Маўклівая рэвалюцыя

«Маё пакаленне стаіць па кутах, маё пакаленне не здолее пець», — спяваў Канстанцін Кінчаў. Зараз маё пакаленне не стаіць па кутах і пяе. Гэта выявілася на акцыі 22 чэрвеня.



«Маё пакаленне стаіць па кутах, маё пакаленне не здолее пець», — спяваў Канстанцін Кінчаў. Зараз маё пакаленне не стаіць па кутах і пяе. Гэта выявілася на акцыі 22 чэрвеня.

На гулянні «маўклівай рэвалюцыі» сабралася ад трох да пяці тысяч чалавек. Самай шматлікай стала акцыя ў цэнтры Мінска. Паводле розных ацэнак, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Яны планавалі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, аднак, як і ў мінулую сераду, за гадзіну да аб’яўленага пачатку акцыі (19.00) плошча была абнесена металічнымі турнікетамі і ачэплена міліцыяй. Турнікетамі была абнесена і плошча Свабоды.

Гэта нікому не перашкодзіла. Людзі хадзілі па вуліцах, пляскалі ў далоні. А міліцыя не магла нічога зрабіць. Па папярэдняй інфармацыі, затрымана было больш за 200 чалавек. Але што ім можна інкрымінаваць? Нічога. Хутчэй за ўсё, усе затрыманыя будуць адпушчаны «без складання пратаколаў». А тым, каму выпішуць штрафы, людзі скінуцца па сто рублёў, і гэтыя штрафы аплацяць.

Але ж наколькі ўлада баіцца такога маўклівага пратэсту! У Мінску цягнікі не спыняліся на станцыях метро Кастрычніцкая і Купалаўская. АМАП і міліцыянты выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы і праспекту Незалежнасці і потым масава і жорстка затрымлівалі на вуліцах Леніна, Энгельса, Няміга. Аўтазакі, міліцэйскія аўтобусы ездзілі па цэнтры сталіцы і рабілі зачыстку.

Але, зноў паўтаруся, гэта нікога не спыніла. Некалькі соцень чалавек пачалі рух ад вуліцы Камсамольскай у бок плошчы Незалежнасці. На супрацьлеглым баку міліцыя адціскала людзей ад Цэнтральнай кнігарні да Нямігі.

Калі хто памятае «Рэвалюцыю», якую ініцыяваў палітык Андрэй Клімаў, той можа параўнаць колькасць удзельнікаў. Гэтым разам народу было разы ў два больш. То бок, на вуліцы Мінска сапраўды вышлі тысячы людзей. Гэта — толькі на адну вуліцу, на вуліцу Леніна. А былі ж яшчэ і іншыя вуліцы. І іншыя гарады.

У Брэсце маўклівая акцыя пратэсту, якая выявіася ў прагулцы па горадзе, завяршылася на тым месцы, адкуль і пачалася. Людзі вярнуліся на скрыжаванне вуліц Пушкінскай і Маркса. У двухкіламетровай прагулцы ўдзельнічала каля 600 чалавек.

У цэнтры Магілёва 22 чэрвеня ўдзельнічала больш за 200 чалавек. Трапіць на плошчу Леніна ім не ўдалося. У выніку асноўная маса ўдзельнікаў акцыі, якіх было прыкметна больш, чым супрацоўнікаў міліцыі, сабралася ў скверы насупраць плошчы Леніна. Людзі сядзелі на лавах, стаялі, хадзілі, апладзіравалі машынам.

Усяго акцыі прайшлі больш чым у 40 гарадах краіны.

Усё ж такі сацыяльныя сеткі напужалі ўладу.



На сайце ГУУС Мінгарвыканкама 22 чэрвеня з’явілася папярэджанне, адрасаванае патэнцыйным удзельнікам «сацыяльных рэвалюцый», якія арганізуюцца праз інтэрнэт.

Яго аўтары называюць «рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» дурыкамі, якія «пачынаюць перарастаць з разраду дзіцячых нявінных свавольстваў у парушэнне беларускага заканадаўства з таго моманту, калі з віртуальнага свету яны перамясціліся ў свет рэальны».

