Мінская восень патрыярха

Жнівеньскі 10-дзённы візіт Кірыла ва Украіну і вераснёўскі ў Беларусь адрозныя па характары. Паводле суладных каментараў з Расіі і Украіны, беларускі візіт чакаўся на фоне ўкраінскага як «выдатная магчымасць адпачыць», бо «ніякіх праблем у Беларусі ў Патрыярха не павінна было ўзнікнуць». Але гэтыя візіты сведчаць пра жаданне РПЦ стаць адкрытай навакольнаму свету.



Жнівеньскі 10-дзённы візіт Кірыла ва Украіну і вераснёўскі ў Беларусь адрозныя па характары. Паводле суладных каментараў з Расіі і Украіны, беларускі візіт чакаўся на фоне ўкраінскага як «выдатная магчымасць адпачыць», бо «ніякіх праблем у Беларусі ў Патрыярха не павінна было ўзнікнуць». Але гэтыя візіты сведчаць пра жаданне РПЦ стаць адкрытай навакольнаму свету.

У Беларусі хоць і дэкларавалася «сустрэча з аднадумцамі», візіт меў некалькі складаных і неадназначных павестак. На іх і будавалася інтрыга. Пералічым. Далейшае развіццё адносін беларускай дзяржавы і праваслаўнай царквы, так бы мовіць, у палітычнай сферы. Сустрэчы з вернікамі. Нарэшце, абмеркаванне — праз выказванні двух бакоў — далёкасяжнага плана Аляксандра Лукашэнкі яго пасярэдніцтва ў экуменічным дыялогу РПЦ і заходняга каталіцкага свету. Плана, ажыццяўленне якога абяцае адпаведныя практычныя дывідэнды ў выбарчым 2011 годзе.

Факталогія патрыяршага візіту вядомая нашым чытачам. Таму не будзем на ёй спыняцца. Тым больш, што на фоне аптымістычных прагнозаў ідылічнага візіту раптам высветлілася, што ў ацэнцы ўзаемаадносін царквы і дзяржавы беларускім прэзідэнтам і маскоўскім патрыярхам ёсць відавочныя адрозненні. І калі першы падчас асабістай сустрэчы 25 верасня падкрэсліў, заігрываючы з расійскай пасляпятроўскай традыцыяй, што «не зусім разумее, як можна такі вялікі інстытут, як царква, аддзяліць ад дзяржавы», то другі расставіў іншыя акцэнты. Ён настойваў на важнасці таго, каб «царква не атаясамлівала сябе з уладай, сілай, магутнасцю». Напэўна, каб Аляксандр Лукашэнка мог дазволіць сабе задаць пытанне наўпрост, ён бы ўдакладніў — не атаясамлівала з чыёй уладай? Бо нефармальная ўбудаванасць РПЦ у структуру сучаснага расійскага палітычнага пейзажа — сакрэт Палішынеля. Ці дарма вынікі папярэдняй сваёй місіі на Украіну Кірыл падрабязна абмяркоўваў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым?

Але патрыярх Кірыл, выказаўшыся пра месца, якое ён бачыць для Беларусі ў «праваслаўным свеце», у духу вядомай канцэпцыі кананічных тэрыторый РПЦ, гэта пытанне зняў сам. І новага ў плане геапалітычных і цывілізацыйных пабудоў у тэорыі і практыцы РПЦ у яго словах не прагучала: «Мы з вамі ўтвараем адзінае цывілізацыйнае грамадства: і рускія, і ўкраінцы, і беларусы, і малдаване — усе, хто належыць да адзінай РПЦ». Як быццам не было Кіева і Вільні, як не было імкнення да хрысціянскага яднання на нашай зямлі, што падмацоўвала раз за разам праекты уніі праваслаўных з іншымі хрысціянамі і прывяло да ўзнікнення грэка-каталіцкай царквы. Адзін з велічных храмаў якой, Успенскі сабор у Віцебску, адноўлены як належны РПЦ, і наведаў пазней патрыярх Кірыл.

