Мабільныя аператары не вытрымалі

Нягледзячы на адносную стабільнасць курсу долара, мабільны аператар Velcom зноў падвышае кошты для некаторых абанентаў. Але за апошні час гэта ўсяго толькі адзін гучна заяўлены факт падвышэння кошту паслуг сярод аператараў мабільнай сувязі.

Нягледзячы на адносную стабільнасць курсу долара, мабільны аператар Velcom зноў падвышае кошты для некаторых абанентаў. Але за апошні час гэта ўсяго толькі адзін гучна заяўлены факт падвышэння кошту паслуг сярод аператараў мабільнай сувязі.

Напрыклад, адносна малады і амбіцыйны аператар Life:), што пасля ўводу паслугі пераноснасці мабільнага нумару спадзяецца перацягнуць да сябе кліентаў сваіх канкурэнтаў, пайшоў цікавым шляхам: замест падвышэння коштаў старых прапаноў, увёў новыя, а падключэнне на старыя – закрыў. Да прыкладу, раней можна было атрымаць 3G-планшэт бясплатна, згадзіўшыся набываць па 5 гігабайт трафіку за 99 тысяч рублёў у месяц паўтары гады. Зараз жа патэнцыйным кліентам прапануецца троху ўдасканаленая версія таго ж планшэта, але ўжо пры ўмове набыцця 7 гігабайт трафіку і бясплатных SMS унутры сеткі па кошце 249 тысяч за кожныя 30 дзён.

Адзначыўся і буйнейшы GSM-аператар краіны, кампанія МТС. Кошт на безлімітны інтэрнэт падняўся адразу ў паўтары разы: замест 100 тысяч у месяц – 150. Прычым падвышэнне кошту не анансавалася публічна – пра гэта карыстальнікам паслугі паведамілі з дапамогай SMS, а на сайце кампаніі на гэты конт дагэтуль няма ніякай інфармацыі, акрамя, уласна, змененых лічбаў у тарыфах на паслугу.

Падвышэнне тарыфаў кампаніяй Velcom гэтым разам закране абанентаў тарыфных планаў BUSINESS.PRO, BUSINESS.PRO.WEB ды BUSINESS.PRO.Платиновый — для іх падаражэюць уваходныя званкі ў роўмінгу і міжнародныя званкі. Кампанія тлумачыць гэта павышэннем аптовых тарыфаў з боку РУП Белтэлекам.

Акрамя гэтага, на некаторых тарыфных планах зменіцца кошт некаторых дадатковых, разавых і спецыяльных паслуг. Памеры штомесячных плацяжоў за набытае ў растэрміноўку абсталяванне не зменяцца.

Кампанія Velcom абяцае апублікаваць новыя тарыфы 20 лютага. У мінулым годзе Velcom ужо падвышала тарыфы — 30 лістапада паслугі сувязі ад першага GSM-аператара Беларусі падаражэлі на 15%.

Каментаваць