістку інтэрнэт-выдання «Салідарнасць» Людмілу Ісакаву, сацыёлага Аляксандра Саснова і старшыню Беларускага Хельсінкскага камітэта Алега Гулака.


“У мяне такое ўражанне, быццам я глядзеў фільм пра вайну, — распавёў аб затрыманні праваабаронца БХК Павел Левінаў. — Як немцы ўвальваліся ў дамы і шукалі: “Дзе партызаны?. Так і яны ўваліліся — няпрошаныя госці. Двое, якія былі ў цывільным, паводзілі сябе нахабна. У іх нават стойка была ваяўніча фашысцкая. Толькі не хапала аўтамат павесіць на грудзі. Гэтыя рыкі, непрадстаўленні. Супрацоўнік міліцыі, лейтэнант, выконваў іх указанні. Ясна, што гэта не іх з сабой прывёў участковы, а яны прывялі яго з сабой.


Участковы перапісаў пашпартныя дадзеныя прысутных. Семярых даставілі ў міліцыю для праверкі дакументаў і ўстанаўлення асобы. “Як сказала кіраўніцтва Савецкага РУУС, нібыта паступіў званок, што ў офісе шум. Магчыма, бойка, — паведаміў Павел Левінаў. — І таму прыехалі і затрымалі гасцей нашай краіны. А таксама грамадзян Беларусі, у якіх не было дакументаў. У Алега Гулака пашпарт быў у прыпаркаванай машыне, якая знаходзілася ў 10 метрах ад уваходу ў будынак. Але яму не дазволілі ўзяць з машыны дакумент.


У замежнікаў бралі тлумачэнні пра мэты іх візіту ў Беларусь. І вынеслі папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Затрыманыя адмовіліся яго падпісваць. Каля 13.00 пачалі адпускаць грамадзян Беларусі. Грамадзян Украіны і Расіі вызвалілі праз тры гадзіны з моманту затрымання. І на міліцэйскай машыне адвезлі назад у офіс БНФ, дзе было вырашана працягнуць запланаванае мерапрыемства.


“Міліцыя займаецца не ўласцівымі ёй функцыямі. Частка міліцыі ператварылася ў жандарскі орган і вядзе палітычны вышук. Супрацоўнікі міліцыі вымушаны займацца барацьбой з іншадумцамі, — адзначыў Павел Левінаў.


“Гэта ўсё робіцца не ад вялікага розуму, — пракаментаваў інцыдэнт праваабаронца. — Ці ад нейкай бязвыхаднасці — магчыма, адчуваючы свой канец.

Каментаваць