Зразумела, што тэма адрознай гісторыі хрысціянства ў Беларусі падчас патрыяршага візіту заставалася табуяванай. І хаця народ «праваслаўнай краіны Беларусі» жыве на самым заходнім краі Святой Русі, судакранаючыся з «цывілізацыйнай мяжой Еўропы», яна, Беларусь, па словах найвышэйшага іерарха РПЦ, — частка праваслаўнага свету, «ніякі не мост і не шлюз». Таму і накірунак сувязяў, у развіцці якіх патрыярх гатовы спрыяць беларускаму прэзідэнту, не Захад—Усход, як у палітыцы, так і ў экуменічных кантактах пры пасярэдніцтве нашай краіны. Зусім не. «Царква заўжды гатова аказаць падтрымку ўмацаванню, развіццю саюза братэрскіх дзяржаў і аказаць спрыянне ў дыялогу беларускага кіраўніцтва з расійскімі ўладамі», — сцвердзіў патрыярх, сустракаючыся з Аляксандрам Рыгоравічам. Калі РПЦ не атаясамлівае сябе з уладай, то, відавочна, найперш з беларускай. Палітычныя інтарэсы Масквы ёй, зразумела, бліжэйшыя.

Так тэма арганізацыі Лукашэнкам экуменічнай сустрэчы, якая разглядалася беларускім бокам як адна з важнейшых, вылілася ў канфуз. «Я нічога не ведаю пра такія высілкі», — дэклараваў Кірыл яшчэ падчас сустрэчы ў аэрапорце, адказваючы на пытанні гатовых да ўдакладнення дэталяў інтрыгуючага сюжэта карэспандэнтаў. Ці не таму, закрануты за жывое, Аляксандр Лукашэнка не прысутнічаў на ўрачыстым пасяджэнні ў Палацы Рэспублікі, адразу пасля гутаркі з высокім маскоўскім госцем? А дарэмна. Ён не пачуў асабіста яшчэ аднаго знакавага паслання патрыярха Кірыла: «Сімвалам пакутаў Беларусі з’яўляюцца ўрочышча Курапаты пад Мінскам і вёска Хатынь».

Ці паўплывае гэты эпізод, як і словы Кірыла на сустрэчы з моладдзю ў Віцебску ўжо ў панядзелак («Я цалкам перакананы, што героем краіны не можа быць прагматычны палітык, жорсткі дзеяч ці тыран»), на адносіны беларускіх афіцыйных улад да таталітарнай спадчыны сталінізму? Важкі тэзіс, які б гучаў больш пераканаўча, каб у Курапатах паўстала праваслаўная капліца. А ў якасці нацыянальнага сімвала, «імя Беларусі», у выпадку правядзення апытання, моду на якія ў еўрапейскіх краінах завялі брытанцы, патрыярх на згаданай віцебскай сустрэчы назваў імя святой Ефрасінні Полацкай.

Зразумела, што пры поглядзе з Масквы нашымі сімваламі не бачацца Леў Сапега, Канстанцін Астрожскі ці Кастусь Каліноўскі. Не тую кананічную тэрыторыю яны адбудоўвалі ці не да той канфесіі схіляліся. Добра хоць, што для Расіі ў якасці герояў кіраўнік РПЦ не вылучыў Пятра Першага ці Івана Жахлівага. Упадабанні патрыярха Кірыла задаволіла абраная ў Расіі менш гістарычна спрэчная постаць Аляксандра Неўскага.

Ускосна імкненне «засталбіць» ролю Беларусі і яе кіраўніка ў магчымым міжканфесійным дыялогу адбілася ў «пасляслоў’і» да патрыяршага візіту прэзідэнцкага рупара — газеты «СБ». Выданне слова ў слова пераказала інфармацыю з афіцыйнага сайта беларускага касцёла http://catholic.by/ пра сустрэчу мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча з патрыярхам Кірылам падчас мерапрыемстваў у Палацы Рэспублікі: яны спаткаліся «як старыя знаёмыя, якія добра ведаюць адзін аднаго». Карэспандэнтка «СБ» адзначыла, што іерархі закранулі тэму візіту на папярэднім тыдні ў Ватыкан архіепіскапа Іларыёна, які меў аўдыенцыі ў Папы Бенедыкта XVI і яго атачэння.

Нарэшце, іншае выданне, «КП в Белоруссии», звярнула ўвагу на тое, што Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва, абвяшчаючы планы паездак Папы Бенедыкта XVI на 2010 год, апрача трох «узгодненых» візітаў у Вялікабрытанію, Мальту і Германію, падало звесткі пра чацвёрты верагодны — у Партугалію або Беларусь. Ці наспявае сенсацыя? Падобна, яна можа абмежавацца не толькі спробай самастойнай гульні Беларусі на тым полі, дзе яе не жадае бачыць РПЦ. Ужо падчас заканчэння візіту патрыярха ў Беларусь у Маскве прагучаў абсалютна недвухсэнсоўны каментар намесніка старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязяў МП іераманаха Філіпа (Рабых): «Адносіны паміж цэрквамі — пытанне рэлігійнае, якое не патрабуе пасярэдніцтва свецкіх сілаў». За патрыярха адкрытым тэкстам выказалася атачэнне.