У ГУУС адзначаюць, што з прававога пункту гледжання вынікі віртуальных заклікаў арганізатараў «сацыяльных рэвалюцый» — цалкам рэальнае, прамое парушэнне заканадаўства: «Арганізатары заклікаюць маўчаць ці мыкаць, тупаць ці пляскаць — для заканадаўства важны, у першую чаргу, сам факт арганізацыі падобных мерапрыемстваў».

Сталічная міліцыя папярэджвае, што беларускае заканадаўства арыентаванае на абарону законных правоў і інтарэсаў кожнага грамадзяніна, таму, калі паміж людзьмі ўзнікае канфлікт, закон абараняе таго, чые правы былі зняважаныя.

«Гэта ж тычыцца і грамадскіх адносін: калі ім прычынены ўрон, то закон проста АБАВЯЗАНЫ стаць на іх абарону, — падкрэсліваецца ў паведамленні ГУУС. — Такім жа прынцыпам кіруюцца і органы ўнутраных спраў, у чые непасрэдныя абавязкі ўваходзіць забеспячэнне ў краіне правапарадку і законнасці. І калі нечыя дзеянні скіраваныя на парушэнне закона, то прамым абавязкам праваахоўных органаў з’яўляецца супрацьдзеянне гэтым зламысным намерам».

Арганізатараў акцый у ГУУС называюць «правакатарамі», якія, «знаходзячыся за межамі нашай краіны, бударажаць моладзь і рознымі заклікамі правакуюць яе на масавае парушэнне заканадаўства».

«Урэшце правакатары ўжо ў адкрытую агучваюць сваю галоўную мэту — здзейсніць у Беларусі рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі, — адзначаецца ў паведамленні ГУУС. — Дарэмныя старанні — не пройдзе гэты нумар. Але… Якой бы недарэчнай ні выглядала гэта мэта, хтосьці можа і ўсур’ёз «клюнуць» на яўна злачынныя намеры! А наступным яго крокам могуць стаць і канкрэтныя дзеянні, якія цягнуць не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць».

Акрамя таго, 22 чэрвеня, але ўжо на старонцы ГУУС у «Твітэры», з’явіліся 11 неафіцыйных парад прэс-сакратара мінскай міліцыі патэнцыяльным удзельнікам «площчы» (стыль і арфаграфія захаваныя):

«1. Абавязкова (!) паведаміце бацькам куды ідзяце — каб яны ведалі, дзе вас шукаць у выпадку пападання ў міліцыю.

2. Абавязкова (!) вазьміце з сабой пашпарт — для паскарэння разгляду ў РУУС у выпадку вашага затрымання.

3. Алкагольнае ап’яненне — прыкмета, якая абцяжарвае віну, таму ні-ні перад «плошчэй».

4. Не бярыце з сабой незарэг. сімволікі, колюча-рэжучыя прадметы, якія могуць траўмаваць.

5. Не бярыце так усімі любімымі аб’ёмныя рукзакі — адразу прыцягнеце ўвагу СМ (супрацоўнікаў міліцыі) і яны правераць іх.

6. Не лезьце з распытваннямі да СМ і не замінайце ім — яны пры выкананні, закон за гэта сурова карае.

7. Улічыце, што здымкі на мабільныя тэлефоны могуць стаць прычынай канфліктнай сітуацыі.

8. Не паддавайцеся правакацыям — вы для арганізатараў «мяса», яны будуць вас штурхаць да парушэння законаў.

9. У Еўропе разганяюць вадамётамі, кулямі і газам. У Мінску — выцясняюць. Не даводзьце сітуацыю да «еўрапейскай»…

10. Калі вы на «плошчы» — то вы правапарушальнік, з усімі высновамі. Будзьце гатовыя да затрымання і штрафу паводле арт. 23.34 КоАП.

11. І апошняе. Калі адчуваеце пах «смажанага» — паведаміце мне ў твітэры ў DM ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, узрост, месцазнаходжанне: раптам дапамагу чым».

Здаецца, і міліцыя стала на бок «правакатараў». Інакш чаму б такія падрабязныя інструкцыі, нават з абяцаннем «дапамагчы»?

Чакаем наступнай серады...

Каментаваць