Міражы лібералізацыі

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч на знак пратэсту супраць яго арышту трымаў галадоўку ў следчым ізалятары на Валадарскага дзевяноста адзін дзень. Хрыстос галадаў у пустыні сорак дзён дзеля роздуму, Аўтуховіч галадаў дзеля справядлівасці. Але пакуль яе не дамогся.

(На здымку: Мікалай Аўтуховіч)



Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч на знак пратэсту супраць яго арышту трымаў галадоўку ў следчым ізалятары на Валадарскага дзевяноста адзін дзень. Хрыстос галадаў у пустыні сорак дзён дзеля роздуму, Аўтуховіч галадаў дзеля справядлівасці. Але пакуль яе не дамогся.

(На здымку: Мікалай Аўтуховіч)


Па словах адваката Паўла Сапелкі, стан здароўя Аўтуховіча «крытычны». «Ён ужо дайшоў да таго, што кожны яго рух ці перамяшчэнне даюцца з сілаю і адгукаюцца слабасцю», — перадае словы адваката БелаПАН. Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку ў адказ на просьбы адваката. «Мне Аўтуховіч патрэбны як яшчэ адзін бок у судзе, бок абароны, — сказаў адвакат. — Справа ўжо падышла да таго моманту, калі трэба знаёміцца з ёй, выпрацоўваць пазіцыю абароны. У галадаючым стане Аўтуховіч паўнавартасна гэтага зрабіць не зможа».

Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка ў СІЗА ад 8 лютага. Аўтуховіч, патрабуючы перадачы справы ў суд або вызвалення пад падпіску аб нявыездзе, трымае галадоўку ад 16 красавіка. У адказ — працяг следства некалькі разоў, трансфармацыя абвінавачванняў. Справа пра падпал дома міліцыянта ў Ваўкавыску, якую многія праваабаронцы першапачаткова лічылі надуманай і палітычна матываванай, плаўна і нечакана перацякла ў падазрэнні ў тэрарызме. Цяпер Мікалаю Аўтуховічу інкрымінуюць падрыхтоўку замаху на кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама Уладзімера Саўчанку і намесніка міністра падаткаў і збораў Васіля Каменку. Таксама падазроным па гэтай справе праходзіць Аляксандр Ларын — былы работнік фірмы «Ніка-транс», якой калісьці кіраваў Мікалай Аўтуховіч.

Грамадзянская супольнасць, праваабаронцы, журналісты даўно б’юць у званы. Афіцыйная Еўропа, у якой улады Беларусі выгандлёўваюць за палітвязняў крэдыты і сяброўства, выказваюць сваю занепакоенасць і настойваюць на тэрміновым правядзенні адкрытага і справядлівага суда. Рэжым працягвае сваю палітыку набівання коштаў. На днях 28 палітычных і грамадскіх дзеячаў перадалі паслу Рэспублікі Польшча ў Беларусі Генрыку Літвіну ліст, у якім выказваюць занепакоенасць у сувязі з трохмесячнай галадоўкай Мікалая Аўтуховіча. Аўтары звароту адзначаюць, што жыццю Аўтуховіча, які паводле праваабаронцаў з’яўляецца палітвязнем, пагражае смяротная небяспека. Падпісанты ліста просяць спадара Літвіна давесці гэтую інфармацыю да прадстаўнікоў дыпламатычных місій іншых краін Еўрасаюза, каб паўплываць на беларускія ўлады і выратаваць жыццё Мікалая Аўтуховіча. Да прадпрымальніка яны звярталіся са словамі: «Спыніся галадаць, такім спосабам у Беларусі яшчэ ніхто нічога не дамогся».

Разам з тым пасол Генрык Літвін на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што «Польшча дзейнічае як сябар Еўрасаюза. І ў межах Еўрасаюза прымаюцца канкрэтныя рашэнні, ініцыятывы, якія сыходзяць з гуманітарнага пункту гледжання. Існуе строгі прынцып, што па справах, якія адносяцца да кампетэнцыі ЕС, каментары і тлумачэнні дае краіна, якая старшынствуе. Асобных ініцыятыў па гэтай справе ў Польшчы не было». Размаўляць пра справу Аўтуховіча спадар Літвін параіў з паслом Швецыі, краіны, якая цяпер кіруе ў Еўрасаюзе. На карце стаяла жыццё чалавека, а чыноўнікі гулялі ў бюракратыю.

Адной рукой аддаваць, другой — забіраць. Такі прынцып сённяшняй улады. Не паспеў выйсці на свабоду грамадзянін ЗША Эмануіл Зельцэр, як за краты трапіў Арцём Дубскі — удзельнік леташніх акцыяў пратэсту прадпрымальнікаў. 7 ліпеня суд Асіповіцкага раёна асудзіў моладзевага актывіста да года пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму. Кайданкі на хлопца надзелі ў залі суда. Дубскага абвінавацілі ў парушэнні артыкула 415 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — ухіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі. У красавіку 2008 года Арцём Дубскі разам з 14-цю актывістамі быў асуджаны па артыкуле 342 Крымінальнага Кодэкса за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Мінску. Сёлета міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Арцёма Дубскага і яшчэ 11 чалавек, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі па гэтай крымінальнай справе, вязнямі сумлення. Так, магчыма Дубскі парушаў рэжым «хатняй» хіміі. Але калі пачынаць спачатку, то вялікія пытанні ёсць да справядлівасці першага прысуду. Адзін нематываваны вырак нарадзіў другі. У чалавека скамечаны лёс, але ў рэжыму свае мэты і планы. Па схеме, якая вельмі нагадвае гандаль заложнікамі: спачатку набраць за краты людзей, пасля з выгодай для сябе іх «прадаць». Усё роўна ў цяперашняй Беларусі крайніх ніхто не знойдзе, ды і шукаць не будзе.

Арцём Дубскі


Еўропа патрабуе саступак, рэформаў: у эканоміцы, палітыцы, галіне СМІ. Гэтыя патрабаванні былі выказаныя і ў апошняй рэзалюцыі ПАСЕ па Беларусі. Можна ўявіць, колькі словаў вітання пачуе афіцыйны Мінск, калі праз некалькі месяцаў выпусціць на волю Дубскага, калі «злітуецца» з Аўтуховіча. І ніякай працы па паляпшэнню іміджу рабіць не трэба. Фабрыка па вытворчасці міражоў лібералізацыі працуе спраўна.

Каментаваць