Што яшчэ звярнула ўвагу падчас візіту патрыярха Кірыла? Хіба малая колькасць часу, адведзеная малітоўнаму жыццю, — у Мінску ўвогуле не адбылося ніводнай публічнай літургіі з яго ўдзелам. Але падчас выступу Кірыла ў Палацы Рэспублікі тыя, хто сачыў за ім, адзначылі ўменне патрыярха звяртацца і гаварыць на тэмы маральнасці і духоўнасці, апелюючы да беларускіх культурных каштоўнасцяў і знакавых імёнаў. Замест царкоўнай службы адбылася пропаведзь на плошчы. Як у выказванні пра Курапаты, патрыярх перахопліваў у беларускага прэзідэнта ініцыятыву сцвярджэння маральнасці ўлады. Добра падрыхтаваная ў рыторыцы духоўная ўлада перамагала ўладу свецкую.

Цытуючы Багдановіча і Быкава, прыгадваючы служэнне Скарыны царкоўнай асвеце народа, патрыярх казаў пра каштоўнасці самаахвярнасці, ўзаемадапамогі, сумлення, салідарнасці і братэрства, звязваючы іх з беларускай гістарычнай глебай. І дэкларуючы служэнне ім інстытутаў РПЦ. Робячы гэта больш гнутка і пераканаўча, чым пастыры ягонай царквы ў Беларусі. Але ж вельмі лёгка да ўзнёслых слоў дадаваўся знаёмы палітычны хваласпеў наконт стасункаў Беларусі і Расіі: «Даражыце гэтым саюзам, створаным у згодзе з народнай воляй, з нашай згодай, які бласлаўляецца Праваслаўнай Царквой!» Дык ці царква па-за палітыкай? Ці ўтульна Беларусі ў сяброўскіх абдымках? Можа, царкве больш выпадае бласлаўляць сяброўства і мір, чым палітычны саюз сумнеўнай раўнавартаснасці? Можа, камусьці пры гэтых словах патрыярха прыгадаўся сумнеўны падарунак, прывезены Барысам Ельцыным у Беларусь напрыканцы 1990 года — «Ахоўную грамату Оршы 1664 года», сведчанне страшнай вайны Масковіі супраць ВКЛ. Ці тое, што сярод «усіх палітыкаў і эліт», да якіх апеляваў патрыярх, прыхільнікаў «саюза» (не блытаць з сяброўствам) з Расіяй можа быць нават менш, чым па звестках чэрвеньскага апытання НІСЭПД, дзе іх 42,1% (41,4% — за ўваходжанне ў ЕС).

Патрыярх звяртаўся як чалавек царкоўны да свецкай аўдыторыі, імкнучыся пераканаць і быць зразумелым. Дэклараваў рух царквы да яе ўмацавання як інстытута маральнасці ў грамадстве. Ці здолее РПЦ пад кіраўніцтвам новага кіраўніка адрадзіцца як носьбіт хрысціянскага гуманізму, пераадолеўшы спадчыну пятроўскага дзяржаўнага закабалення царквы і катастрофы савецкіх гадоў, пакажа час. Ці інтарэсы паствы — у Расіі і ў Беларусі — уздымуцца над прыхаванымі за прыгожымі словамі міждзяржаўнымі разлікамі ды карпаратыўнымі інтарэсамі пастыраў? Тады вернікаў не давядзецца склікаць на сустрэчы з пастырам з выкарыстаннем школьных і інстытуцкіх настаўнікаў, як было гэтым разам.

А беларускай уладзе выступ патрыярха Кірыла дае наглядны ўрок. Не столькі гульня за кошт геапалітычных супрацьвагаў, колькі прыняцце і практычнае выкарыстанне сістэмы станоўчых маральных імператываў — сумленне, салідарнасць, братэрства — дапамогуць ёй усталяваць свой аўтарытэт у грамадстве. І пераадолець крызіс — як эканамічны, так і духоўны.

Каментаваць